Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляева вызвалілі завочна

Суд Ленінскага раёну Менску вызваліў былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева ад пакараньня.


10:41 25.7.2013
На пытаньне Свабоды ці будзе ён удзельнічаць у выбараў, Някляеў адказаў:

«Яшчэ падчас суду пасьля Плошчы, я заяўляў, што не прызнаю сябе вінаватым і не буду выконваць іх абмежаваньні. Так і зараз. Я дакладана не ведаю ці буду выстаўляць сваю кандыдатуру, але дакладна магу сказаць, што не буду гэтае пытаньне ўзгадняць з уладамі, а буду дзейнічаць згодна свайго пляну».

У пастанове суду радка «судзімасьць зьнятая» няма. Таму юрысты пакуль самі дакладна не могуць сказаць, як гэта могуць трактаваць дзяржаўныя органы, у тым ліку і ЦВК.

Паводле камэнтару адвакаткі Тамары Сідарэнкі, удзел Някляева ў будучых прэзыдэнцкіх выбарах пасьля гэтага суду ўсё роўна пад пытаньнем:

«Судзімасьць — гэта тое, што чалавек яшчэ нейкі час лічыцца судзімым. А потым яна гасіцца, і чалавек больш ня лічыцца судзімым. Але факт прыцягненьня да судовай адказнасьці застаецца, і ён можа паўплываць на рашэньне ЦВК аб рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта, калі Ўладзімер Някляеў пажадае ўзяць удзел у новых выбарах».

Праваабаронца зь «Вясны», юрыстка Тацяна Равяка:

«Пытаньне вырашаецца проста: трэба глядзець у пастанову суду аб спыненьні крымінальнага перасьледу. Калі там напісана, што судзімасьць зьнятая, значыць, Някляеў можа вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах любога ўзроўню. Калі такога запісу няма і судзімасьць ня зьнятая, гэта азначае, што бліжэйшыя два гады спадар Някляеў ня можа вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах».

Паводле Ўладзімера Някляева, запісу аб зьняцьці зь яго судзімасьці ў дакумэнце, які ён атрымаў, няма. «Але ў любым выпадку я буду кіравацца ня гэтым дакумэнтам, а сваім меркаваньнем», — сказаў Уладзімер Някляеў пра будучую палітычную дзейнасьць.
10:38 25.7.2013
Уладзімер Някляеў судзьдзю сваю так і не пабачыў. Пастанову ўручыла сакратарка, якая паведаміла, што судзьдзя цяпер на іншым працэсе па скасаваньні шлюбу.
10:17 25.7.2013
Някляеў заявіў, што пакуль не адчувае сябе вольным чалавекам. Кажа, што яго перавялі ў асобнай камэры ў агульную. «У Беларусі ўсе грамадзяне ў пэўным сэнсе вязьні і закладнікі, нават нявольнікі», — заявіў Някляеў.

Ён згадаў візыт кіраўніка МЗС Беларусі у Брусэль. Маўляў, Макея запрашалі абмеркаваць вызваленьне палітвязьняў, а ён там стаў імі гандляваць, як нявольнікамі.

Някляеў паабяцаў, што будзе працягваць змагацца «каб гэты рэжым зьнік».

Былы палітвязень таксама паведаміў пра свае бліжэйшыя пляны: наведаць роднае мястэчка Крэва, куды не змог патрапіць на Дзяды, бо ня меў дазволу на выезд зь Менску.
10:12 25.7.2013
Уладзімер Някляеў зайшоў у кабінэт да судзьдзі і выйшаў з пастановай суду ад 23 ліпеня 2013 году, у якой гаворыцца, што ён вызвалены ад пакараньня.

«Я вольны! Суд прайшоў без мяне, без адвакатаў», — заявіў Уладзімер Някляеў.

На працэс прыехалі прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, якія, як і ўсе прысутныя, зьдзіўленыя такім працэсам.
10:04 25.7.2013
Судзьдзя – Вольга Коцур.
10:01 25.7.2013
Удзельнікаў працэсу запускаюць у залю.

Перад гэтым міліцыя перапісала дадзеныя журналістаў, якія асьвятляюць працэс.
09:59 25.7.2013
Някляеў заявіў Радыё Свабода, што «гэтага суду не павінна было быць, бо я не вінаваты».

Някляеў прызнае, што мае два парушэньні рэжыму.

Аднак ён спадзяецца на лепшае для яго рашэньне суду.
09:58 25.7.2013
У суд прыехаў Уладзімер Някляеў.
09:55 25.7.2013
Пачатак суду заплянаваны на 10-ю раніцы.
09:44 25.7.2013
19 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску зьняў пакараньне з журналісткі Ірыны Халіп.
09:37 25.7.2013
Пра першы суд над Някляевым чытайце тут
09:37 25.7.2013
09:35 25.7.2013

Даведка Радыё Свабода — Уладзімер Някляеў


Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 г. у Смаргоні.

Вучыўся ў Менскім электратэхнікуме сувязі, на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту, скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту.

Паэт, празаік, грамадзка-палітычны дзяяч, ляўрэат шэрагу прафэсійных і дзяржаўных узнагародаў за літаратурную дзейнасьць.

Жанаты, мае дзьвюх дачок.

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье.

Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў з газэтай «Знамя юности», рэдагаваў бюлетэнь «Тэатральны Менск», быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

З 1998 па 2001 г. старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Зь ліпеня 1999 г. жыў у Польшчы, публічна абвясьціўшы аб разрыве зь беларускімі ўладамі. Жыў таксама ў Фінляндыі.

У 2005 г. абраны кіраўніком беларускага ПЭНцэнтру.

У 2009 г. добраахвотна пакінуў пасаду.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якой улады адмовілі ў рэгістрацыі.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 г.

19 сьнежня 2010 г. быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага 2011 г. агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць Някляева на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне замененае на больш мяккае — арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх.

20 траўня 2011 г. судзьдзя Фрунзэнскага суду Менску Жана Жукоўская асудзіла Някляева на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.
09:34 25.7.2013
Радыё Свабода пачынае жывы рэпартаж з суду на Ўладзімерам Някляевым.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG