Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паснова будуць трымаць у псыхбальніцы «да паляпшэньня стану»


Ігар Пасноў
Ігар Пасноў

Ігар Пасноў сёньня падпісаў касацыйную скаргу супраць прымусовага псыхіятрычнага лячэньня.

Да віцебскага лекара Ігара Паснова, якога прымусова лечаць у псыхіятрычным шпіталі, сёньня ўпершыню пусьцілі праваабаронцаў, а таксама адваката, які напісаў касацыйную скаргу на рашэньне суду Віцебскага раёну.

Ігар Пасноў сёньня падпісаў касацыйную скаргу супраць прымусовага псыхіятрычнага лячэньня, складзеную адвакатам, якога дапусьцілі да яго. Раней судзьдзя Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцярова санкцыянавала прымусовае псыхіятрычнае лячэньне віцебскага лекара, які крытыкаваў дзейнасьць мясцовых установаў аховы здароўя.

Паснову сёньня дазволілі таксама сустрэцца з віцебскімі праваабаронцамі Паўлам Левінавым і Пятром Івановым.

Пётар Іваноў апавёў Свабодзе, што Пасноў выглядае добра, прымаў наведнікаў у добрым настроі, але мэдработнікаў ён ігнаруе на знак пратэсту супраць прымусовага лячэньня:

«Выглядае добра, паголены, акуратны, спакойны. Ён кажа, што яго ўжо 5 дзён лечаць прымусова. І нам пацьвердзілі, што лечаць нейкімі дарагімі прэпаратамі. Апавёў нам, што яму не прапаноўвалі прайсьці абсьледаваньне і лячэньне добраахвотна, адразу — прымусова. Ён там піша шмат скаргаў, і яму тры дні не давалі кнігу скаргаў і прапановаў, а гэта ўжо парушэньне закону. Кніга скаргаў і прапановаў павінна выдавацца на першае патрабаваньне».

Пад час суду ў Ігара Паснова не было магчымасьці ні трапіць на працэс, ні зьвязацца з адвакатам, каб той прадстаўляў ягоныя інтарэсы. Былыя калегі, зь якімі разам ён раней працаваў у тым самым віцебскім абласным псыхіятрычным шпіталі, цяпер ставяць яму дыягназ «хранічнае расстройства з трызьненьнем».

Пэрспэктывы лячэньня няясныя, кажа Пётар Іваноў. Лекары сказалі яму, што Ігар Пасноў выйдзе з псыхіятрычнага шпіталя толькі тады, калі будзе заўважана станоўчая дынаміка:

Пётар Іваноў
Пётар Іваноў
«Галоўны лекар сказала, што як яны толькі заўважаць станоўчую дынаміку, дык адразу будуць хадайнічаць, каб прымусовае лячэньне адмяніць. Як толькі заўважаць паляпшэньне, дык і зьвернуцца з такой прапановай. А ўвогуле галоўны лекар Алена Мартынава раптам прадэманстравала дужа добрае стаўленьне да праваабаронцаў, усе ранейшыя перашкоды пачалі зьнікаць».

Ня выключана, што на сытуацыю з Пасновым паўплывала рэакцыя грамадзкасьці. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з адмысловай заявай адносна жыхара Віцебску Ігара Паснова, прымусова зьмешчанага ў псыхіятрычную лякарню.

У заяве згадана, што Ігар Пасноў выступаў з крытыкай віцебскіх уладаў, у тым ліку і адносна міліцэйскага псыхіятрычнага тэставаньня бяздомных. А дзяржава павінна несьці «асаблівую адказнасьць за абарону свабоды выказваньняў і меркаваньняў», ствараць «магчымасьць актыўна абмяркоўваць грамадзкіх дзеячаў і ўстановы».

«Ігар Пасноў, ня выключана, быў незаконна затрыманы ў сувязі зь яго законнай крытыкай сыстэмы аховы здароўя ў Віцебскай вобласьці, і калі так, дык Amnesty International будзе лічыць яго вязьнем сумленьня», — сказана ў заяве.

Віцебскія дэмакратычныя актывісты лічаць, што грамадзкая падтрымка Ігару Паснову вельмі патрэбная. І што ў ягонай сытуацыі можа апынуцца кожны, хто наважыцца крытыкаваць кіраўніцтва ці ўлады, лічыць віцебскі каардынатар руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў:

Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў
«Калі нават чалавека хапаюць на вуліцы і ў нечым вінавацяць, у яго ёсьць магчымасьць апраўдацца ў судзе! А ў Паснова такой магчымасьці няма, яго „зачынілі“ ў „псыхушку“! Зьявілася новая хваля рэпрэсіяў, як пры камуністычным рэжыме — калі іншадумцаў кідалі ў „псыхушку“, ледзьве ты толькі пакрытыкаваў улады. Раз пайшла такая хваля, значыць, вяртаецца тая рэпрэсіўная машына, і на гэта трэба зьвяртаць увагу грамадзкасьці!»

Прадстаўнікі руху «За свабоду», прыхільнікі сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», сябры партыі БНФ і кампаніі «Гавары праўду» падрыхтавалі заяўкі на вулічныя акцыі салідарнасьці зь Ігарам Пасновым. І нават калі гэта ня будзе дазволена, мясцовыя ўлады мусяць ведаць, што пратэстныя сілы ёсьць, што ёсьць салідарнасьць і што маўчаць у адказ на гвалт людзей не прымусіш, лічаць актывісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG