Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд даў Халіп свабоду

абноўлена

19 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску зьняў пакараньне з журналісткі Ірыны Халіп.


Ірына Халіп: «Былых палітвязьняў у нас не бывае»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00

Ірына Халіп: «Былых палітвязьняў у нас не бывае»

14:41 19.7.2013
Някляеў: «І зноў не па-людзку»

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў кажа, што ягонае стаўленьне да сёньняшняга рашэньня суду станоўчае:

«Невінаваты чалавек нарэшце прызнаны невінаватым.

А да таго, як гэта ўсё адбывалася і абстаўлялася, у мяне стаўленьне адмоўнае. Учынілі зноў на роўным месцы праблему і напружаньне. У нас што не робіцца, усё выходзіць як заўсёды. Таму што сама сыстэма ставіць людзей у стан няпэўнасьці. Ні судзьдзя, ні міліцыянт, ні сакратарка суду ня ведаюць, што ім будзе, калі яны зробяць так альбо гэтак. Калі б яны рабілі ўсё гэта самастойна, без таго, што ім спускаецца „зьверху“, то ўсё было б па-людзку. А так...»
14:06 19.7.2013

Лабковіч: «Адкрыты суд хацелі зрабіць закрытым»


Сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч адзначае, што суд над Ірынак Халіп быў найперш знакавы сваёй працэдурай:

«Нават у сытуацыі фармальнага працэсуальнага паседжаньня, бо ў Ірыны Халіп няма спагнаньняў, да яе няма прэтэнзіяў з боку адбыцьця адтэрміноўкі, судзьдзя абсалютна дэманстратыўна ігнаравала правы журналістаў і ўвогуле правы грамадзтва. Была зладжаная абсалютна незразумелая кляўнада са спробай адкрыты суд зрабіць закрытым, схаваць за кратамі калідора Ірыну Халіп і яе адваката і правесьці фактычна закрытае паседжаньне.

Гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што нават на такім фармальным роўні ў нас, у Беларусі, адсутнічае элемэнтарны доступ да правасудзьдзя. А судовая сыстэма скіраваная не на тое, каб бараніць правы грамадзянаў, а ёсьць насамрэч частка палітычна рэпрэсійнага апарату».
13:29 19.7.2013

Гразнова: «Рашэньне з разьлікам на Брусэль»


Кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Праваабарончы альянс», які зарэгістраваны ў Вільні, Людміла Гразнова лічыць, што сёньняшняе рашэньне па справе Ірыны Халіп зроблена з разьлікам на станоўчую рэакцыю з боку Брусэлю:

«Гэта рашэньне было вынесена ў прававым рэчышчы. Але ж тут трэба ўлічваць, што у нас усе дзейнічаюць у палітычных варунках. І таму тлумачэньне трэба шукаць, гледзячы на гэтыя варункі.

У тым пляне, што ў нейкім сэнсе адліга ўсё ж адбываецца. Беларускім уладам зараз невыгадна абвастраць унутрыпалітычную абстаноўку, каб гэтым не сапсаваць дыялёг з эўрапейскімі краінамі».
13:00 19.7.2013

Бастунец: «І сёньня прынцып галоснасьці парушалі»


Намесьнік старшыні праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец камэнтуе судовае рашэньня ў справе журналісткі Ірыны Халіп:

«Ірына Халіп вызваленая ад пакараньня. Гэта азначае і яшчэ зьняцьцё зь яе судзімасьці і аднаўленьня яе ў правах. Зразумела, гэта можна толькі вітаць.

І тым ня менш я заўважыў, што сам судовы працэс праходзіў з парушэньнем прынцыпаў галоснасьці: не дазваляўся аўдыазапіс, не пускалі ў залю відэа- і фотакарэспандэнтаў».
11:43 19.7.2013

Халіп: Краіна падпарадкоўваецца людзям, якія парушаюць законы


Уладзімер Халіп, бацька Ірыны, сказаў, што вельмі рады гэтаму рашэньню, але збольшага проста памянялася клетка, у якой знаходзіцца ягоная дачка.

«І гэта ўжо мянялася раней: спачатку яна 5 месяцаў пражыла ў ізалятары КДБ, потым пад хатнім арыштам, потым — пад пільным наглядам міліцыі; але тое, што зараз зь яе зьнялі пакараньне не азначае, што яна стала вольнай, бо мы ўсе жывем ва ўмовах дыктатуры. Уся краіна падпарадкоўваецца людзям, якія парушаюць законы», — заявіў Уладзімер Халіп.
11:41 19.7.2013


Адвакат Ірыны Халіп Ганна Бахціна пракамэнтавала затрымку з працэсам, якая адбылася сёньня раніцай. Яна сказала, што паводле закону, працэс мусіў пачацца, і потым судзьдзя мусіла вырашыць у законным парадку, ці дазваляць весьці фота- і відэаздымкі. Замест гэтага судзьдзя запатрабавала, каб фота- і відэажурналісты пакінулі сваю тэхніку па-за межамі залі.

Ганна Бахціна не камэнтуе рашэньне судзьдзі, але кажа, што паводле закону фота- і відэажурналісты маглі прысутнічаць на пачатку працэсу, і ўвогуле, як яна мяркуе, яны маглі прысутнічаць і падчас самога працэсу.
11:20 19.7.2013
Халіп заявіла, што ня будзе казаць «дзякуй» за гэтае рашэньне ўладаў.

«Былых вязьняў не бывае. Гэта даказаў досьвед Яроменка і Парфянкова», — адзначыла Халіп.

Яна назвала беларускія ўлады фашыстоўскім рэжымам.

Умовы адбыцьця пакараньня журналістка апісала як «невыносныя».

Гаворачы пра крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Партызанскага раёну, Халіп заявіла, што яны вельмі карэктныя людзі.
11:10 19.7.2013
Суд Партызанскага раёну зьняў пакараньне з журналісткі Ірыны Халіп.

Заля сустрэла гэтае рашэньне аплядысмэнтамі.
11:00 19.7.2013
Судзьдзя пайшла выносіць рашэньне.
10:59 19.7.2013
На працэсе зачыталі даведкі зь міліцыі, што МУС правядаў, як Халіп выконвае патрабаваньні адтэрміноўкі.

Судзьдзя запыталася ў пракурора. Тая падтрымала прапанову вызваліць Халіп.
10:56 19.7.2013
Зачытваюць матэрыялы справы. У тым ліку характарыстыку з працы.

Дзьмітры Муратаў, галоўны рэдактар «Новай газэты» у характарыстыцы адзначыў, што 19 сьнежня 2010 Ірына Халіп выконвала рэдакцыйнае заданьне па сьвятленьню выбараў.
10:53 19.7.2013
Крымільна-выканаўчая інспэцыя папрасіла суд вызваліць Халіп ад пакараньня.

Ірына падтрымала.
10:52 19.7.2013
Паседжаньне пачалося.
10:49 19.7.2013
Прадстаўніца абвінавачваньня — Сакалова.
10:49 19.7.2013
У залі правяраюць, у каго засталася апаратура.
10:38 19.7.2013
Зноў запускаюць ў залю, але праз другі ўваход. Правяраюць рэчы.

Не дазваляюць праходзіць у залю з ноўтбукамі.
10:36 19.7.2013
Усіх запрасілі ў залю і папярэдзілі, што будуць запускаць праз дугі уваход без апаратуры.

Халіп паведаміла, што пасьпела атрымаць папярэджаньне, нібыта, за непавагу да суду. Аднак яна разглядае рашэньне як пэўную перамогу.
10:35 19.7.2013
Выйшла Халіп і паведаміла, што судзьдзя часткова задаволіла хадайніцтва пра прысутнасьць публікі.

Судзьдзя дазволіла прысутнічаць толькі без фота і відэа апаратуры.
10:30 19.7.2013
Сяргей Сыс з «Вясны» мяркуе, што судзьдзя Рыта Шаграй адхіліла адвод Ірыны Халіп і пачала разгляд справы ў кабінэце.

«Калі б яна задаволіла адвод, то усе выйшлі б кабінэта, а працэс адклалі. А паколькі ніхто не выйшаў, значыць, пачала разгляд справы без публікі», — патлумачыў Сыс.
10:25 19.7.2013
Судзьдзя вярнулася ў кабінэт.

Таксама і Халіп з адвакатам.

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG