Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыва вяскоўцам: ці арэнднае жыльлё, ці штомесяц $1000 за крэдыт


Натальля Сафронава, старшыня жыльлёвага каапэратыву ў вёсцы Залесьсе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00
Працэнты пад мэтавыя крэдыты на будаўніцтва жыльля перавышаюць узровень прыбыткаў шмат каго з забудоўшчыкаў, а на зьмену каапэратыўнаму жыльлю прыходзіць арэнднае. І калі да нядаўняга часу ў прыярытэтным становішчы заставаліся сельскія жыхары, то цяпер перавагаў яны ня маюць. Улічваючы, што пры сталічных цэнах за квадратны мэтар заробкі тут зусім не гарадзкія, шанцы на ўласную кватэру ці дом многія вяскоўцы страцілі.

Ад 1 жніўня дзяржаўныя банкі спынілі выдачу крэдытаў на жыльлёвае будаўніцтва пад 14–16% гадавых. Цяпер мінімальная стаўка складае 25%, што робіць крэдытаваньне амаль немагчымым. Натальля Сафронава, старшыня жыльлёвага каапэратыву ў вёсцы Залесьсе на Смаргоншчыне — адзінага такога ў сельскай мясцовасьці на ўсю Гарадзенскую вобласьць, — расказвае, якія будуць выдаткі паводле новай шкалы:

«Атрымліваецца, што пры цяперашняй стаўцы, як яны нам падлічылі, кожны месяц трэба будзе плаціць 9 мільёнаў рублёў — 1 тысячу даляраў. Такіх заробкаў на вёсцы, як вы разумееце, і блізка няма. Пры тым, што сукупны прыбытак складаюць муж і жонка, і ўсё. Таму цалкам натуральна, што па такіх працэнтах ніхто фізычна будаўніцтва не пацягне — пад 25%».

Карэспандэнт: «З вамі сытуацыю абмяркоўвалі ці проста канстатавалі факт?»

«Правялі сход, давялі лічбы. Але ж у нас ніводзін чалавек не заплаціць такой сумы — 9 мільёнаў рублёў на месяц! Нам проста канстатавалі — 25%, ніякай палёгкі. Пры тым, што ўжо некалькі месяцаў як гатовы пакет дакумэнтаў пад 14%. Банк адмовіўся, там сказалі, што поезд адышоў, новыя працэнты, новыя стаўкі. Паказальна, што сход быў 22 ліпеня, яшчэ за тыдзень да абвяшчэньня новых ставак. А я яшчэ 17 ліпеня падпісала калектыўную дамову на крэдытаваньне пад 14%. І вось праз колькі дзён кажуць пра 25%. І што тут зробіш? Ня ведаю, чаму мы не падышлі — пад такія працэнты, тым больш у вёсцы, з коштам квадратнага мэтра ў 8 мільёнаў 470 тысяч рублёў?»

Спадарыня Сафронава кажа, што за тры гады, ад пачатку фармаваньня каапэратыву, крэдытная стаўка зьмянілася радыкальна. Адпачатку абяцалася пазыка пад 1% гадавых на 20 гадоў — даступным жыльлём намагаліся спыніць адток кадраў зь вёскі. Але фінансавы крызіс 2011-га ўнёс карэктывы: калі чалавек жыве і працуе на вёсцы, крэдыт выдаецца пад 3%, калі зь вёскі езьдзіць на працу ў горад — пад 6%. Сёлетняя пастанова Савету міністраў падвысіла стаўкі да 14% і 16% адпаведна. Вяскоўцы пагадзіліся і на такі варыянт, хоць з заробкам у 3 мільёны рублёў цягнуць фінансавы воз было цяжка: толькі каб адкрыць крэдытную лінію, патрабавалася ўнесьці 50 мільёнаў — 10% ад кошту двухпакаёвай кватэры. Але неўзабаве дзяржава згарнула і такую магчымасьць. Забудоўшчыкаў такі фінал абурае:

«Мы ўжо мелі намер заплаціць нават такія непад’ёмныя для нас грошы — па 50–60 мільёнаў рублёў, залежна ад мэтражу кватэраў. Многія дзе толькі маглі наскрэблі, напазычалі, спадзеючыся, што некалі ўсё ж будзе сваё жыльлё. Згодныя былі і на такія ўмовы — плаціць штомесяц 5 мільёнаў рублёў за крэдыт, хоць гэта для вёскі таксама шалёныя грошы. А цяпер ня ведаем, што і будзе. Шкада, вядома…»

«Шчыра кажучы, для нас і 6% было нямала, але пагадзіліся. Калі нас пракінулі з тымі 3–6%, нічога не заставалася, як падпісацца на 14–16% — і то, атрымліваецца, мы чамусьці ім не пасуем. Кажуць, хочаце — ідзіце, бярыце пад 25%. Але ж, людзі, пад 25% у вёсцы — гэта абсалютна нерэальна!»

Зрэшты, магчымасьць будаваць уласнае жыльлё паступова зводзіцца на нуль. Як расказала Натальля Сафронава, да канца жніўня ёй прадпісана расфармаваць каапэратыў, бо паступіла новая ўводная — рыхтаваць аб’ект да зьмены статусу. Маўляў, паколькі дом недаступны зь фінансавага гледзішча, то ён будзе пераведзены ў катэгорыю арэнднага:

Натальля Сафронава
Натальля Сафронава
«Сказалі, што трэба выходзіць з каапэратыву. То бок складаць пратакол, пачынаць расфармаваньне. Зь якой прычыны? Крэдытная стаўка стала 25%, а не 14%, як было раней. Вось і ўся прычына — мы чамусьці зноў не падышлі да крэдытнай лініі. Пры гэтым далі дзень тэрміну, каб адказаць, ці будзем мы пагаджацца на такі варыянт. Тады я пацікавілася: што будзе з маімі людзьмі — застануцца ў арэндным доме ці не? Адказалі, што толькі ў адпаведнасьці з чаргой. А калі паводле чаргі, то ня ўсе з нашага каапэратыву прэтэндуюць нават на арэнднае жыльлё. Для каго ў такім выпадку яно будуецца? Душа мая падказвае, што не для нас і не для Залесься. Ня ведаю, для каго. Людзі хацелі свае грошы плаціць, і то ў нас не бяруць. Таму ўжо ня ведаю, які цяпер статус: ні каапэратыўнае, ні арэнднае, ня ведаю ўвогуле, якое жыльлё».

Арэнднае жыльлё немагчыма прыватызаваць, затое пажыцьцёва давядзецца плаціць за яго эксплюатацыю. Базавая стаўка складае 20 тысяч рублёў за квадратны мэтар, але да яе ёсьць адмысловы каэфіцыент. Для Менску ён складае 1,5: арэнда стандартнай 2-пакаёўкі дасягае 200 даляраў, плюс плата за камунальныя паслугі. У іншым выпадку дамову скасуюць праз два месяцы пратэрміноўкі, а арандатараў выселяць на вуліцу. І хоць для сельскай мясцовасьці плянку абяцаюць зьнізіць, мала хто верыць, што плата будзе сымбалічная. Між тым, прызнае прадстаўніца Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Натальля Кухарчык, для цэлага шэрагу катэгорыяў іншых варыянтаў атрымаць дах над галавой папросту не застаецца:

«Для тых грамадзянаў, якія наймаюць арэнднае жыльлё, кошт сапраўды раўняецца 20 тысячам рублёў за квадратны мэтар, плюс каэфіцыенты, якія вызначаюцца аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам — у залежнасьці ад месцазнаходжаньня і добраўпарадкаванасьці. Іншымі словамі, прадугледжваецца так званае „ўвядзеньне платы за карыстаньне шляхам пераводу жылых памяшканьняў дзяржаўнага фонду ў камэрцыйнае найманьне“. Там аплата будзе, натуральна, меншая. Бо, скажам, у прывязцы да 20 тысяч рублёў мы можам вызначыць мінімальны каэфіцыент у памеры, напрыклад, 0,1. А 2 тысячы рублёў за квадратны мэтар — гэта ўжо не такія вялікія грошы. Але ўсё гэта ў кожным канкрэтным выпадку рэгулюецца аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам».

Згодна з плянамі беларускага кіраўніцтва, узьвядзеньне арэнднага жыльля будзе пастаўленае на паток. Калі на гэты год будаўнічыя арганізацыі атрымалі замову на будоўлю больш як 220 тысяч квадратных мэтраў, то да 2015 году аб’ёмы павінны вырасьці да 1 мільёна. Апроч таго, у катэгорыю арэнднага будзе пераводзіцца і так званае праблемнае жыльлё, якое, найперш зь фінансавых прычынаў, ня могуць пацягнуць забудоўшчыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG