Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз Яўген Учкуроніс: Па-беларуску літургія больш зразумелая людзям


Ксёндз-пробашч Яўген Учкуроніс
Ксёндз-пробашч Яўген Учкуроніс

На сьценах касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне, што на Зэльвеншчыне, знайшлі сваё адлюстраваньне найцікавейшыя падзеі з гісторыі мястэчка.

Прычым, яшчэ ня ўсе памятныя шыльды князёў Сапегаў, сярод якіх былі ўдзельнікі нацыянальна-вызвольных паўстаньняў, адрэстаўраваныя і знайшлі сваё месца ў мармуровым летапісе храма, якому гэтымі днямі спаўняецца 100 гадоў. Госьцем перадачы — пробашч касьцёлу Яўген Учкуроніс.

— Пробашч Яўген, дзярэчынскі касьцёл адносна «малады» — ён у шэсьць разоў «маладзейшы» за само мястэчка. У чым яго адметнасьць і ўвогуле адметнасьць мясцовай парафіі?

— Мястэчка Дзярэчын знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне Гарадзеншчыны, яму праз тры гады споўніцца 600 гадоў. Вельмі адметнай зьяўляецца сама каталіцкая парафія, гісторыя якой пачынаецца ў ХVII стагодзьдзі, калі ў Дзярэчыне быў заснаваны кляштар дамініканаў. А наш касьцёл быў і ёсьць на працягу 100 гадоў адным з сымбаляў прысутнасьці веры ў жыцьці людзей і духоўнай салідарнасьці, якая зьядноўвае ўсіх вернікаў. Наш касьцёл зьяўляецца працягам гісторыі дамініканскага кляштара, і думаецца, што гэтае прадаўжэньне сягне ў далёкую будучыню. Цікавы факт — як быў адноўлены храм. У 1991 годзе прыбыў у Дзярэчын спадар Жан Кэрхнэр з Парыжу, каб паглядзець на айчыну сваёй жонкі, якая тут нарадзілася, але падчас вайны была вывезеная ў Нямеччыну, а пасьля трапіла ў Францыю. І калі Жан Кэрхнэр убачыў руіны касьцёлу, то вырашыў дапамагчы аднавіць яго ў памяць спачылай жонкі Ірэны Кэрхнэр-Жукоўскай. І вось дзякуючы яго ахвярнасьці, касьцёл атрымаў другое жыцьцё. 15 жніўня 1993 году, дваццаць гадоў таму, касьцёл быў рэкансэкраваны — асьвечаны нанова — біскупам Аляксандрам Кашкевічам.

— Гісторыя Дзярэчына зьвязаная найперш з родам князёў Сапегаў, якія ў XVIII-XIX стагодзьдзях мелі тут сваю галоўную рэзыдэнцыю. Што з тае пары засталося — як памятка колішняга росквіту мястэчка?

— Памятных рэчаў з таго часу засталося няшмат. Напрыклад, у нашым касьцёле захаваўся звон, выраблены ў 1772 годзе, што пацьвярджае надпіс на ім. Засталася таксама памятная дошка, якая была перанесеная з кляштара дамініканаў і ўмураваная ў падлогу Дзярэчынскага касьцёлу. Яна напамінае аб тым, што на гэтай зямлі жылі Сапегі, якія актыўна ўдзельнічалі ў рэлігійным жыцьці і ў праслаўленьні самога Дзярэчына ва ўсім тагачасным сьвеце. Надпіс на дошцы гаворыць: «Казімеру Сапегу, пану найлепшаму ды найвялікшаму, паручніку войска Вялікага Княства Літоўскага, бацьку найлепшаму; Язэпу Сапегу, дыяцэзіяльнаму кад’юнтару Віленскага біскупа, рэфэрэндарыю Вялікага Княства Літоўскага, роднаму дзядзьку, дзеля заслужанага ўшанаваньня; Міхалу Сапегу, падканцлеру Вялікага Княства Літоўскага, найлюбімейшаму дзядзьку, сэрца якога тут ляжыць; кавалерам Ордэна Белага арла, мужам, найбольш аздобленым усялякімі цнотамі. За Радзіму і Дом свой князь Аляксандар Сапега, граф у Чарэі, Высокім, Дзярэчыне, ваявода полацкі, польны гэтман Вялікага Княства Літоўскага, кавалер Ордэна Белага арла і Сьвятога Станіслава, паставіў гэты помнік у 1772 годзе». На жаль, пакуль гэтая дошка-помнік не адрэстаўраваная, але мы мяркуем зрабіць гэта да 600-годзьдзя мястэчка.

На звоне надпіс: “Зрабіў Ян Тамашэвіч. 1772”
На звоне надпіс: “Зрабіў Ян Тамашэвіч. 1772”


— Адзін з Сапегаў — Яўстах Каятан — заслужыў у вашым касьцёле на дошку «пэрсанальную». Ён вядомы як актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830 году. Князь закладаў маёнткі, каб дапамагчы паўстанцам, у яго нават мянушка была — Паўстанец. Сёлета адзначаюцца 150-я ўгодкі другога паўстаньня — пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. І не заўсёды ўлады дазваляюць грамадзкім актывістам усталёўваць памятныя знакі. Як вы ставіцеся да традыцыі зьмяшчаць такія знакі ў касьцёлах?

— Вельмі пазытыўна стаўлюся. Такая традыцыя дазваляе нам быць салідарнымі з усімі ранейшымі пакаленьнямі, дазваляе перанесьці каштоўныя гістарычныя зьвесткі ў пазнейшы час. Вось паглядзіце, на той дошцы, пра якую вы згадалі, пазначана — «Яўстаху Каятану Сапегу...ад удзячных нашчадкаў». Яна акурат не дае забыцца на тую гісторыю, пра якую вы толькі што прыгадалі.

Памятная шыльда Яўстаху Каятану Сапегу-Паўстанцу
Памятная шыльда Яўстаху Каятану Сапегу-Паўстанцу


Уладзімер Бартош, сябра Дзярэчынскай касьцельнай рады: Яўстах Каятан Сапега — адзін з самых выбітных Сапегаў. Калі ён памёр у 1861 годзе ў Парыжы, на выгнаньні, у старым дзярэчынскім касьцёле (які пасьля згарэў), 24 траўня была адслужаная імша за супакой яго душы. І гэта прытым, што памінальныя багаслужбы па паўстанцах былі строга забароненыя ў Расейскай імпэрыі! Царскія ўлады адсочвалі ўсе гэтыя мерапрыемствы. Адсачылі і ў Дзярэчыне. Наверх пайшло «данясеньне», і сьвятары, і многія вернікі пацярпелі за ўдзел у той імшы. Пасьля паўстаньня 1830 году Дзярэчын быў папросту абрабаваны, зь яго было вывезена 150 падводаў сапегаўскага дабра, касьцельнага дабра! Розныя каштоўнасьці, творы мастацтва, старадрукі былі вывезеныя ў Пецярбург. У Эрмітажы і сёньня можна пабачыць творы мастакоў італьянскага Адраджэньня, вывезеныя зь Дзярэчына. Вось як рабавалі царскія ўлады, браты-расейцы свайго «брата меншага». З гісторыі слова ня выкінеш. Для нас 100-годзьдзе касьцёлу — вялікае сьвята. Бо матэрыяльнае — гэта часовае, а вечнае — назаўсёды. Мы ўдзячныя пробашчу Яўгену, які гэтае вечнае нам выкладае на беларускай мове.


— Пробашч Яўген, перад нашай гутаркай мне ў рукі трапіла брашура «Православные и католические храмы Зельвенского района», выдадзеная нядаўна аддзелам ідэалягічнай працы Зэльвенскага райвыканкаму. Чытаючы пра дзярэчынскі касьцёл, я спатыкнуўся на такім сказе: «1960-е годы известны как время атаки на католические храмы со стороны царских властей». Хіба ў Дзярэчыне ў 1960-я гады яшчэ была царская ўлада?

Сябра касьцельнай рады і грамадзкі актывіст Уладзімер Бартош
Сябра касьцельнай рады і грамадзкі актывіст Уладзімер Бартош
— Спадзяюся, гэта памылка. Мне гэта цяжка камэнтаваць... Спадзяюся, што гэта не мэтанакіравана было напісана. А калі мэтанакіравана, то трэба пытацца ў аўтара. Я ня ведаю, хто дакладна мог быць аўтарам гэтых гістарычных зьвестак. Мы ня можам іх успрымаць сур’ёзна.

— Аўтар там калектыўны — ідэалягічны аддзел Зэльвенскага райвыканкаму... Здаецца, вы — першы беларускамоўны сьвятар у Дзярэчыне, калі не лічыць пастара мэтадысцкай царквы Яна Пятроўскага, які служыў тут у перадваенны час. Скажыце, наколькі ўпэўнена пачувае сябе беларуская мова ў вашым касьцёле?

— Не, я ня першы. Перада мной тут служыў ксёндз, які таксама карыстаўся беларускай мовай падчас літургіі і сумесных малітваў у касьцёле. З упэўненасьцю скажу, што літургію на беларускай мове вернікі больш дакладна разумеюць і ўспрымаюць. Таму і служыцца яна па-беларуску, каб вернікі разумелі Слова Божае і, як заклікае нас наша вера, ажыцьцяўлялі іх у жыцьці. Бо без гэтага ажыцьцяўленьня вера мёртвая. Таму беларуская мова служыць найперш дзеля таго, каб чалавек разумеў, што хоча яму сказаць Гасподзь Бог.

— Часам кажуць: храм малады, а парафія старая, маючы на ўвазе, што на багаслужбы ходзяць пераважна бабулькі. Ці ёсьць у Вашай парафіі актыўныя маладыя вернікі?

— Так, з прычыны таго, што моладзь у пошуку лепшых умоваў жыцьця выяжджае ў гарады, маладых людзей усё менш і менш застаецца таксама і ў Дзярэчыне. Аднак тыя нешматлікія маладыя каталіцкія сем’і, якія застаюцца, актыўна ўдзельнічаюць у жыцьці парафіі, што вельмі цешыць. І ў сумесных малітвах, і ў жыцьці касьцёлу, і цяпер у падрыхтоўцы да сьвята ўдзельнічае ўся парафія — ад старэйшых да маладзейшых. Моладзь, дзеткі ўдзельнічаюць у чытаньні Слова Божага, слухаюць лекцыі з гісторыі рэлігіі. Я перакананы — Дзярэчынская парафія мае будучыню.

— Як вы ўжо сказалі, у 2016 годзе Дзярэчыну споўніцца 600 гадоў. Як вы зьбіраецеся адзначыць гэтую дату?

— Гісторыя касьцёлу і парафіі непарыўна зьвязаная з гісторыяй самога мястэчка. Таму будзем таксама рыхтавацца да сьвята — сумесна зь мясцовай уладай. Мы плянуем выданьне зборніка гістарычных дакумэнтаў, датычных Дзярэчына. У яго мінулым было нямала цікавых з гістарычнага гледзішча падзеяў. Падчас апошняй вайны многія сем’і падзяліліся, разьехаліся па розных краінах. Многія дзярэчынцы сёньня жывуць у Польшчы, у Францыі, у Нямеччыне, у Злучаных Штатах Амэрыкі. Я зьвяртаюся да ўсіх дзярэчынцаў, хто нас чуе, і запрашаю на сьвяткаваньне 100-годзьдзя нашага касьцёлу, якое адбудзецца ў Дзярэчыне 18 жніўня, пачатак аб 11-й гадзіне. Шчыра запрашаем, чакаем, з радасьцю будзем усіх вітаць і аб шчасьлівай дарозе будзем маліцца.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG