Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка стварыў яшчэ адну «Беларускую калійную кампанію»

абноўлена

Экспартнымі пастаўкамі калійных угнаеньняў будзе займацца новая структура, — ААТ «Беларуская калійная кампанія». Падзею камэнтуюць экспэрты.

Адпаведны ўказ кіраўнік Беларусі падпісаў 5 верасьня.

Дзеля стабільнай працы "Беларуськалій" з 1 верасьня па 31 сьнежня ня будзе плаціць вывазнога мыта на калійныя ўгнаеньні, а таксама будзе мець іншыя льготы.

Новая кампанія будзе мець такую ж назву, як і створаная раней сумесна з Расеяй ЗАТ «Беларуская калійная кампанія».

Старшыня назіральнай рады ЗАТ «БКК», гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр цяпер утрымліваецца ў СІЗА КДБ у Менску. Яго затрымалі 26 жніўня ў Менску пасьля перамоваў з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам. Супраць Баўмгертнэра заведзеная крымінальная справа за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Новай кампаніі — ААТ «Беларуская калійная кампанія» — дадзена выключнае права займацца ўсімі экспартнымі пастаўкамі беларускіх калійных угнаеньняў.

Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта, «гэта дазволіць захаваць за Рэспублікай Беларусь добра вядомы на ўсясьветным рынку брэнд, зэканоміць час і рэсурсы для арганізацыі ўласнага трэйдэра і дазаволіць спаўна скарыстацца напрацоўкамі ЗАТ „БКК“ у справе наладжваньня кантактаў з спажыўцамі і каналаў збыту».

Аснову кадраў складуць беларускія спэцыялісты ЗАТ «БКК».


Маненак: «БКК» запрацуе з чыстага ліста, без расейцаў


Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
Экспэрт у нафтагазавай галіне, эканамічны аглядальнік тыднёвіка «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак ня лічыць стварэньне ў Беларусі ААТ «Беларуская калійная кампанія» нейкім наступам на расейскі бок. Паводле Манёнак, з-за цяперашняга зацягнутага калійнага крызісу няма хуткай працэдуры выхаду з ранейшай «Беларускай калійнай кампаніі», дзе ёсьць расейскія акцыянэры.

«Таму створана такая кампанія, якая павінна запрацаваць з чыстага ліста. Ільготы дадзеныя — ствараюцца ўмовы, каб яна была больш канкурэтнай у гэтай прынцыпова новай сытуацыі на калійным рынку. Цяпер галоўным правілам на гэтым рынку будуць аб’ёмы, а ня цэны. Таму трэба ўмець канкураваць, працаваць эфэктыўна, хутка, дынамічна. Тым больш, што Беларусі ці гэтай кампаніі цяпер давядзецца ствараць сваю тавараправодную сетку. Бо ў ЗАТ БКК асноўныя ключавыя пазыцыі займалі расейскія мэнэджары і яны звольніліся. Таму цяпер стаіць вельмі складаная задача — вельмі хутка гэта трэба зрабіць. А патрэбныя прафэсіяналы, вопыт, напрацоўкі і гэтак далей. І вось ствараецца пэўная глеба, каб гэтая кампанія запрацавала, каб ня мела тых грахоў, якія былі ў нядаўнім мінулым. Маю на ўвазе гэты развод, які юрыдычна яшчэ не адбыўся. Іншая справа, што гэтая кампанія павінна ўмець канкураваць у гэтай сытуацыі, працаваць гнутка, апярэджваць канкурэнтаў. Інакш будзем на абочыне».

Мусіенка: Гэта адна з формаў разводу


Сяргей Мусіенка
Сяргей Мусіенка
Кіраўнік аналітычнага цэнтра EcooM Сяргей Мусіенка мяркуе, што стварэньне новай кампаніі беларускім бокам — ААТ «Беларуская калійная кампанія» — гэта апора на ўласныя інтарэсы, уменьне працаваць самастойна.

«Там жа ня ўсё так проста з разводам. Гэта як у сям’і. То бок заява Баўмгертнэра пра тое, што „мы выходзім“, гэта падобна на заяву нейкага мужа, якія кідае жонку зь дзіцем і кватэрай, забірае машыну і тое, што яму падабаецца. То бок павінна быць нейкая цывілізаваная форма разводу. Жыцьцё не стаіць на месцы. Пакуль будзе гэты падзел маёмасьці, трэба ствараць новую кампанію, якая зоймецца продажам калію.

Ведаеце, гэта адна з формаў разводу. З гэтага трэба было пачынаць, а не рабіць „Уралкалію“ гучныя заявы пра выхад з кампаніі, абвальваць рынак на 20 мільярдаў. Трэба было пачаць з цывілізаванага разводу. Адна зь яго формаў — гэта стварэньне паралельнай структуры, якая лягістычныя схемы закрые на сабе. Натуральна, спакойна зрабіць не абвальваючы рынак.

Вы ведаеце, што дзяржава жыве, пакуль умее хутка рэагаваць на выклік. Калі рэакцыя запозьненая ці няправільная, то ўзьнікаюць вялікія праблемы. Вось мы бачым рэакцыю дзяржавы на выклік».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG