Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як і падчас панаваньня КПСС, квітнеюць паказуха, крывадушнасьць, падхалімства і падман...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 17 ліпеня 2013 году


Значная частка пошты Свабоды — гэта водгукі на пачутае ў эфіры альбо прачытанае ці ўбачанае на нашым сайце. Найчасьцей людзі бяруцца за ліст тады, калі тэма датычыць іхнага штодзённага жыцьця, клопатаў і праблемаў, зь якімі часта даводзіцца сутыкацца ў побыце.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу нашага даўняга сябра Андрэя Зязюліна зь Віцебску. Слухача цікавіць і турбуе тое, што адбываецца цяпер у нацыянальнай эканоміцы. У сваім лісьце ў рэдакцыю ён піша:

«Даўно слухаю перадачы Свабоды на старэнькім, але якасным прымачы ВЭФ 200. Ня так даўно мой сын набыў кампутар, і я змог карыстацца сецівам. Так я адкрыў для сябе сайт Свабоды, атрымаў магчымасьць у любы час мець цікавую інфармацыю. У прыватнасьці, мне неабыякава тое, што цяпер адбываецца ў беларускай і ўвогуле ў постсавецкай эканоміцы. На Свабодзе былі вельмі цікавыя матэрыялы пра вялізныя запасы трактароў на складах завода МТЗ у Менску. З сайту Свабоды я даведаўся і пра лёс рыскага заводу ВЭФ, які разьдзяліўся на некалькі прыватных прадпрыемстваў.

Асабіста для мяне ніколі не было сакрэтам, што мой ВЭФ, які ўжо даўно стаў для мяне прадметам мэблі і вакном у навакольны сьвет, насамрэч быў маленькім агрызкам мілітарызаванай савецкай прамысловасьці. І лёс гэтага завода пасьля таго, як Латвія здабыла незалежнасьць, быў цалкам прадказальны. Тым больш што на Захадзе такая ж прадукцыя і больш якасная, і таньнейшая...

Між іншым, цяпер дэіндустрыялізацыя дапаўзла і да нас. Беларусь фармальна пакуль не ўступіла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, але фактычна пасьля ўступленьня туды Расеі вымушана выконваць усе правілы гэтай арганізацыі. Нашы тавары ўсё цяжэй прадаюцца на міжнародным рынку. І гэтыя праблемы, як сьцьвярджаюць многія экспэрты, у бліжэйшыя гады будуць толькі нарастаць. Дык ці патрэбна было гэта Беларусі? Варта было б Свабодзе наладзіць у сваім эфіры дыскусію на гэтую тэму: атрымалася б надзвычай цікавая размова»
.

Беларускія ўлады ўсяляк адтэрміноўвалі ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, але ці пайшло гэта на карысьць нацыянальнай эканоміцы — пытаньне спрэчнае. Вядома, кіраўніцтва беларускіх прадпрыемстваў было задаволенае тым, што ўрад сваім высокім мытам усяляк аберагае іх ад канкурэнцыі з замежнымі вытворцамі, стварае ім цяплічныя ўмовы на ўнутраным рынку. Што можа быць прасьцей: паднімі мыта на замежны тэлевізар так, каб ён быў удвая даражэйшы за айчынны аналяг — і спажывец вымушаны будзе купляць няхай і ня надта якасны, але беларускі тавар. Але, зь іншага боку, гэта зусім не спрыяе таму, каб нацыянальныя вытворцы дбалі пра мадэрнізацыю, пра тое, каб зрабіць сваю прадукцыю больш канкурэнтнай на міжнародным рынку. З наступствамі такой палітыкі беларуская эканоміка, уласна, цяпер і сутыкнулася — у выглядзе заваленых гатовай прадукцыяй прамысловых складоў. І на гэтую прадукцыю надзвычай цяжка знайсьці пакупніка ва ўмовах, калі даводзіцца канкурыраваць згодна з правіламі, прынятымі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Наступны ліст даслаў нам Віталь Макаловіч зь вёскі Няловы Веткаўскага раёну. Слухач разважае пра тое, што аб’ядноўвае цяперашнюю сыстэму ўлады, якая дзейнічае ў Беларусі, з камуністычным рэжымам у СССР. Спадар Віталь піша:

«Нават калі раней Лукашэнка і ня быў артадаксальным камуністам, то цяпер, падобна, падае сябе перад сьветам як апошні з магікан-камуністаў. Хоць што можна ідэалізаваць у савецкім мінулым, у дзейнасьці КПСС? Ды няма чаго! Падман, хлусьня, крывадушнасьць, утойваньне праўды, мільёны нявінна загубленых чалавечых душ... І ўсё абгрунтоўвалася высакароднымі мэтамі і добрымі намерамі... Але ж нездарма кажуць, што такімі намерамі выбрукавана дарога ў пекла...

Я на ўласным прыкладзе ня раз пераконваўся: права і праўды ў нашай дзяржаве няма. Жыцьцё многіх добрасумленных прыстойных людзей калечыцца. Дамагчыся справядлівасьці часта немагчыма. Як і падчас панаваньня КПСС, квітнеюць паказуха, крывадушнасьць, падхалімства і падман. Прычым датычыць гэта ўсёй сыстэмы, у тым ліку і нашых так званых народных дэпутатаў. Колькі разоў зьвяртаўся да іх са сваімі праблемамі — заўсёды знаходзяць розныя адгаворкі, каб нічога не рабіць. У выніку словаў шмат, а справы — ніякай»
.

Цяперашнія так званыя «дэпутаты» — такая ж залежная і паднявольная частка аўтарытарнай сыстэмы, як і любы чыноўнік. Усім вядома, што іх не абіраюць, а прызначаюць органы выканаўчай улады. Паспрабуе які-небудзь такі «дэпутат» адстойваць пазыцыю, адрозную ад афіцыйнай, — тут жа страціць і дэпутацкі мандат, і ўсе адпаведныя прывілеі ды льготы... У гэтым сэнсе цяперашняя сыстэма псэўдавыбараў і псэўдавыбарных органаў улады нічым не адрозьніваецца ад колішняй савецкай.

Наш слухач Ігар Сьцябуля зь Менску свой новы ліст на Свабоду напісаў пасьля таго, як пачуў у нашым эфіры тэлефанаваньне аднаго слухача, які перакананы, што жыцьцё ў дэмакратычных краінах значна меней камфортнае і ўладкаванае, чым у Беларусі. Спадар Ігар з нагоды пачутага піша:

«Асабліва ўразіў аргумэнт пра тое, што ў заходніх краінах, адрозна ад Беларусі, у грамадзкім транспарце не абвяшчаюць праз дынамік прыпынкі. Весела было слухаць гэтую лухту... Гэта ж трэба было дадумацца. Няхай бы гэты аматар дынамікаў казаў ужо пра наш супэр-сэрвіс да канца. Гучна ў беларускім грамадзкім транспарце цяпер ня толькі абвяшчаюць прыпынкі, але яшчэ і навязьліва рэклямуюць розны неліквід, які, відаць, ня надта ахвотна купляюць беларусы — нейкія швабры, угнаеньні, гігіенічныя пракладкі, пампэрсы... Няўжо такая навязьлівая рэкляма — гэта і ёсьць камфорт, клопат улады пра насельніцтва? Вось такі савецкі сэрвіс чакае ўдзельнікаў і гасьцей хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году (калі толькі ён яшчэ адбудзецца ў цяперашняй Беларусі, у чым асабіста я моцна сумняюся).

У грамадзкім транспарце ў шмат якіх эўрапейскіх краінах часта пазьбягаюць гукавых абвестак толькі з той прычыны, што існуюць сьветлавыя інфармацыйныя таблё. На іх інфармацыя аб прыпынках значна больш поўная і пэўная, чым праз дынамік ва ўмовах транспартнага шуму. Асабліва гэта актуальна для турыстаў, якім часта цяжка ўлавіць сэнс сказанага на чужой мове...

Гукавая рэкляма, якую, сапраўды, апошнім часам часта практыкуюць менскія ўлады ў грамадзкім транспарце — гэта ў пэўным сэнсе непавага да пасажыраў. Думаю, яна хутчэй спараджае раздражненьне, чым прыносіць колькі-небудзь заўважны камэрцыйны эфэкт...

Дарэчы, дарэмна вы, спадар Сьцябуля, называеце такі сэрвіс савецкім. У СССР нічога падобнага не было. Там увогуле практычна не існавала камэрцыйнай рэклямы — з прычыны татальнага дэфіцыту амаль усіх спажывецкіх тавараў. Рэклямаваць не было чаго. У дастатку была толькі камуністычная ідэалёгія. Але лёзунгі ў салёнах аўтобусаў і вагонах мэтро чытаць праз дынамік усё ж не дадумаліся.

Гэтымі днямі мы атрымліваем шмат просьбаў пра кнігу Юрася Бушлякова «Жывая мова», якая толькі што выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Адзін з найбольш адметных лістоў на гэтую тэму даслаў Мікалай Ермакоў з Гомеля. Слухач піша:

«Шкадую, што не пашанцавала асабіста пазнаёміцца зь Юрасём, хоць, здаецца, меў пэўныя падставы для гэтага. Усё маё працоўнае жыцьцё было зьвязана з журналістыкай і нацыянальнай спадчынай нашага народу. Нават тады, калі больш за тры дзесяцігодзьдзі працаваў уласным карэспандэнтам рускамоўнай „Сельской газеты“ („Белорусской нівы“) па Гомельскай вобласьці, то па-расейску пісаў толькі матэрыялы вытворчага характару. Усё астатняе выкладаў на паперу словамі сваіх вясковых прашчураў. Дарэчы, і ўсе мае сямейнікі — знаўцы і носьбіты ў народ жывога беларускага слова. Жонка выкладала мову і літаратуру ў школе абласнога цэнтру; старэйшая дачка Алена ўзначальвае катэдру беларускай мовы ва ўнівэрсытэце; малодшая Тацьцяна, маючы дыплём філфаку, зьвязала сваё жыцьцё з журналістыкай. Спадзяюся, што трое маіх унукаў таксама не застануцца раўнадушнымі да моўнай велічы продкаў. Карацей кажучы, сваю сям’ю і яе пасьлядоўнікаў не магу ўявіць бяз кнігі Юрася Бушлякова „Жывая мова“.

Мушу таксама прызнацца, што дыктоўку ў выкананьні Юрася я пісаў ня дзеля доказу веданьня беларускай мовы ці перамогі ў конкурсе, а каб лішні раз услухацца ў голас, маўленьне слыннага маладога журналіста і мовазнаўцы Юрася Бушлякова. Быццам падсьвядома адчуваў хуткі канец яго кароткага, але сапраўды гераічнага жыцьця ў змаганьні зь невылечнай хваробай. Тут у яго, лічу, ёсьць шмат агульнага зь лёсам Кастуся Каліноўскага.

Кароткі век выпаў на долю Юрася, але тое, што ён пасьпеў зрабіць для беларускага мовазнаўства і нацыянальнай журналістыкі, застанецца вечным. У нацыі, якая зьведала глумленьне над самым вызначальным — над мовай — застануцца глыбінныя карані»
.

Дзякуй вам, спадар Мікалай, за гэтыя словы на адрас нашага калегі і сябра Юрася Бушлякова, які месяц таму заўчасна пакінуў гэты сьвет у 40-гадовым веку. Вам, як і многім іншым удзельнікам Клюбу сяброў Свабоды — аўтарам цікавых лістоў — мы неўзабаве дашлем кнігу Юрася Бушлякова «Жывая мова» ў якасьці падарунка.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG