Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Вігілянскі: У Лукашэнкі няма царкоўнага досьведу


Заклік Аляксандра Лукашэнкі рэфармаваць праваслаўную царкву ў інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтаваў былы прэсавы сакратар Маскоўскай патрыярхіі, настаяцель храму ў гонар Сьвятамучаніцы Тацяны пры Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце айцец Уладзімер Вігілянскі.

У мінулую пятніцу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў праваслаўнай царкве насьпела неабходнасьць рэформаў. У прыватнасьці, Лукашэнка сказаў, што трэба падумаць пра мову набажэнстваў, пра іх працягласьць і пра магчымасьць пасядзець у царкве. Лукашэнка сказаў, што ня ведае, як да гэтага паставіцца патрыярх Кірыл, але ў сябе ў Беларусь, маўляў, мы пра гэта падумаем.

Вось як заявы кіраўніка Беларусі камэнтуе Айцец Уладзімер Вігілянскі:

Размовы пра рэфармаваньне царквы ідуць спрадвеку. У рознай ступені гэтая рэфармацыя заўсёды адбывалася. У Эўропе яна прайшла такім чынам, што падзяліла людзей на вялікую колькасьць адасобленых групаў. Любая рэфармацыя не аб’ядноўвае, але падзяляе людзей. Так пратэстантызм адкалоўся ад Каталіцкай царквы і пасьля сам падзяліўся на тысячы адасобленых групаў. Гэта па-першае.

Па-другое, Царква як Богаўсталяваны арганізм, не падлягае ніякай рэфармацыі. Людзі павінны рэфармаваць сябе. Гэта — заклік Боскі, і Царква пастаянна аб гэтым гаворыць. А Царква — самадастатковая, яна не падлягае рэфармацыі. Падобныя заявы зьяўляюцца заявамі людзей, якія знаходзяцца не ўнутры царквы, але звонку. Ім здаецца, што яны ў курсе справы і разумеюць, як зрабіць лепш. Вядома, Лукашэнка ня хоча зрабіць нешта супраць царквы, яму здаецца, што так будзе лепш Але паколькі ў яго няма вопыту ўнутрыцаркоўнага жыцьця, таму гэтыя заявы выглядаюць прынамсі некампэтэнтнымі.

Значыць, гэта можа быць адмоўна ўспрынятае ў Маскоўскай патрыярхіі?

Я ня ведаю, я за патрыярхію не адказваю. Але падобныя размовы, калі мова заходзіць аб нейкай рэфармацыі, ніколі не ўспрымаліся са станоўчага боку. Рэфармаваць трэба тое жыцьцё, якое зьвязана з клопатам царквы пра людзей, каб павялічыць царкоўнае служэньне, зьвязанае з дапамогай людзям. Вось гэта трэба, але слова рэфармацыя тут не прыдатнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG