Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над нацболам Сахарам перанесьлі на 26 жніўня

абноўлена

Дзяніс Сахар пра затрыманьне і суд
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00

Дзяніса Сахара вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыі.

Працэс вёў судзьдзя Андрэй Бірыла. Сахар цалкам не прызнаў віну. На працэсе заслухалі Дзяніса Сахара і сьведку Паўла Дрывеня. З-за таго, што не зьявіліся сьведкі-міліцыянты суд перанесьлі на 26 жніўня

Дзяніс Сахар заявіў, што пры затрыманьні яму прыснулі газам, апранулі кайданкі, ад якіх засталіся сьляды на руках.

Дзяніс Сахар быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 10 жніўня падчас правядзеньня нацболамі спартова-палявых збораў у лесе побач з Воўкавіцкім вадасховішчам у Менскім раёне.

Паведамляецца, што міліцыя пры затрыманьні выкарыстала сілу, а таксама сьлезацечны газ. Усяго разам з Сахарам затрымалі 11 чалавек.

Усіх іх адвезьлі ў аддзяленьне міліцыі ў Ждановічах, дзе былі складзеныя пратаколы за «расьпіцьцё алькагольных напояў у грамадзкім месцы», хаця арганізатары збораў сьцьвярджаюць, што зьбіраліся ў лесе і сьпіртовых напояў у іх не было, бо мерапрыемства было спартовае.

Намесьнік начальніка Ждановіцкай міліцыі Пяткевіч адразу ж аштрафаваў кожнага на суму ад 100 да 800 тысяч рублёў.

Дзяніс Сахар да суду ўтрымліваўся ў СІЗА Менскага раёну.

Дзяніс Сахар пра сваё затрыманьне


Дзяніс Сахар
Дзяніс Сахар
«Мы сабраліся на станцыі Пціч недзе пасьля 10-й раніцы, але доўга шукалі месца каля вадасховішча, дзе можна было б паставіць намёты. Знайшлі нарэшце месца ў лесе і пачалі разьбіваць лягер. Гэта было ўжо каля 14 гадзіны.

Раптам каля нас зьявіліся міліцыянты, якія прыехалі на трох аўтамабілях: двух службовых і адным прыватным. Некаторыя зь міліцыянтаў былі ў цывільным.

Нас паставілі ў шэраг каля намётаў. Запыталі пра зброю і наркотыкі, а таксама загадалі здаць мабільныя тэлефоны. Я ня выканаў загад адразу, і на мяне накінуліся два міліцыянты. Адзін схапіў за рукі, другі пырснуў у вочы з балёнчыка сьлезацечным газам. Потым павалілі на зямлю і надзелі на рукі кайданкі.

Гэтыя кайданкі мне зьнялі толькі ўвечары, у Ждановіцкім аддзеле міліцыі. На руках засталіся драпіны.

Увогуле некаторыя зь міліцыянтаў паводзілі сябе, як мне падалося, ня вельмі адэкватна, надзвычай жорстка, асабліва тыя, што былі ў цывільным. Дарэчы, яны ніяк не называліся і не паказвалі сваіх дакумэнтаў».

Што вядома пра спартовае мерапрыемства, якое зьбіраліся наладзіць у лесе каля Пцічы актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху? Паводле Дзяніса Сахара, у іх былі з сабой футбольны мяч, баксёрскія пальчаткі і пнэўматычная стрэльба, падобная да тых, якімі карыстаюцца ў ціры. Актывіст Павал Дрывень сказаў, што яшчэ хлопцы зьбіраліся купацца ў Пцічы. Таксама, паводле Паўла Дрыўня, была заплянаваная лекцыя на юрыдычную тэму.

Дзяніс Сахар і Павал Дрывень у судзе заявілі, што яны асабіста не ўжывалі сьпіртных напояў і ня мелі іх з сабой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG