Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка трымае паўзу


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Хоць афіцыйна сьвяткаваньні з нагоды 1025-годзьдзя прыняцьця хрысьціянства Кіеўскай Русьсю пачаліся ўжо 26 ліпеня, дагэтуль невядома, ці паедзе на іх Аляксандар Лукашэнка.

Пэўны запас часу ён яшчэ мае, бо асноўныя падзеі заплянаваныя на выходныя, 27–28 ліпеня. Пакуль жа дакладна вядома, што беларускага кіраўніка дагэтуль няма ў сьпісе прэзыдэнтаў замежных краін, якія будуць на сьвяткаваньнях.

Міністэрства замежных спраў Украіны сёньня паведаміла: удзел у сьвяткаваньнях 1025-годзьдзя хросту Русі пацьвердзілі прэзыдэнты Расеі, Малдовы і Сэрбіі. А прэсавая служба прэзыдэнта Ўкраіны апублікавала сьпіс сустрэч Віктара Януковіча зь лідэрамі замежных дзяржаў. У графіку ёсьць размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, Малдовы — Нікалае Цімофці, Сэрбіі — Томіславам Нікалічам. Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым сьпісе няма.

Паведамленьні пра тое, што Аляксандар Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у кіеўскіх мерапрыемствах, зьявіліся тыдзень таму ва ўкраінскіх мэдыях. Затым некаторыя СМІ гэтай краіны далі новую інфармацыю — нібыта беларускі кіраўнік адмовіўся наведаць Кіеў з-за таго, што яго «ня так запрасілі».

Некаторыя аналітыкі адразу згадалі гісторыю двухгадовай даўніны, калі беларускі кіраўнік не паехаў у Кіеў. Тады ў сталіцы Ўкраіны праводзіўся чарнобыльскі форум. На яго запрасілі старшыню Эўракамісіі Мануэля Барозу, якога беларускі лідэр незадоўга да гэтага параўнаў з казлом. Зразумела, што сустрэча Барозу з Лукашэнкам была непажаданая, а можа, і немагчымая. І таму Віктар Януковіч, якому былі патрэбныя эўрапейскія грошы на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай трагедыі, зрабіў выбар на карысьць Барозу. Лукашэнку, праўда, запрасілі, але з пэўнымі агаворкамі. За што прэзыдэнт Украіны і заслужыў рэзкія папрокі з боку беларускага калегі.

«Тая сытуацыя прынцыпова адрозьніваецца ад цяперашняй», — лічыць міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«Я ня бачу выразных падставаў, каб яму адмовіцца ехаць у Кіеў. Там жа будзе і ягоны сэрбскі сябар, і Пуцін. Больш за тое, мерапрыемствы і тут будуць. Гэта ж цэлы шэраг: Масква — Кіеў — Менск. Украінскі бок кажа, што няма афіцыйнага пацьвярджэньня зь Менску. Але я не выключаю, што ў Менску гэта робяць спэцыяльна, каб было больш увагі да візыту Лукашэнкі ў Кіеў. Я не кажу, што гэта безумоўны варыянт. Але магчымы».

«Я не адкідаў бы варыянт, што Лукашэнку маглі запрасіць «не зусім так» — кажа Свабодзе доктар палітычных навук Павал Вусаў:

Павал Вусаў
Павал Вусаў
«Лукашэнка даволі дэталёва ставіцца да фармату яго запрашэньня. Вядома, што ён езьдзіў на менш фарматныя, менш значныя сустрэчы, напрыклад, у Армэнію на запрашэньне свайго сябра-алігарха. Але не паехаць на сустрэчу такога роўню, можна сказаць, сымбалічна важную з гістарычнага пункту гледжаньня?! Гэта азначае сама меней плявок у бок і расейскага, і ўкраінскага прэзыдэнта. Гэта азначае, што, напэўна, ёсьць такія прычыны, пра якія мы ня ведаем, на роўні міжасабовых сувязяў паміж Лукашэнкам і Пуціным, Лукашэнкам і Януковічам.

І калі сапраўды Лукашэнка адмовіцца ехаць у Кіеў, гэта будзе азначаць, што ёсьць сур’ёзныя разыходжаньні што да палітыкі Беларусі і Расеі ў будучыні і што да фармату гэтых адносінаў. Магчыма, Лукашэнка пастаўлены Расеяй у такія некамфортныя палітычныя і стратэгічныя ўмовы, што ён імкнецца як мага менш сустракацца з расейскім прэзыдэнтам».

«Лукашэнка быў у Кіеве літаральна месяц таму», — згадвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Мабыць, яны зь Януковічам усе пытаньні павырашалі. Альбо ўпэўніліся, што яны невырашальныя. І ім далей няма пра што размаўляць. Казаць, што яны пасварыліся? Здаецца, такой інфармацыі нідзе не было.

Таму маё тлумачэньне — што гэта зьвязана з папярэднім візытам. Хоць можна было б яшчэ раз прадэманстраваць дружбу і г.д.».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG