Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведкі самагубства Валера Агірэнкі: Мы падумалі, гэта засада


На месцы здарэньня 25 ліпеня
На месцы здарэньня 25 ліпеня
Карэспандэнтка «Народнай волі» Марыя Малевіч апытала жыхароў кварталу па Садовай вуліцы, дзе жыў дырэктар гатэля «Плянэта» Валер Агірэнка, які 24 ліпеня скінуўся з балькона сваёй кватэры і загінуў. Словы жыхароў пацьвярджаюць вэрсію, пра якую Свабода паведаміла ўчора — што міліцыянты прыяжджалі да Агірэнкі раней за ягонае самагубства.

Марыя Малевіч расказала карэспандэнту Радыё Свабода: «Месца здарэньня — гэта такі зацішны кавалак забудовы, які стаў горадам зусім нядаўна, гэта былая вайсковая частка. Там усе адзін аднаго ведаюць і там шмат пэнсіянэраў, якія бачылі нешта пра здарэньне ці хаця б чулі. Я апытала, можа, чалавек 50 ці крыху меней. Гэта былі і пэнсіянэры, і людзі працоўнага ўзросту, і матулі зь дзецьмі. Тыя, хто жыў побач, усе казалі, што міліцыя там была ад самага ранку, з 8 ці 7 гадзіны. Людзі ішлі на працу і бачылі аўтамабілі міліцыі, якія стаялі каля трансфарматарнай будкі. Аўтамабіляў, паводле сьведак, было некалькі, а хуткая дапамога, як усе казалі, прыехала пасьля здарэньня. Таму мне падаецца, што вэрсія праваахоўнікаў пра тое, што яны нібыта хацелі зьняць чалавека з балькона, як цяпер паведамляюць, не вытрымлівае крытыкі. Бо чаму тады адразу ня выклікалі хуткую дапамогу? Быў жа шанец, што чалавек скочыць з балькона ў любы момант. Дык вось людзі бачылі міліцыянтаў зранку, але падумалі, што гэта такая засада. Раён там лічыцца небясьпечным, з дрэннай крымінагеннай абстаноўкай. Крадуць колы, разьбіваюць шкло аўтамабіляў. Вось і думалі, што некага хочуць злавіць. Ніхто б не падумаў, што ў самым цэнтры кварталу можа такое адбыцца».

— Што людзі казалі пра само здарэньне?

— З апытаных мною самога здарэньня ня бачыў амаль ніхто. Толькі адна дзяўчына сказала, што бачыла. Іншыя — што бачылі цела, ці — як мэдыкі і міліцыянты аглядалі месца пасьля таго, як цела забралі.
Мне падаецца, што вэрсія праваахоўнікаў пра тое, што яны нібыта хацелі зьняць чалавека з балькона, як цяпер паведамляюць, не вытрымлівае крытыкі

— Вашы сьведкі пацьвярджаюць словы нашай сьведкі пра тое, што мужчына ляжаў у адных трусах і ў яго на руках была кроў?

— Тут паказаньні разыходзяцца. Так, некаторыя казалі, што чалавек быў у крыві і рукі былі ў крыві. Але ў канцы я пачула і вэрсію пра тое, што зь няшчаснага тырчаў нож… Гэта, магчыма, пачаў працаваць «народны фальклёр». Але я сама бачыла дакладна, што ніводнае шкло на вокнах той кватэры не пабітае і парэзацца чалавек, калі скочыў, ня мог.

— Сьведка, якую знайшла Свабода, казала, што ён скочыў з балькона, таму шкло і не магло быць пабітым. Што людзі казалі пра асобу нябожчыка?

— Усе ў адзін голас казалі, што чалавек быў прыстойны. Казалі, што не маглі б падумаць, каб ён быў нячысты на руку. Жыў у звычайнай кватэры, якую атрымаў, калі яшчэ служыў у войску. Ён быў адстаўніком, і людзі згадвалі, што дапамагаў ладзіць сьвяты для выпускнікоў вайсковай акадэміі ў сваім гатэлі «Плянэта». Казалі, што паводзіў сябе добра, нейкіх здарэньняў зь ягоным удзелам ня згадвалі. Увогуле, некаторыя не маглі паверыць, што побач зь імі жыў чалавек, які займаў такую даволі высокую пасаду. Пра сям’ю казалі, што жыў з жонкай.

Сьледчы камітэт РБ заявіў, што міліцыянты выяжджалі да Валера Агірэнкі па званку суседзяў.

«Суседзі патэлефанавалі на нумар 102 і паведамілі, што на парэнчах балькона на 8-м паверсе сядзіць мужчына і зьбіраецца кульнуцца ўніз. Празь некалькі хвілін прыбыла апэратыўная група, але яна нікога ня выявіла. Празь нейкі час суседзі нябожчыка зноў патэлефанавалі ў міліцыю і зноў паведамілі, што мужчына сядзіць на парэнчах балькона. Міліцыянты вылічылі нумар кватэры і пачалі падымацца на 8 паверх. У гэты час мужчына зваліўся з восьмага паверху», — паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG