Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загад: зьнішчыць усіх сьвіней пагалоўна


У Глыбоцкім раёне, у 5-кілямэтровай зоне вакол сьвінакомплексу «Маліноўшчына», вяскоўцам забаранілі гадаваць сьвіней, а наяўнае сьвіное пагалоўе загадана зьнішчыць — дзеля прафіляктыкі сьвіной афрыканскай чумы.

На тое, каб расправіцца са сьвіным пагалоўем у прыватных гаспадарках, глыбоцкія ўлады даюць жыхарам тры дні: да 1 жніўня ў хлеўчуках ніхто не павінен ні вішчэць, ні рохкаць.

Вяскоўцы зь Дзеркаўшчыны цягнуць з расправай да апошняга, кажа мясцовая жыхарка, спадарыня Валянціна:

«Ой, ня ведаю, што рабіць! Што тут будзе… Нашы сьвіней рэжуць, хто рэжа, хто хавае, хто ў іншую вёску да сваякоў перавозіць, калі ёсьць. Мы спрабавалі кабана здаць на мясакамбінат, дык не бяруць. А гэта ж якія грошы ляснуць! Ён у нас храк, самец, дык сказалі, што спачатку лягчаць трэба. А тут яшчэ сьвіньня апарасілася, парсючкі маленькія. Што рабіць? Усе халадзільнікі ды маразільныя камэры паскуплялі ў Глыбокім. Няма маразільнікаў! Раскупілі ўсё, будзем год есьці, а далей што рабіць? У Беларусі ж мяса ня будзе потым!»

Вяскоўцы ня ведаюць, што рабіць: шкада жывёлу, шкада грошай, укладзеных ва ўтрыманьне сьвіней, шкада, калі прападзе мяса-сала, бо няма дзе захоўваць… І такія праблемы — у паловы мясцовага насельніцтва, бо сьвіней у Дзеркаўшчыне трымаюць у кожным другім двары.

Першымі мусілі зьнішчыць уласных сьвіней тыя, хто працуе на сьвінакомплексе «Маліноўшчына», працягвае спадарыня Валянціна:

«У нас на сьвінакомплексе дохнуць сьвіньні. Ну, можа, яны і ад голаду дохнуць! А што, трава ёсьць — дык ім травы не даюць, галодныя стаяць. Во і дохнуць сьвіньні, тут, у «Маліноўшчыне». Нашы зь Дзеркаўшчыны туды на працу езьдзяць. Дык ім забаранілі раней сьвіней трымаць. І людзі рэзалі. А што рабіць? Сказалі: «Ці рэж сьвіней, ці звальняйся з комплексу».

28 ліпеня сабралі на сход і ўсіх іншых вяскоўцаў. Загад, кажа спадарыня Валянціна, быў той самы — зьнішчыць сьвіней у прафіляктычных мэтах:

«Морхат быў тут, старшыня райвыканкаму, старшыня калгасу нашага, вэтэрынарная служба. Карацей, сказалі, што ў нас пяцікілямэтровая зона і каб да 1 жніўня сьвіней ці зарэзалі, ці здалі, ці што хочаце зь імі рабіце! І сёньня мы ўжо такое чулі, што не да 1 жніўня, а да 1 верасьня нам працягнулі тэрмін. А калі ўсыпляць будуць сьвіней, то будуць даваць па 18 тысяч за кілё. Калі кабан — то 10 тысяч, неяк так гавораць. І нейкія яшчэ зьніжкі».

Жыхары Дзеркаўшчыны ды іншых вёсак, якія ўвайшлі ў пяцікілямэтровую зону, ня бачылі аніякіх афіцыйных дакумэнтаў, на падставе якіх сьвіньні падлягаюць зьнішчэньню. Ад людзей хаваюць інфармацыю, лічыць глыбоцкі незалежны журналіст Зьміцер Лупач:

«Чаго ж людзі і абураюцца: ні „раёнка“ нічога не надрукавала, ні цэнтральныя газэты… Гэта ж нават немцы ў вайну і бальшавікі пасьля вайны ўсіх сьвіней не адбіралі! Таму ў народу стрэс. Кажуць, у панядзелак палова трактарыстаў на працу ня выйшла: усе сьвіней парадкавалі»…

Самога Зьмітра Лупача на сход у Дзеркаўшчынскі цэнтар культуры не пусьцілі: незалежнага журналіста перад землякамі абвясьцілі ні многа ні мала — патэнцыйным тэрарыстам. Мясцовая жыхарка спадарыня Таіса цытуе словы старшыні райвыканкаму Алега Морхата:

«Маўляў, тут праводзяць раённыя ўлады сход, і што гэта за міліцыя, што за ўчастковы, калі прапусьціў… А раптам ён з аўтаматам прыйшоў? Ну, і ўвогуле сход праходзіў у абстаноўцы нядобразычлівай з боку раённых уладаў — нібыта мы тут усе гультаі, п’яніцы і шкоднікі сабраліся, што будуць супраць нас РАУС падключаць… Але ж ні на якую пастанову, ні на які закон не спасылаліся, так што я маю права не пускаць нікога ў свой хлеў!»

Вэтэрынарны лекар Аляксандар Шчамлёў ня пэўны, што пяцікілямэтровая зона ўратуе ад распаўсюду хваробы — калі там добраахвотна ці гвалтам зьнішчыць пагалоўе сьвіней:
Пацукі, мышы, каты, бомж прыйшоў п’яны, у гнаі выкачаны, да кагосьці ў двор… Гэта несур’ёзныя захады!

«Пацукі, мышы, каты, бомж прыйшоў п’яны, у гнаі выкачаны, да кагосьці ў двор… Гэта несур’ёзныя захады! Трэба абвяшчаць надзвычайнае становішча. А гэта так, ня захады…»

Для чалавека, дарэчы, вірус афрыканскай сьвіной чумы пагрозы не ўяўляе, але есьці мяса хворай сьвіньні непажадана, працягвае адмысловец:

«Там жа запаленьне ідзе, значыцца, лейкацыты падвышаныя, гнойная палачка… Навошта ж такое есьці? Атруціцца не атруцісься, але адчуваць сябе будзеш ня вельмі добра ад такога мяса».

Дарэчы, экспэртыза так і ня выявіла вірусу афрыканскай чумы ў дохлых сьвіней са сьвінакомплексу «Маліноўшчына». Але жыхары навакольных вёсак усё адно мусяць зьнішчаць сваю жывёлу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG