Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Эўразійскай эканамічнай камісіі Шумчанка непажаданы


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Рэспубліканскае аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» зрабіла заяву ў сувязі з тым, што Эўразійская эканамічная камісія Мытнага саюзу адмовілася запрасіць на пасяджэньне кансультатыўнага камітэту лідэра «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанку.

Рада аб’яднаньня вырашыла, што калі Шумчанку не запросяць, то ніхто зь яго прадстаўнікоў на перамовы ў Маскву не паедзе.

Кансультатыўны камітэт павінен заняцца вырашэньнем праблемных пытаньняў прадпрымальнікаў, якія ўзьнікаюць у сувязі з увядзеньнем заканадаўства Мытнага саюзу.

Як гаворыцца ў заяве аб’яднаньня, асноўным аргумэнтам зьяўлялася тое, што нібыта Шумчанка «палітычная фігура апазыцыі і арганізатар масавых акцый пратэсту, якому непажадана браць удзел у працы Эўразійскай эканамічнай камісіі».

Прадстаўнік дэпартамэнта прадпрымальніцтва ЭЭК заявіў Шумчанку, што кіраўніцтва вырашыла яго не запрашаць, але можа запрасіць прапанаваных ім экспэртаў.

Раней прадстаўнік Камісіі на форуме прадпрымальнікаў у Менску 24 чэрвеня публічна запрасіў лідэра «Пэрспэктывы» узяць удзел у працы кансультатыўнага камітэту.

Аб’яднаньне заклікала Эўразійскую эканамічную камісію кіравацца прынцыпамі разумнасьці і добрасумленнасьці.

«На карту пастаўлена рэпутацыя новай структуры пад назвай Мытны саюз, а таксама рашэньне праблемных пытаньняў «Тэхнічнага рэглямэнту» для прадпрымальнікаў Беларусі, чые інтарэсы не былі ўлічаны і інтарэсы, якіх прадстаўляе «Пэрспэктыва», — адзначаецца ў заяве.

Падчас страйку прадпрымальнікаў у Менску 27 чэрвеня Анатоля Шумчанку затрымалі і асудзілі на 5 сутак арышту. Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне «Пэрспэктыве» нібыта за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

«Пэрспэктыва» адмяніла плянаваны на 15 ліпеня «Марш пратэсту» прадпрымальнікаў супраць увядзеньня тэхрэглямэнту Мытнага зьвязу аб бясьпецы лёгкай прамысловасьці, спадзеючыся на дыялёг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG