Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель наведала мэмарыял Дахаў


Печы канцлягера ў Дахаў.
Печы канцлягера ў Дахаў.

Ангела Мэркель першай з канцлераў ФРГ наведала мэмарыял на месцы нацысцкага канцлягера ў Дахаў.

Як паведамляе ВВС, былы зьняволены Дахаў 93-гадовы Макс Мангаймэр запрасіў яе выступіць з прамовай, у якой Мэркель прызналася, што прыехала ў канцлягер, дзе былі забітыя дзясяткі тысяч габрэяў, цыганоў і прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў, з пачуцьцём сораму і смутку.

Тым не менш, палітычныя апанэнты канцлера абрынуліся на Мэркель з крытыкай за тое, што яна, на іх думку, бестактоўна ператварыла жалобнае мерапрыемства ў частку сваёй перадвыбарчай кампаніі. Усеагульныя выбары ў Нямеччыне адбудуцца праз месяц.

Ангела Мэркель, выступаючы ў горадзе Дахаў пасьля наведваньня былога канцлягера, заявіла, што мэмарыял служыць напамінам пра тое, што людзі не павінны дапускаць паўтарэньня падобных злачынстваў:

«Важна, каб ніколі не адбывалася так, што мы закрываем вочы і вушы. Ніколі больш не павінна паўтарыцца сытуацыя, калі людзі, якія знаходзяцца сярод нас, пазбаўленыя абароны толькі таму, што яны прыбылі з пэўнай краіны, зьяўляюцца прыхільнікамі пэўнай рэлігіі, палітычных поглядаў, сэксуальнай арыентацыі. Ніколі больш нельга дапусьціць, каб іх менавіта таму падвяргалі дыскрымінацыі і забівалі».

Канцлягер Дахаў, разьмешчаны непадалёк ад Мюнхэна, быў створаны менш чым праз два месяцы пасьля прыходу Адольфа Гітлера да ўлады. Вязьнямі Дахаў за 12 гадоў яго існаваньня сталі прынамсі 200 тысяч чалавек. Паводле зьвестак гісторыкаў, у яго сьценах былі забітыя ці памерлі ад голаду і хвароб 41,5 тысячы зьняволеных. Канцлягер быў ліквідаваны 29 красавіка 1945 года, калі яго вязьні былі вызваленыя амэрыканскімі войскамі. У 1965 годзе на гэтым месцы быў адкрыты мэмарыял.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG