Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макаёнак стаў клясыкам!


З маіх кулюарных размоваў у антракце і адразу пасьля спэктаклю:

Крытык: «Луцэнку трэба было пакінуць пасаду мастацкага кіраўніка, каб ставіць добрыя спэктаклі».

Я: Не, менавіта калі ён ачольваў Тэатар імя Горкага, паставіў свае найлепшыя спэктаклі і зрабіў гэты тэатар адным з найлепшых у краіне. Заклаў традыцыю глыбокага, філязофскага, актуальнага і стыльнага тэатру, дзе перадусім ішла выдатная заходняя драматургія. Пасьля зыходу з пасады Луцэнкі тэатар паступова стаў ператварацца ў правінцыйную сцэну. Але сваю лінію вядзе Луцэнка і на пасадзе чарговага рэжысэра-пастаноўшчыка.

Актор: Бачыце, Луцэнка як рэжысэр прадэманстраваў, што маладзейшы за маладых.

Я: Згодзен, тым болей, што маладых таленавітых рэжысэраў сёньня ў Беларусі няма.

Рэжысэр-пачатковец: І каму сёньня патрэбны Макаёнак? Існуе столькі цікавых п’ес «новай драмы».

Я: Патрэбны Макаёнак, бо «новая драма» — гэта слоўнае прыкрыцьце аматарства. Драматургічныя практыкаваньні мясцовых аўтараў ніяк не чапляюць глыбінных праблемаў беларускай рэальнасьці, а ёсьць толькі схематычным адлюстраваньнем уласнага досьведу аўтараў, не сягаючы далей. Дый, напісаныя па-расейску ці на расейскім жаргоне, арыентаваныя на расейскі правінцыйны тэатар.


***

У Нацыянальным тэатры імя Горкага адбылася прэм’ера, якая мае нашмат большае значэньне, чым яе ж відавочны мастацкі посьпех. Спэктакль «Аракул?..», пастаўлены старэйшым беларускім рэжысэрам Барысам Луцэнкам паводле трагікамэдыі Андрэя Макаёнка «Зацюканы апостал», ня толькі ўскалыхнуў публіку вострым судакрананьнем з праблемамі нашага часу і яркай сучаснай формай, маляўнічымі вобразамі, але, вярнуўшы на сцэну Макаёнка, даказаў, што ён ёсьць клясыкам айчыннай драматургіі.


Фота з афіцыйнага сайту Нацыянальнага тэатру імя Горкага
Фота з афіцыйнага сайту Нацыянальнага тэатру імя Горкага

Клясычным называюць той твор, які перажыў свой час, які і ў наступных эпохах захоўвае актуальнасьць, як зьместавую, гэтак і паэтычную. Гэта твор, які лёгка можна інтэрпрэтаваць, ідэі і вобразы якога, захоўваючы нацыянальную адметнасьць, маюць і агульначалавечы, унівэрсальны характар. Адпаведна і аўтара такіх твораў называюць клясыкам.

Андрэй Макаёнак — беларускі драматург-сатырык савецкай пары. У 1960 — 1980-я гады ён быў адным з самых рэпэртуарных аўтараў у былым Савецкім Саюзе. Сотні тэатраў хапалі ягоныя п’есы літаральна з машынкі. Андрэй Ягоравіч ніколі ня скардзіўся, што яго ня ставяць, як гэта робяць сёньняшнія мясцовыя аўтары. Ён мог наракаць толькі на цэнзуру, якая, між іншым, была да яго бязьлітаснай.

Фота з афіцыйнага сайту Нацыянальнага тэатру імя Горкага
Фота з афіцыйнага сайту Нацыянальнага тэатру імя Горкага


Калі няма прарока ў сваёй айчыне, дык у галовах жыве недавер да ўсяго свайго. Маўляў, і Крапіва, і Макаёнак, і яшчэ некалькі добрых драматургаў засталіся там, у савецкім часе. А вось жа і не — сьцьвердзіў Барыс Луцэнка. Мінула цэлая эпоха, і праз амаль 45 гадоў пасьля напісаньня трагікамэдыя «Зацюканы апостал», якую аўтар таксама вызначаў як палітычны памфлет, зноў запатрабаваная беларускім тэатрам. З дзьвюх галоўных прычынаў. Першая палягае на тым, што пастаўленыя Макаёнкам пытаньні пра дыктатуру і дэмакратыю, зьнішчальную для чалавека, асабліва маладога, хлусьню ў грамадзтве спажываньня зноў востра актуальныя ў Беларусі. І другая — п’еса добра зробленая, а значыць, ня згубіцца сюжэт, не расплывецца скразное дзеяньне ў часе сачыненьня сучаснага відовішчнага спэктаклю. На такім матэрыяле можна экспэрымэнтаваць, амаль не рызыкуючы. Ні першага, ні другога драматургічныя практыкаваньні сёньняшніх мясцовых літаратараў ня маюць. Луцэнку патрэбная драматургія прафэсійная, глыбокая, нацыянальная, а не імпатэнтная, якая шукае-шукае, і ніяк ня можа знайсьці «кантэкст».

Гісторыю хлопчыка-вундэркінда, які замест таго, каб гуляць у цацкі, глядзіць па тэлевізары палітычныя камэнтары і спрабуе зразумець асновы палітычнага і грамадзкага ўпарадкаваньня сьвету, разважае пра супярэчнасьці дэмакратыі, свабоды, прымярае гэтыя супярэчнасьці на сваю сям’ю і ставіць небясьпечны, як для сям’і, так і для самога сябе экспэрымэнт, Луцэнка разам з кампазытарам Аляксеем Ераньковым разгортваюць у сучаснае тэатральнае шоў. З тэкстам Макаёнка яны на творчае «ты» — скарачаюць, дапісваюць, устаўляюць цытаты зь іншых аўтараў, але ў межах аўтарскай структуры і ў суладзьдзі з паэтычным лада п’есы. Філязофскія маналёгі Сына пераводзяць у сьпеў, рэчытатыў — зонгі, якімі з часоў Брэхта і Вайля сучасная сцэна лёгка і ўмела карыстаецца, якія лёгка ўспрымаюць і гледачы.

Фота з афіцыйнага сайту Нацыянальнага тэатру імя Горкага
Фота з афіцыйнага сайту Нацыянальнага тэатру імя Горкага

Пэрсанажы выведзеныя на ўзровень іранічнай знакавасьці, плястыка якіх, касьцюмы, грым відавочна пазычаныя ў нямым галівудзкім кіно, — своеасаблівыя маскі. Акторы ў сваёй большасьці зразумелі рэжысэра, падхапілі стрыманы іранічны тон, стрыманую гульню, якую вядуць іх героі, паводле вызначаных і зразумелых кожнаму правілаў. Магчыма, усё ж перабірае ў эмоцыях Аляксандар Вергуноў (Тата), і крыху недабірае ў псыхалягічным падтэксьце Іна Савенкова (Мама), якая дасканалая ў зьнешнім малюнку ролі. Дакладныя ў выкананьні задумы рэжысэра Ўладзімер Глотаў (Сын) і Алена Стацэнка (Дачка). Не згубіць біяграфіяў, сацыяльных і маральных матывацыяў сваіх пэрсанажаў — гэта істотная задача, каб маска, знакавасьць узьнікалі з унутраных псыхалягічных адчуваньняў. Спэктакль прынцыпова пазбаўлены любых праяваў бытавізму, ён ад самага пачатку чытаецца як памфлет.

Праўда, у першай дзеі крыху топчацца на месцы, па некалькі разоў у сваіх маналёгах акторы разжоўваюць ужо разжаванае. Але калі гульню бярэ ў свае рукі Сын (безумоўны посьпех маладога актора Уладзімера Глотава), пачынае жорсткі экспэрымэнт над сям’ёй, спэктакль рэзка набірае абароты і імкліва рухаецца да жорсткай разьвязкі. Вельмі цікава назіраць, як камэдыя перарастае ў драму, а затым і трагедыю. Хаця мне ўсё ж падаўся занадта патасным фінал спэктакля, калі Сын, які асэнсаваў сябе часткай сусьвету, трагічна зыходзіць у космас. Так, трагедыя маладога чалавека, які ня можа пераадолець хлусьню, які ў змаганьні зь ёй, зьдзяйсьняе трагічную памылку, насамрэч глябальная. Сын Макаёнка ў інтэрпрэтацыі Луцэнкі і Глотава падобны Шэксьпіраваму Гамлету. Але яго гісторыя ігралася больш проста, іранічна, яна не сягала да тых зорных вышыняў, якія ўзьніклі ў разьвязцы. Некалькі патаснай, хоць функцыянальна і бездакорнай, падалася мне і сцэнаграфія Веньяміна Маршака (эгіпэцкая піраміда, велічэзныя кнігі-фаліянты).

П’еса «Зацюканы апостал» мае багатую сцэнічную біяграфію. Яна ставілася шмат у якіх краінах. У Беларусі яна была спачатку забароненая, а ў 1971 годзе яе на сцэне Купалаўскага тэатру паставіў Барыс Луцэнка. Той спэктакль я бачыў і добра памятаю. Але параўноваць яго з сёньняшняй пастаноўкай ня варта. Той быў у сваім часе, сёньняшні — у нашым. Але ў абодвух быў, ёсьць нэрв галоўнага пэрсанажа, які не пакідае абыякавым.

***

Прэм’ерныя паказы спэктакля «Аракул?..» заля вітала стоячы, авацыямі. Быў поўны аншляг у адрозьненьне ад папярэдняй прэм’еры «Экзэкутара», які не зьбірае поўнай залі. Выглядае, што ўжо і гледачам надакучылі забаўляльныя спэктаклі, пастаўленыя паводле зацьвілых пастановачных штампаў. Дый сам тэатар адчувае, што хутка захлібнецца ў гэтай аджылага веку забаўляльнасьці. Усё ж менскі глядач, асабліва са стажам, выхаваны на тэатры сур’ёзным, які так ці інакш, адкрыта, ці праз «кукіш у кішэнеі» ўсё ж імкнуўся існаваць у часе, вострым сацыльна-палітычным кантэксьце. Луцэнка, майстар формы, але ня пошлай забаўляльнасьці, застаецца верным сабе. Ён і мастак, і публіцыст. І сёньня ў Менску перадусім ягоныя спэктаклі «Загадкавы візыт» і цяпер «Аракул?..» можна назваць сур’ёзнымі, сучаснымі, вострымі, датычнымі часу.

Фота з афіцыйнага сайту Нацыянальнага тэатру імя Горкага
Фота з афіцыйнага сайту Нацыянальнага тэатру імя Горкага


Спэктакль «Аракул?..» дае надзею, што абвешчаны Нацыянальным тэатрам імя Горкага сэзон беларускай драматургіі ўсё ж можа адбыцца, нягледзячы на тое, што пачаўся ён з прафанацыі, пра што я пісаў ў мінулым блогу. Наступным спэктаклем гэтай восеньню мае стаць пастаноўка рэжысэрам Валянцінай Ераньковай п’есы пра Ўладзімера Мулявіна, якую на яе замову піша малады літаратар Васіль Дранько-Майсюк.

Вось жа яшчэ, у чым я пераканаўся гэтым вечарам: калі сэзон беларускай драматургіі, дык ня варта мясцовым літаратарам інсцэнізаваць замежную (расейскую) прозу, ці дапісваць і перапісваць замежныя (расейскія) п’есы. Існуе немалая плашчына нацыянальнай драматургіі, якая, калі яе ўважліва прачытаць, стане клясыкай. І яшчэ большая плашчына — плашчына беларускай прозы: Кузьма Чорны, Янка Брыль, Вячаслаў Адамчык, Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў, Юры Станкевіч. І гэта зусім няпоўны сьпіс... Не стае толькі нацыянальнага мысьленьня кіраўнікоў тэатраў і нацыянальных усьведамленьняў тых, хто мае ці прэтэндуе на драматургічны талент.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG