Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве адзначаць Дзень салідарнасьці зь Беларусьсю


4 жніўня ў Марыінскім парку ў Кіеве ўкраінскія грамадзкія арганізацыі створаць «Прастору Вольнай Беларусі».

Цэлы шэраг мерапрыемстваў прымеркаваны да Дня салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, які спалучае праваабарончы і культурна-мастацкі складнікі.

У нядзелю з 12.00 і цягам цэлага дня пройдуць фотавыстава, пэрформанс на тэму правоў чалавека ў Беларусі, збор подпісаў пад пэтыцыямі Amnesty International супраць сакрэтнасьці вакол сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і ў абарону беларускай грамадзянскай супольнасьці, акцыі «Свабодны ўнівэрсытэт», «Беларускі боды-арт» ды іншыя.

У 16.00 пачнуцца лекцыя пра гісторыю палітычнай карыкатуры і майстар-кляс ад вядомага ўкраінскага карыкатурыста, пераможца і прызёра шматлікіх конкурсаў карыкатуры Алега Смаля.

Цэнтральная вячэрняя падзея ў рамках акцыі — спэцыяльны паказ дакумэнтальнай стужкі «Даволі! Да волі...» беларускіх рэжысёраў Андрэя Куцілы і Вячаслава Ракіцкага (2011). Фільм, прадстаўлены на міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Docudays UA, распавядае пра падзеі сьнежня 2010 году ў Менску, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў тысячы людзей выйшлі на вуліцы зь мірным пратэстам. Дэманстрацыя фільму пачнецца ў 20.30.

Пасьля паказу адбудзецца абмеркаваньне фільму і сытуацыі ў Беларусі з удзелам беларускіх палітычных эмігрантаў і сяброў Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Акцыі салідарнасьці таксама заплянаваныя ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Швэцыі, Нямеччыне, Літве, Расеі, Украіне, Казахстане і Кіргізстане. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла каардынатарка праекту Лада Бурдачова. Акцыі прымеркаваныя да другой гадавіны арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG