Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папу Рымскага папросяць заступіцца за ксяндза Лазара

абноўлена

Грамадзкія актывісты рыхтуюць зварот да папы Рымскага ў справе арыштаванага каталіцкага сьвятара Ўладзіслава Лазара.

Яшчэ адзін зварот будзе накіраваны ў міжнародныя праваабарончыя структуры — з просьбай аб прызнаньні Ўладзіслава Лазара вязьнем сумленьня. Справу каталіцкага сьвятара юрысты называюць беспрэцэдэнтнай.

Праваабарончая ініцыятыва «За волю» і «Хрысьціянскі рух» арганізавалі круглы стол, каб пры ўдзеле юрыстаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці абмеркаваць, што магчыма зрабіць дзеля станоўчых зрухаў у лёсе арыштаванага ксяндза Ўладзіслава Лазара. Адзін з арганізатараў, Аляксей Шэін, гэтак пракамэнтаваў ініцыятыву:

«У гэтай справе надзвычай мала інфармацыі. Выпадак сымптаматычны і вельмі небясьпечны. Таму трэба рэагаваць: зьбіраць людзей і дамагацца праўды ў гэтай сытуацыі».

Як паведаміў Аляксей Шэін, арганізатары запрашалі на сустрэчу і прадстаўнікоў каталіцкага касьцёлу, аднак удзел у круглым стале, і то як неафіцыйная асоба, узяў толькі ксёндз Юры Барок. Ксёндз Юры добра знае ксяндза Ўладзіслава Лазара і гэтак выказаўся пра тое, што адбылося:

«З гэтым чалавекам я вучыўся яшчэ ў Гарадзенскай сэмінарыі, быў час, калі мы жылі ў адным пакоі, і ведаю яго вельмі добра. Мушу сказаць, што ў мяне пра яго самыя лепшыя ўспаміны. Гэта вельмі пазытыўны чалавек, адкрыты да дыялёгу, які выклікаў вялікую сымпатыю. І таму навіна пра ягонае спачатку зьнікненьне, а пасьля затрыманьне сталася шокам. Другая рэч — я таксама вельмі зьдзіўляюся — чалавек затрыманы, але афіцыйныя ўлады не даюць ніякага тлумачэньня. Гэта, канечне, выклікае абурэньне, бо за жыцьцём гэтага чалавека стаяць іншыя людзі: ягоныя сёстры, бацькі. Яны ў роспачы, бо ня ведаюць, чаго чакаць і на што спадзявацца. Мне падаецца, што гэта абсалютна антыгуманна, бесчалавечна і ні пры якай уладзе недапушчальна».
Ксёндз Юры Барок гаворыць пра арыштаванага ксяндза Ўладзіслава Лазара
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00

Ксяндза Ўладзіслава Лазара затрымалі на пачатку лета, але шырокая грамадзкасьць даведалася пра гэта амаль праз два месяцы — калі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра, нібыта, пасярэдніцтва прадстаўніка каталіцкага касьцёлу ў сувязях з замежнымі спэцслужбамі. Але і дагэтуль Камітэт дзяржбясьпекі адмаўляецца даваць хоць якія камэнтары ў гэтай справе і не паведамляе, у чым вінавацяць сьвятара. Беспрэцэдэнтнай гэтую справу называе праваабаронца і юрыст Алег Воўчак:
Усе тэрміны выйшлі: яму павінны альбо выставіць абвінавачаньне, альбо яго вызваліць

«Усе тэрміны выйшлі: яму павінны альбо выставіць абвінавачаньне, альбо яго вызваліць. Калі ўлічыць, што ён там знаходзіцца, — абвінавачаньне яму выстаўленае, але мы ня ведаем, паводле якога артыкула. У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, нават калі працэс закрыты, бліжэйшыя сваякі і грамадзкасьць павінны ведаць, паводле якога артыкула чалавека абвінавачваюць, бо парушаецца права на ягоную абарону. Я лічу яго вязьнем сумленьня, бо раней такога не было, каб выкрадалі чалавека, арыштоўвалі і дагэтуль быў невядомым ягоны лёс».

Удзельнікі круглага стала заклікалі ўсіх неабыякавых людзей пісаць лісты ксяндзу Ўладзіславу Лазару, а таксама замаўляць за яго малітвы ў касьцёлах. Адна зь вечарын у рамках «Маратону салідарнасьці» будзе прысьвечаная ксяндзу Ўладзіславу, на ёй будуць таксама зьбіраць ахвяраваньні для ягонай сям’і. Зьбіраць подпісы пад зваротам у Генэральную пракуратуру і ў КДБ за вызваленьне сьвятара ўжо пачала партыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі кажа, што не спадзяецца на выніковасьць гэтай акцыі, але важна давесьці інфармацыю пра ўчыненае адносна сьвятара беззаконьне да як найбольшай колькасьці людзей:
Хрысьціянскую царкву можа чакаць тое, што зазнала беларуская апазыцыя і незалежныя грамадзкія арганізацыі

«Арышт ксяндза не зьяўляецца чымсьці выпадковым. Гэта вынік таго працэсу, які ідзе ў Беларусі апошнія паўгода. А менавіта: распачатая крымінальная справа супраць каталіцкага верніка, які арганізаваў прытулак, робіцца ціск на пратэстанцкую супольнасьць. Лукашэнка заявіў, што неабходна рэфармаваць — гэта значыць рэпрэсаваць — праваслаўную царкву. І гэта ёсьць знакі і дзеяньні па зьмене палітыкі да ўсёй хрысьціянскай супольнасьці ў Беларусі. Калі мы сёньня не абаронім ксяндза Лазара, то наступствы могуць быць катастрафічныя. Хрысьціянскую царкву можа чакаць тое, што зазнала беларуская апазыцыя і незалежныя грамадзкія арганізацыі».

Грамадзкія актывісты таксама рыхтуюць калектыўны зварот да амбасадаў эўрапейскіх краін у Беларусі і да папы Рымскага ў справе ксяндза Ўладзіслава Лазара. Будзе таксама накіраваны зварот у міжнародныя праваабарончыя структуры аб прызнаньні Ўладзіслава Лазара вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG