Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пудзіла для інвэстараў


Арышт беларускімі спэцслужбамі генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра і абвяшчэньне ў міжнародны вышук шэрагу топ-мэнэджэраў, уключна з галоўным акцыянэрам Сулейманам Керымавым, насьцярожылі многіх патэнцыйных інвэстараў. Выявілася, што ніякія абяцаньні спрыяньня бізнэсу не ўратуюць ад турмы, калі трапіш у няласку да вышэйшага кіраўніцтва краіны.

Дзелавыя людзі лічаць за лепшае ўзяць паўзу ў кантактах зь беларускімі партнэрамі. 10 верасьня генэральны дырэктар расейскага аўтавытворцы КамАЗ з Набярэжных Чаўноў Сяргей Кагогін заявіў журналістам, што сытуацыя вакол «Уралкалія» можа стаць істотнай перашкодай на шляху да аб’яднаньня КамаЗа і МАЗа: «Пасьля падзеяў, зьвязаных з затрыманьнем кіраўніка „Ўралкалія“ Баўмгертнэра, я ў Беларусь ня ежджу», — сказаў ён.

Амэрыканскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Марат Новікаў перакананы: каб летась прыехаў у Менск на публічнае «раскулачваньне» кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак», стратэгічным акцыянэрам якіх ён быў, то сеў бы ў «амэрыканку» задоўга да Баўмгертнэра. Спадар Новікаў лічыць, што калі хтосьці з сур’ёзных прадпрымальнікаў і хацеў прыйсьці на беларускі рынак, то цяпер імпэту відавочна паменела:

Марат Новікаў
Марат Новікаў
«А вы вазьміце і сябе пастаўце на гэтае месца. Ці будзе ў вас жаданьне ўкласьці хоць даляр, калі заўтра нехта прыйдзе і яго забярэ, сказаўшы, што няправільна асвоілі? Ніхто ж проста не застрахаваны! Кажуць, што 15 гадоў таму мы няправільна прыватызавалі. Прабачце, але ж фабрыка да гэтага ніякіх адносінаў ня мае! Прыватызавала дзяржава, памылак нарабіла дзяржава, пры чым тут фабрыка? Акцыянэры, ідучы насустрач дзяржаве, як любіць гаварыць кіраўнік краіны, каб падставіць плячо ў цяжкую хвіліну, сказалі: паглядзіце, якія ў нас прыбыткі, давайце паправім становішча, калі ўжо вашы чыноўнікі памыліліся; давайце выкупім акцыі, перададзім вам, і будзе ў вас блякуючы пакет акцыяў. Бяз вас у прынцыпе ніхто нічога ня зробіць. Але, ведаеце, у мяне ўвогуле ўражаньне, што гэта адмыслова нехта робіць. Бывае ж так: лісьлівяць у твар, а нож заносяць у сьпіну. Дык вось уражаньне, што нехта спэцыяльна гэта правакуе. Бо мы сваёй працай, сваім эканамічным разьвіцьцём на прадпрыемствах стваралі такую абстаноўку, што ў нас не было ні тых, хто тупае, ні тых, хто ў ладкі пляскае. Людзі былі задаволеныя».

З ініцыятывы беларускага боку згорнутыя шмат якія разрэклямаваныя бізнэс-праекты. Так, расейская кампанія «Ітэра» летась выкрасьленая са сьпісу забудоўшчыкаў дзелавога цэнтру «Менск-Сіці» на месцы старога лётнішча. Аргумэнты расейскага боку — маўляў, ва ўмовах трохразовага абвалу рубля пачынаць працы ў 2011 годзе было немагчыма — былі рашуча адкінутыя, і дамову з інвэстарам скасавалі. У выніку «Сіці» замарожаны на ўзроўні праекту.

Не адмовіўся ад ідэі спагнаць зь Менгарвыканкаму ўкладзеныя сродкі літоўскі бізнэсовец Уладзімер Раманаў. Згодна з двухбаковым пагадненьнем інвэстар браўся рэканструяваць у адпаведнасьці са стандартамі UEFA футбольны стадыён «Трактар», збудаваць гандлёвы і культурны комплекс, два гатэлі і офісныя будынкі. Аднак супрацоўніцтва загрузла на этапе бюракратычных узгадненьняў, і, патраціўшы на пачатковым этапе 30 мільёнаў даляраў, Раманаў хоча вярнуць прынамсі гэтыя грошы.

Ня ўсё склалася і ў адносінах з арабскім сьветам, на які доўгі час разьлічваюць беларускія ўлады. Селёта на загад Лукашэнкі ануляваная інвэстыцыйная дамова з Аманам, кампаніі якога браліся збудаваць шматфункцыянальны гатэльны комплекс на месцы выставачнага цэнтру, 2-га клінічнага шпіталя ды іншых будынкаў у самым цэнтры сталіцы. Але нават атрымаўшы ў абыход аўкцыёну ласы кавалак зямлі ўсяго за 10 мільёнаў даляраў, арабы вырашылі дачасна ўцячы зь Беларусі.

10 гадоў таму пры ўдзеле Міністэрства інфармацыі зь Беларусі выжылі заснавальніка «Альфа Радыё» Сяргея Кузіна. Цяпер ён адзін з найбольш уплывовых прадстаўнікоў мэдыйнай прасторы ва Ўкраіне. Ягонаму холдынгу «Тавр Медіа» ня раз прапаноўвалі ўвайсьці ў беларускі рынак. Між тым, як кажа Сяргей, пэрспэктыва паходаў на інструктаж у Мінінфармацыі і немагчымасьць фармаваць самастойную палітыку радыёвяшчаньня робіць такія прапановы непрымальнымі. Да таго ж, удакладняе ён, беларускі рынак аб’ектыўна нецікавы для сур’ёзных праектаў:

Сяргей Кузін
Сяргей Кузін
«Вось ужо і „Альфа“ прапануе супрацу. Атрымаў прапанову, на якую адказаў адназначна: хлопцы, выводзьце актывы ў „залатую акцыю“, давайце разьбірайцеся са мной, і яшчэ тут шэсьць чалавек ёсьць, якія колісь на „Альфе“ працавалі. Гэта вы цяпер пакладзістыя, а тады былі вельмі крутыя, калі вам намесьнік міністра інфармацыі Булацкі расчышчаў дарогу. Мяне ж зь Беларусі як выкідалі? Пры канцы сьнежня 2003-га я прыйшоў на працу і быў пастаўлены перад фактам, што мае партнэры на чале з Урыўскім без усялякіх кансультацыяў перадалі свой пакет акцыяў у Міністэрства інфармацыі. Я заходжу да сябе, а там ужо сядзіць „начальнік бэнзакалёнкі“ Стралкоўскі з Гомеля. Кажу: ты хоць тэлефонам умееш карыстацца — прыехаў радыё кіраваць? Карацей, на гэтым усё скончылася, і вось праз 10 гадоў яны пазванілі. Але мы тут палічылі — не, нецікава. З многіх прычын, нават ня толькі палітычных. Проста нецікава. Рынку няма зусім! І я выдатна разумею: справа ня столькі ў гэтых людзях, колькі ў сытуацыі, якая пануе навокал».

Кандыдат эканамічных навук, экс-кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка мяркуе, што гісторыя з арыштам Уладзіслава Баўмгертнэра будзе для беларускіх уладаў ня толькі ўдарам па іміджы, але і абернецца рэальнымі стратамі ў выглядзе скасаваных кантрактаў і нежаданьня супрацоўнічаць зь непрадказальным рэжымам:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
«Я пастаянна кажу: вельмі шкада, што так атрымліваецца. Я заўсёды гатовы дапамагчы Беларусі, маючы на тое паўнамоцтвы і давер шэрагу замежных інвэстараў. Каб да нас прыслухоўваліся, каб успрымалі як роўных. Але ж, як кажа Лукашэнка, мы дурні, жулікі, адшчапенцы. Ну якія ж мы адшчапенцы, калі я, прабачце, ня дурань па адукацыі? Мы грамадзяне, нарадзіліся ў гэтай краіне. І падобныя эмоцыі, якія прысутнічаюць, проста недапушчальныя. Яны прыніжаюць іншых людзей, а для замежнікаў гэта ўвогуле дзікунства. Хтосьці можа і адшчапенец, ня ведаю. Ну дык калі „жульлё“, то ёсьць парадак — суд, правільна? Хай суд вызначае — вінаваты, не вінаваты. Але нават суд ня мае права назваць бандытам ці адшчапенцам. Гэта калгасны мэтад. У калгасе „Шлях да камунізму“ так можна назваць трактарыста. І то потым выбачыцца, сказаць: Іванавіч, ты мяне вывеў, быў п’яны на трактары, дык я цябе назваў дурнем. Але называць людзей на пэўным узроўні, пры палажэньні адшчапенцамі, жулікамі і г.д. катэгарычна нельга».

Летась Міністэрства эканомікі заяўляла, што разьлічвае прыцягнуць у 2013 годзе наўпроставых замежных інвэстыцый у памеры 4,5 мільярда даляраў. Сёлета лічба была адкарэктаваная да 2 мільярдаў. Пры тым, што за мінулы год удалося здабыць 1,5 мільярда.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG