Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня духам адзіным


Калегі яго паважалі. Асабліва малодшыя.

«Калі б вы мелі намер атупіць розум якога-небудзь маладога чалавека і зрабіць ягоныя мазгі наагул няздольнымі да думак, вы не змаглі б зрабіць гэта лепей, чым даўшы яму пачытаць Гегеля, — пісаў Шапэнгаўэр. — Гэтыя пачварныя нагрувашчаньні словаў, якія анулююць адно аднога і супярэчаць адно аднаму, даводзяць розум да пакутаў, выкліканых марнымі намаганьнямі думаць пра штосьці ў сувязі зь імі, і так да таго часу, пакуль яны не разбурацца ад сваёй абсалютнай пустаты».

Геніяльная пачвара, якая выкрыла Абсалют, вылавіла ў рацэ спазнаньня Сусьветны Дух і прыдумала дыялектычную трыяду — як іншыя прыдумляюць вадародную бомбу або гільятыну — нарадзілася 27 жніўня 1770 году ў Штутгарце, сталіцы Вюртэмбэргу. Зрэшты, знакамітым Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель зрабіўся не на радзіме, а ў Гайдэльбэргу і Бэрліне. Гэта там ён сфармуляваў свае знакамітыя выслоўі — адзінае ўцямнае, што цёмнаму чалавеку можна вычапіць зь ягонай спадчыны. Хаця цалкам магчыма, што Гегелю проста прыпісалі гэтыя зьедлівыя, самаіранічныя фразы — мусяць жа хадзіць вакол вялікага філёзафа нейкія анэкдоты:

«Калі факты супярэчаць маёй тэорыі, тым горай для фактаў».

«Толькі адзін з маіх вучняў зразумеў мяне — дый той няправільна».


Добра сказана — ці ўдала прыпісана. Асабліва ў параўнаньні з гэтым:

«...Указаны спакойны непасрэдны давер да субстанцыі зноў пераходзіць у давер да сябе і ў даставернасьць сябе самога, а множнасьць правоў і абавязкаў, як і абмежаванае дзеяньне, ёсьць тым самым дыялектычным рухам маральнага, як множнасьць рэчаў і іх вызначэньняў, — рух, які знаходзіць сабе спакой і ўстойлівасьць толькі ў простасьці даставерна спазнанага сабой духу. Завяршэньне маральнасьці ў свабоднай самасьвядомасьці і лёс маральнага сьвету ёсьць таму індывідуальнасьць, якая сышла ў сябе, абсалютная легкадумнасьць маральнага духу, які распусьціў у сабе ўсе трывалыя адрозьненьні свайго ўстойлівага існаваньня ў масы свайго арганічнага расчляненьня і, цалкам упэўнены ў сабе, дасягнуў бязьмежнае радасьці і асалоды сам сабою...»

Сорам тым вучоным, хто дасьледуе зьявішчы, рэчы і розныя там праблемы. Гегель пераканаўча даказаў, што прадметам дасьледаваньня філязофіі ёсьць сама філязофія і нішто іншае. І няма чаго тут галаву ламаць. У сьвеце наагул няма нічога цікавага, акрамя філязофіі, а калі ёсьць, дык гэта або яе незаконнае спараджэньне, або непажаданае наступства. Гегель нарадзіў Маркса. Маркс нарадзіў Леніна, Сартра і Габэрмаса, якога мы ўсе так любім. Ікота, ікота, перайдзі на Фядота, зь Фядота на Якава, зь Якава — на ўсякага. Чым ня тры законы дыялектыкі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG