Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піваварчык не камэнтуе афрыканскую чуму ў Расеі


Галоўны дзяржаўны вэтэрынарны інспэктар Рэспублікі Беларусь Юрый Піваварчык ня стаў камэнтаваць паведамленьні пра тое, што ў Смаленскай вобласьці знойдзеныя ачагі афрыканскай чумы сьвіней.

Пра сытуацыю ў Смаленскай вобласьці паведаміў на сваім сайце «Россельхознадзор».

На пытаньне, ці гэта можа быць неяк зьвязана з сытуацыяй у Беларусі, спадар Піваварчык сказаў:

«Я не магу камэнтаваць, што адбываецца ў Расеі. Тэлефануйце туды, у Расею».

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці скончылася афрыканская чума сьвіней ў Беларусі, спадар Піваварчык сказаў, што ён не можа адказаць, бо ў яго пачалася нарада. І наогул, трэба падаваць пісьмовы запыт, каб атрымаць інфармацыю пра афрыканскую чуму.

На афіцыйным сайце беларускага дэпартамэнта вэтэрынарнага і харчовага нагляду пра новыя ачагі афрыканскай чумы сьвіней не паведамляецца. Апошняе паведамленьне датавана 4 ліпеня, пра ўспышку чумы на сьвінакомплексе «Лучоса» Віцебскага раёна.

Тым часам афіцыйны беларускі тэлеканал ОНТ паведаміў пра тое, што Беларусь увяла забарону на пастаўкі сьвініны з Маскоўскай, Валгаградзкай, Цьвярской і Белгарадзкай абласьцей Расеі. Таксама тэлеканал падрабязна распавядае пра сытуацыю ў Расеі: “Вогнішчы з характэрным пахам шашлыку зараз гараць у агульнай складанасьці ў 20 раёнах Расеі. У некаторых гаспадарках лік ліквідаваных жывёл ідзе на тысячы”.

Раней галоўнае ўпраўленьне міністэрства надзвычайных сытуацый РФ па Смаленскай вобласьці адкрыла карантынавыя пасты на мяжы зь Беларусьсю для прадухіленьня распаўсюду афрыканскай чумы сьвіньняў.

Галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка скэптычна ацаніў пляны Літвы адгарадзіцца ад чумы ў Беларусі плотам. Ён сказаў, што АЧС можа быць занесена шляхам нелегальнага завозу заражанага мяса альбо празь зерне. «Калі ў нейкім рэгіёне ёсьць АЧС, то з гэтага рэгіёну нельга вывозіць збожжа», — удакладніў Анішчанка.

Ён таксама лічыць, што вірус у пэрспэктыве можа стаць небясьпечным для людзей. Анішчанка адзначыў, што цяпер на АЧС хварэюць толькі жывёлы, і найбольш эфэктыўным спосабам прадухіленьня гэтага захворваньня зьяўляюцца «вельмі жорсткія карантынавыя захады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG