Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец прэзэнтаваў кнігу пра перакулены сьвет


У менскай кнігарні «Логвінаў» прэзэнтавалі кнігу эсэ журналіста Радыё Свабода Сяргея Дубаўца.

Кніга называецца «Errata: як што называецца, так і адбываецца». У ёй аўтар разважае пра тое, як падмены назваў і сэнсаў уплываюць на сьвядомасьць і рэчаіснасьць беларусаў, аналізуе абсурдныя павороты лёсу краіны, якія, на яго думку, пачынаюцца менавіта на вэрбальным узроўні. Кніга надрукаваная ў выдавецтве Ігара Логвінава і выйшла ў сэрыі «Беларускі калегіюм».

Каардынатар сэрыі, філёзаф Алесь Анціпенка адзанчыў, што для таго, каб заўважыць складаныя працэсы ў грамадзтве, патрэбны літаратар, які бачыць працэс збоку. Менавіта такім літаратарам ёсьць Сяргей Дубавец.

«Сяргей — выдатны стыліст, таму ў мяне як у рэдактара яго кнігі працы было няшмат, але я зразумеў, што Сяргей піша пра важныя рэчы, канцэптуальна выбудоўвае іх у адзінае цэлае. А пасьля робіць цікавыя высновы».

Алесь Анціпенка адзначыў, што, нягледзячы на тое, што «Errata», як і іншыя кнігі сэрыі, выйшла даволі тонкай, гэта не памяншае яе значнасьці:

«Адмыслова быў абраны такі фармат, каб аўтары выбралі толькі самае важнае і цікавае. Такі жорскі адбор твораў. Чытаць тоўстыя кнігі зараз ні ў каго няма часу, хіба што толькі калі сядзіш за кратамі», — пажартаваў Алесь Анціпенка.

«Errata» перакладаецца з лацінскай мовы як «памылка друку». Так называлі й аркушы-ўкладышы, на якіх раней пазначалі прапушчаныя і пазьней заўважаныя памылкі і ўкладалі ў выданьне, калі кніга друкавалася высокім друкам.

Сяргей Дубавец падкрэсьліў, што асноўная ідэя «Errata» — тое, як адбываецца, так і павінна называцца. Празь няправільнае называньне рэчаў і працэсаў беларусы апынуліся ў перакуленым дагары нагамі сьвеце. Пра гэты сьвет — яго кніга.

Павіншаваць Сяргея Дубаўца з выхадам кнігі прыйшлі філёзаф Валянцін Акудовіч, літаратары Альгерд Бахарэвіч, Ганна Кісьліцына, Лявон Баршчэўскі, культуроляг Сяргей Харэўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG