Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Са статусам палітвязьня сядзець у турме ўдвая цяжэй»


Зьміцер Дашкевіч на лаве падсудных, 22 сакавіка 2011
Зьміцер Дашкевіч на лаве падсудных, 22 сакавіка 2011

28 жніўня павінен выйсьці з гарадзенскай «крытай» турмы на волю палітвязень Зьміцер Дашкевіч. Замест двух гадоў пазбаўленьня волі, на якія ён быў асуджаны, Зьміцер адбыў за кратамі 2 гады і 9 месяцаў. Што адчуваюць вязьні, калі застаецца некалькі дзён да свабоды, пра што думаюць, чаго баяцца, на што спадзяюцца?

Бальшыню палітвязьняў, якіх асудзілі за падзеі 19 сьнежня 2010 году на 3–4 гады зьняволеньня, вызвалялі раптоўна. Яны спадзяваліся на вызваленьне, бо напісалі пад ціскам прашэньні аб памілаваньні. Але калі іх выпусьцяць — ня ведалі. Ня ведалі дакладнай даты і іншыя палітвязьні, таму пачуцьці былі супярэчлівыя.

У дэпутата Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, бізнэсоўца Андрэя Клімава было тры досьведы вызваленьня. Апошні раз яго вызвалялі паводле Ўказу прэзыдэнта аб памілаваньні. Спадар Клімаў кажа, што да апошняга, пакуль ня выйшаў, — ня верыў:

Андрэй Клімаў
Андрэй Клімаў
«Таму што я ж прашэньня не пісаў. Мне здавалася, што гэта розыгрыш. Што тычыцца другога разу — я ж быў на „хіміі“, там, у прынцыпе, перад вызваленьнем ужо чалавека не заўважаюць, быццам бы яго няма. А што да першага разу, калі і суд ужо адбыўся, пастанавіў мяне вызваліць, — я чакаў правакацыі, насамрэч. Не было ніякай эўфарыі. Я апасаўся, што ў любы момант перадумаюць, што-небудзь учыняць, і я буду сядзець далей. Са статусам палітвязьня сядзець у турме ўдвая цяжэй. Удвая».

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
Кандыдат на прэзыдэнта ў 2006 годзе Аляксандар Казулін быў асуджаны на 5 з паловай гадоў. Адседзеў 2 гады і 5 месяцаў. Кажа, што таксама не чакаў, што яго вызваляць. Думаў, што яго адпускаюць на чарговае пахаваньне — гэтым разам цесьця (раней яго адпускалі на тры дні на пахаваньне жонкі). Што да вызваленьня Зьмітра Дашкевіча, спадар Казулін выказаў такое меркаваньне:

«Ён атрымлівае магчымасьць быць са сваёй каханай жанчынай Настай, ён атрымлівае магчымасьць зноў убачыць сонейка, паглядзець на неба, на прыроду, ацаніць, што было, як жыць далей. Зразумела, што яму ніколі не дазволяць, каб ён быў цалкам свабодным. Гэта цалкам зразумела».

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў
Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў быў асуджаны на 4 гады. Выйшаў па амністыі, адседзеўшы 3 гады. На датэрміновае вызваленьне не спадзяваўся:

«Раніцай прыйшлі і сказалі: „Зьбірайся і сыходзь“. Таму нічога не магу сказаць пра чаканьне. Вось калі выйдзеш — тады гэта цікавая адаптацыя пасьля трох гадоў адседкі. Сьвет трэба пазнаваць наноў».

Карэспандэнтка: «А гэта цікава ці цяжка?»

«Цікава, канечне, цікава. Таму што ня хочацца назад. Сьвет выглядае іначай, чым тады, калі ты сыходзіў. Патрэбны нейкі час на адаптацыю. Гэта незвычайны стан, калі ўсьведамляеш, што ты не за кратамі, што можаш ісьці куды хочаш. На адаптацыю да свабоды таксама патрэбны час».

Эніра Браніцкая
Эніра Браніцкая
Эніра Браніцкая ў 2006 годзе адседзела «за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі „Партнэрства“» 6 месяцаў. Вось што яна распавядае пра апошнія дні адседкі:

«Мне падаецца, што апошнія пару дзён — гэта дакладнасьць таго, што адбываецца, і наступае нейкі стан спакою. Наколькі я памятаю, я была ў такім расслабленым стане: нарэшце ўсё добра. Ужо ўсё добра, і мяне насамрэч ужо нічога не кранае ў гэтай турме. Я думала: хто мяне будзе сустракаць, як гэта адбудзецца, што я буду рабіць у першы дзень. Я адназначна была ўпэўненая ў апошнія дні, што я выйду дакладна, і нічога мяне ўжо не хвалявала. Зьміцер — я думаю, што ён таксама спакойны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG