Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё прыйшло на Зямлю з Марсу?


Такую гіпотэзу выказаў амэрыканскі дасьледнік з флярыдзкага інстытуту навукі і тэхналёгій Стывэн Бэнэр.

Тэорыя Бэнэра заснаваная на рэтрааналізе геалёгіі Марса. Тры мільярды гатоў таму, калі на Зямлі зарадзілася жыцьцё, на Марсе было шмат бору і малібдэну — хімічных элемэнтаў, якія патрэбныя для фармаваньня РНК (рыбанукляінавай кіслаты) — зародку і асновы жывых утварэньняў. Пры гэтым пры тагачаснай канцэнтрацыі кіслароду на Зямлі прыдатныя для зараджэньня жыцьця хімічныя формы малібдэну проста не маглі ўзьнікнуць, тлумачыць навукоўца. Да таго ж і вада, якая пакрывала тады Зямлю, не давала магчымасьці забясьпечыць належную канцэнтрацыю бору. А бяз гэтых элемэнтаў з таго хімічнага булёну, які існаваў на паверхні нашай плянэты, не магло ўзьнікнуць нічога, акрамя смалы і нафты.

«Так што на самой справе ўсе мы — марсіяне, — кажа доктар Бэнэр. — Жыцьцё зарадзілася на Марсе і потым патрапіла на Зямлю».

Паводле яго, перанос адбыўся праз вульканічныя вывяржэньні на Марсе і мэтэарыты. Ён падкрэсьлівае, што перанос адбываецца ўвесь час, адбываецца ён і цяпер, кіляграмы часьцінак з Марсу штотыдзень далятаюць да Зямлі.

Праўда, цяпер сьлядоў жыцьця на Марсе не знаходзіцца. Паводле Бэнэра, Марс 3 мільярды гадоў таму быў больш прыдатны для ўзьнікненьня жыцьця, а Зямля — для яго захаваньня. «Нам пашанцавала, — кажа ён. — Калі б нашы продкі — марсіянскія протаарганізмы — заставаліся на Марсе, нам, магчыма, не было б пра што распавядаць».

Тэорыя, што жыцьцё насамрэч зарадзілася на Марсе, не зьяўляецца абсалютна новай. Нядаўні аналіз марсіянскай глебы, зроблены амэрыканскім касьмічным агенцтвам NASA, паказвае, што канцэнтрацыя серы, азоту, вадароду і кіслароду на Марсе дастатковая, каб падтрымліваць жывыя арганізмы.

Аднак далёка ня ўсе навукоўцы падтрымліваюць гіпотэзу Бэнэра. Многія называюць яе праўдападобнай, дадаючы, што ўсё ж ня менш праўдападобная традыцыйная тэорыя, што зямное жыцьцё на Зямлі і ўзьнікла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG