Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысяча другая ноч


Іхны Гарун, ар-Рашыд, любіў літаратуру ня менш за нашага, Алеся. І літаратараў любіў таксама.

Ад першага дня свайго ўладараньня, якое пачалося 14 верасьня 786 году, ён зьбіраў вакол сябе пісьменьнікаў усіх жанраў і стыляў, з усіх саюзаў і ўсіх суполак — каб навучыць іх нарэшце, як добра пісаць і застацца пры гэтым жывымі. Навука, дагэтуль не асвоеная некаторымі ня надта разумнымі літаратарамі. Пісучага люду вакол Гаруна тусавалася так шмат, што часам даводзілася прарэджваць шчыльныя рады. Менавіта таму часы Гаруна ар-Рашыда ўвайшлі ў гісторыю як эпоха росквіту арабскамоўнай літаратуры: нішто так не спрыяе разьвіцьцю прыгожага пісьменства, як пазбаўленьне ад балясту і канструктыўная крытыка з вуснаў Уладара. Прынамсі, ведаеш, дзе ставіць кропку... І выбіраеш паміж кухняй і казкай.

А яшчэ каліф любіў лічбу сямнаццаць. Напрыклад, у яго было сямнаццаць любімых жонак (і разоў у дзесяць больш нялюбых). А калі ягоны візыр задумаў напісаць вялікі раман пра тое, як супраць Гаруна ўсчынаецца змова, каліф загадаў парэзаць яго на сямнаццаць разьдзелаў... Не раман, вядома, а аўтара. І кожную з частак пакласьці на адным з мастоў сваёй сталіцы — каб даць усім раманістам і візырам урок кампазыцыі.

І ўласны майн кампф ён таксама вёў, прычым досыць пасьпяхова. За ягонымі часамі хрысьціянам і юдэям было загадана насіць сьмешныя шапкі, падпяразвацца вяроўкамі і езьдзіць выключна на аслах (ніякіх коней!). Нехта скажа: сэгрэгацыя, дыскрымінацыя... Нічога падобнага. Літаратурны твор, увасоблены ў жыцьцё. Чысты ідэалізм. І прага справядлівасьці.

Калі Гарун даслаў Карлу Вялікаму статуэтку белага слана, кароль франкаў зарагатаў і прасіў перадаць каліфу, што такіх недарэчных жывёлаў на сьвеце не бывае. Каліф абурыўся і даслаў Карлу жывога элефанта. Адзінага белага, якога меў пры двары. Каб ведалі, у чым сіла імпэрыі.

Што ён не любіў, дык гэта Багдад. Той самы, па вуліцах якога, пераапрануўшы каліфа ў дэрвіша, яго паслала на начныя шпацыры народная творчасьць. І Багдад адказваў Гаруну ўзаемнасьцю. Яго тут ненавідзелі: за жорсткасьць, самадурства і пыху — як толькі можа горад ненавідзець гарадавога.

Такім ён быў у сапраўднасьці. Але...

Нехта зь філёзафаў напісаў пра міт, што ён агрэсіўны ў дачыненьні да рэальнасьці: калектыўнае несьвядомае заўжды перамагае і падмяняе мітам нават дакладна вядомыя факты — бо патрэба ў міце значна вышэйшая. Бяз «Тысячы і адной ночы» пражыць цяжка, а вось бяз тысячы і адной праўды — можна. Не яны вызначаюць быцьцё — а для літаратуры дык і наагул шкодныя. Асабліва ў заходнім пераказе: тут, на Захадзе, заўжды цанілі арнамэнт, а хто там шыў раскошны дыван: дзеці з Бангладэш або вязьні кітайскіх турмаў — якая розьніца...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG