Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выгнаныя з хатаў цыганы сустрэнуць «Дажынкі» ў шатрах


Разбураная хата Сяргея Рушнякова ў Лебядзёўцы
Разбураная хата Сяргея Рушнякова ў Лебядзёўцы
Пра гвалтоўнае высяленьне цыганоў з прычыны рэспубліканскіх «Дажынак» з прыгараднай жлобінскай вёскі мы апавядалі 5 жніўня. Сем непрэзэнтабэльных хатаў, якія цыганы самавольна пабудавалі чвэрць стагодзьдзя таму, мясцовыя ўлады разбурылі і цяпер закопваюць у дол. Цыганскія сем’і змушаны шукаць сабе прытулку па ўсёй Гомельшчыне. Некаторыя зь іх наважаны ставіць на месцы разбураных сялібаў цыганскія шатры.

Цыган сярэдняга веку, які страціў сваё жытло, з жалем кажа:

«Дзе прыйдзецца, там і будзем жыць — а што рабіць? Мы жылі тут дваццаць пяць гадоў. Мы пачалі хадзіць і зьбіраць на пабудовы дакумэнты. І куды гэта варта — прыехалі й пачалі бурыць!»

Пэнсіянэр з працоўным стажам Сяргей Рушнякоў кажа, што, страціўшы ўласную хату, знайшоў прытулак у вёсцы Беліца, прыкладна за 10 кілямэтраў ад Жлобіну:

«Мне далі два дні, каб выселіцца з дому. Цягам двух дзён. Мы тут жылі дваццаць пяць гадоў — і ўсё было нармальна. Гэта з-за „Дажынак“».

72-гадовая спадарыня Тамара, чый дом разбурылі й закапалі ў зямлю адным зь першых, кажа, што перабралася да сваякоў. Але наважана ставіць шацёр на месцы зьнесенай хаты. А суседзі яе падаліся хто куды:

«Непадалёк жыла жанчына, хварэла на цукровую хваробу. У яе двое дзяцей, муж — калека. Дык яны мусілі ехаць у нейкую вёску Іванаўка, недзе пад Гомель. А тут яшчэ ў нас старая была. Яна, бедненькая пэнсіянэрка, сабрала свае лахі, пакінула ў цыганоў, каб ляжалі, і ня ведаю куды пайшла».

Віта Еўдакімава, чый дом таксама разбураны, ня можа стрымаць крыўду:
Лічыце, як расстралялі людзей. На вуліцу выгналі насупраць зімы!

«Калі мы цыганы, дык мы сабакі? Ня людзі? Нельга так рабіць! Дзяцей трэба выпраўляць у школу, а нас выселілі. Яны правільна паступілі? Няправільна! Абышліся як са сьвіньнямі. У вайну так не рабілі. Лічыце, як расстралялі людзей. На вуліцу выгналі насупраць зімы! Яны бульбу сеялі, гарод мелі, а зараз нічога няма. Людзі засталіся паміж небам і зямлёю».

Намесьнік старшыні райвыканкаму ў пытаньнях будаўніцтва адмовіўся даваць хоць які камэнтар наконт гвалтоўнага высяленьня цыганоў зь Лебядзёўкі без аніякай матэрыяльнай кампэнсацыі, ня даўшы ніякага жытла ўзамен разбуранага:

«Ні на якія пытаньні адказваць ня буду. Калі хочаце, падавайце афіцыйны запыт, і будзем афіцыйна даваць адказ».

Лідэр беларускай цыганскай дыяспары Алег Казлоўскі паведаміў, што жлобінскія цыганы па дапамогу ў грамадзкую арганізацыю не зьвярталіся.

«Незаконна разбурылі дамы — такога быць ня можа ў нашай краіне, я так разумею. Калі ёсьць такое, прымем меры. Спачатку жлобінскі барон даведаецца ў мясцовых уладаў, што і як. Потым з подпісамі зьвернецца да мяне. Пасьля гэтага я й пачну дзейнічаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG