Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архітэктар Лявонцій Зданевіч: Менск псуюць не спадарожнікавыя талеркі


25 ліпеня пачалася ініцыяваная апазыцыяй грамадзянская кампанія, скіраваная на спыненьне фактычнай ліквідацыі спадарожнікавага тэлебачаньня ў Менску. Старшыні Менскага гарвыканкаму перадалі ліст-зварот з прапановай спыніць здыманьне спадарожнікавых антэн з фасадаў дамоў. Генэральнага пракурора просяць праверыць — ці не парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзянаў на свабоду інфармацыі? 14 жніўня на плошчы Бангалор зьбіраюцца правесьці адпаведны пікет.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька так патлумачыў журналістам неабходнасьць супраціву:

«Для істоты патрэбная талерка з супам, талерка з бульбай. А вось для чалавека, Homo sapiens, вельмі важная яшчэ і талерка, напоўненая інфармацыяй. Тым больш інфармацыяй дакладнай і альтэрнатыўнай. Менавіта таму мы і ўздымаем гэтую тэму. Ідуць сыгналы (і іх дастаткова шмат), што ў розных раёнах Менску людзі атрымліваюць альбо разам з жыроўкамі, альбо ў асобных канвэртах прапановы, дзе ў больш мяккай, а дзе ў больш жорсткай форме — зьняць спадарожнікавыя талеркі».

Партыйныя актывісты зьвярталіся па тлумачэньне ў гарвыканкам і выканкамы некаторых раёнаў. Адказ паўсюль аднолькавы: Менск — прыгожы горад, а раскіданыя як прыйдзецца па фасадах дамоў спадарожнікавыя талеркі псуюць ягоны выгляд.

Лявонцій Зданевіч
Лявонцій Зданевіч
Архітэктар Лявонцій Зданевіч з мастацкага пункту гледжаньня ня бачыць у спадарожнікавых талерках праблемы:

«Таму што гэтае пытаньне — пытаньне жыцьця. Сёньня такі тэхнічны ўзровень, а заўтра будзе іншы. І талеркі могуць наагул зьнікнуць праз два-тры гады, будзе іншая тэхналёгія. Сёньня гэтая зьява патрэбная людзям. І няхай яна будзе. Улады хочуць узяць усталёўваньне талерак пад сваю манаполію, свой кантроль. Напэўна, хочуць грошы з гэтага мець.

Ёсьць іншыя рэчы, якія значна больш псуюць сылюэты нашых гарадоў. Гэта, напрыклад, жылы дом на Старажоўцы, гатэль у парку Горкага. Вось гэта — сапраўды праблемы. І гэтыя аб’екты шкодзяць у тысячы разоў болей за гэтыя талеркі. У талерках я праблемы ня бачу».

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец бачыць у дзеяньнях уладаў, акрамя жаданьня абмежаваць людзей у інфармацыі, яшчэ і чарговы бюракратычны замах:

«Гэтае рашэньне — адно з тых, якія дэманструюць адарванасьць уладаў і носяць абсалютна бюракратычны характар. Бо гэта тычыцца ня толькі талерак. Гэта тычыцца і кандыцыянэраў. І нават некаторых відаў рамонту ў кватэрах.

Адной пастановай улады ствараюць вялікую колькасьць правапарушальнікаў, пераводзячы грамадзянаў у шэрагі парушальнікаў. Пры гэтым не зрабіўшы нічога, каб спрасьціць працэдуру атрыманьня такіх дазволаў».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG