Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску не рэагуюць на крок Шайгу насустрач ЗША


Сяргей Шайгу
Сяргей Шайгу

Мінабароны Беларусі не камэнтуе запрашэньне амэрыканцаў на вучэньні «Захад-2013», зробленае міністрам абароны Расеі.

Расея запрасіла прадстаўнікоў ЗША назіраць за сумеснымі зь Беларусьсю манэўрамі «Захад-2013». Беларускае Мінабароны адмаўляецца камэнтаваць, ці змогуць амэрыканскія вайскоўцы прыехаць падчас вучэньняў і на беларускую тэрыторыю.

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу падчас свайго візыту ў ЗША запрасіў амэрыканскіх вайскоўцаў узяць удзел у беларуска-расейскіх вучэньнях «Захад-2013».

Спадар Шайгу выказаў упэўненасьць, што амэрыканцы абавязкова прыбудуць на манэўры, якія праходзяць на беларускай і расейскай тэрыторыі:

«Мы сапраўды запрасілі іх (калегаў з ЗША) на вучэньні „Захад-2013“. Яны з зацікаўленасьцю гэтае запрашэньне прынялі», — цытуе Шайгу РИА Новости.

У Мінабароны Беларусі чулі гэтую заяву, але не гатовыя яе камэнтаваць. У прэсавай службе таксама не змаглі адказаць, ці пабываюць амэрыканцы падчас манэўраў на беларускай тэрыторыі і ці запрашаў Менск на гэтыя манэўры назіральнікаў з краін НАТО:

«Вучэньні носяць адкрыты характар, усе зьвесткі пра запрошаных будуць крыху пазьней удакладненыя і даведзеныя да грамадзкасьці», — толькі і сказалі Свабодзе ў прэсавай службе Мінабароны Беларусі.

Сумесныя расейска-беларускія манэўры «Захад-2013» пройдуць 20–26 верасьня на тэрыторыі Беларусі і Расеі.

З расейскага боку ў іх возьме ўдзел 2500 вайскоўцаў, зь беларускага — 10 400. Будзе задзейнічана 250 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку 60 гелікоптэраў.

Польскае радыё раней выказала боязь, што вучэньні будуць мець правакацыйны характар у адносінах да краін НАТО. Польскія СМІ нагадваюць, што манэўры будуць адбывацца, апрача іншых мясьцін, і ў Берасьці, паблізу польскай мяжы.

Будучыя манэўры ўжо выклікалі неспакой Літвы і Польшчы. Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі раней заяўляў, што ягоная краіна ставіцца да іх вельмі сур’ёзна. Сёлетнія вучэньні ён параўнаў з апошнімі беларуска-расейскімі манэўрамі «Захад-2009». У тыя манэўры быў закладзены правакацыйны адносна Польшчы сцэнар, які прадугледжваў паўстаньне польскай меншасьці ў Беларусі:

«Тады мы ўздымалі гэтае пытаньне ня толькі ў двухбаковых адносінах. Я напісаў зварот да генэральнага сакратара Паўночнаатлянтычнага зьвязу, і НАТО заняло крытычную пазыцыю ў гэтай справе... У такіх справах вельмі важная адкрытасьць, празрыстасьць, каб вайсковыя назіральнікі маглі сачыць за гэтымі вучэньнямі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG