Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загаварыў пра сьвіную чуму

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню публічна выказаў сваю думку наконт эпізаотыі сьвіной чумы, якая зафіксаваная ў дзьвюх абласьцях і ад якой церпяць гаспадаркі.

Аляксандар Лукашэнка заклікае не рабіць катастрофы з сытуацыі з афрыканскай чумой сьвіней. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытаньне БЕЛТА.

Лукашэнка сказаў, што ўлады зрабілі ўсе неабходныя захады дзеля нераспаўсюджваньня афрыканскай чумы сьвіней і што ён ня бачыць тут «ніякай катастрофы»:

«Гэтая бяда прыйшла да нас збоку. Я не хачу нікога тут абвінавачваць, вы ведаеце, што адбываецца ў нашых суседзяў. Гэта сьведчыць пра тое, што сьвет вельмі ўзаемаўвязаны, і нам прыйдзецца з гэтым змагацца. Я ня бачу тут ніякай катастрофы, як гэта звычайна раскручваецца».

Паводле ягоных слоў, нават Захад прызнаў, што ў Беларусі эфэктыўна змагаюцца з гэтым захворваньнем.

Лукашэнка сказаў, што вірус АЧС гіне пры тэмпэратуры 60 градусаў, таму дастаткова тэрмічнай апрацоўкі, каб вірус загінуў.

Паводле Лукашэнкі, асяродкі захворваньня вызначаныя:

«Мы цяпер працуем з насельніцтвам, каб лякалізаваць гэтыя асяродкі, каб яны ня мелі распаўсюджваньня».

Лукашэнка адзначыў, што найбольшую занепакоенасьць выклікае сытуацыя з асабістымі падворкамі насельніцтва:

«На комплексах мы парадак навядзём, гэта прасьцей. Я ўжо папрасіў, каб зьвярнуліся да людзей, калі ўжо такое здарылася, адправіць на забой свойскіх сьвіней. Ці мы забярэм, дзяржава заплаціць, бо немалыя грошы плацяць, і ажыцьцявіць забой, ці вы самі, дома».

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што вядзецца праца і па прадухіленьні распаўсюджваньня віруса сярод дзікіх жывёл.

«Трэба эфэктыўна змагацца з гэтай заразай, хоць яна і ня шкодная для чалавека, — лічыць Лукашэнка. — Я ня бачу тут асаблівых праблемаў, у гэтым напрамку мы вельмі жорстка дзейнічаем».
Не перажывайце: елі шашлык са сьвініны і ежце

Ён адзначыў, што КДБ і пракуратуры даручана ажыцьцяўляць нагляд за дзейнасьцю ўсіх структур, пачынаючы ад ураду і заканчваючы вэтэрынарным лекарам канкрэтнага ўчастку, назіраць, як яны дзейнічаюць у гэтай сытуацыі.

«А сьвініна — вы, па-мойму, яе ўжывалі і ўчора, і сёньня, — сказаў прэзыдэнт. — Таму не перажывайце: елі шашлык са сьвініны і ежце. Толькі не купляйце мяса на вуліцы, лепш на рынку і ў крамах».

Гаворачы пра сябе асабіста, Аляксандар Лукашэнка расказаў, што аддае перавагу курынаму мясу і ялавічыне:

«Але часам таксама ўжываю і цяпер сьвініну. І ня трэба думаць, што прэзыдэнта вартуе куча людзей і правярае кожны кавалак ежы. Нічога падобнага! На Камароўцы, як і вы, асобныя прадукты закупляем».




У Расеі вірус распаўсюджваецца з 2007 году, за гэты час там зьнішчаныя сотні тысяч сьвіней. Сёлета ён дабраўся да Белгарадзкай вобласьці на мяжы з Украінай, дзе вырабляецца амаль чвэрць усёй сьвініны ў Расеі. Паводле зьвестак, пададзеных на сайце Рассельгаснагляду, на 19 ліпеня ў РФ зарэгістравана 85 актыўных асяродкаў АЧС.

У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня выпадкі АЧС былі зарэгістраваныя ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях Беларусі, у сувязі з чым Рассельгаснагляд абмежаваў увоз у Расею сьвініны з гэтых рэгіёнаў. Пра ўвод абмежаваньняў на беларускую сьвініну абвясьцілі Літва і Ўкраіна, Польшча хоча адгарадзіцца ад Беларусі плотам.

Раней кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі Леанід Заяц заяўляў, што вірус сьвіной чумы мог быць занесены ў краіну з кармамі для жывёлы, якія паходзілі з Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG