Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай — не Расея: за пацалункі ня плаціць


Лукашэнка накіроўваецца ў Кітай — па пазыку. Менавіта спроба выпрасіць крэдыт для падтрымкі беларускай эканомікі робіцца, на думку незалежных экспэртаў, галоўнай мэтай чарговага афіцыйнага візыту кіраўніка Беларусі.

Сёлета Беларусь у гандлі з Кітаем мае адмоўнае сальда ў памеры 350 мільёнаў даляраў. Гэта афіцыйныя дадзеныя за першы квартал. Больш сьвежых лічбаў дзяржаўная статыстыка пакуль не дае.

«Але нават ня ведаючы лічбаў, можна абсалютна ўпэўнена гаварыць: беларускі дэфіцыт па выніках першага паўгодзьдзя ўзрос і стаў яшчэ большым», — адзначае эканаміст Сяргей Чалы. Ён тлумачыць Свабодзе, чаму так адбываецца:

«Чым болей мы зь імі разьвіваем таваразварот, тым больш расьце адмоўнае сальда. І гэта ўжо традыцыйная зьява. Яна тлумачыцца дзьвюма рэчамі. Па-першае, мы закупляем у Кітаі шмат шырспажыву і мясцовай тэхнікі. І плюс да гэтага інвэстыцыйны попыт. Калі Пэкін адкрывае для нас крэдытныя лініі, то там закладаюцца пастаўкі кітайскага абсталяваньня, тавараў ды іншага. Які тут сэнс? А вось які: усё гэтае супрацоўніцтва, усе гэтыя крэдытныя лініі — не дапамога нам, а насамрэч дапамога кітайскім экспартэрам».

Крэдытныя лініі і звычайны крэдыт — гэта вельмі розныя рэчы. Жывымі грашыма ты распараджаесься сам, а грошы з крэдытных лініяў даюцца выключна пад канкрэтныя праекты, — адзначае эканаміст Леў Марголін. І дадае, што некалькі гадоў таму былі падпісаныя дакумэнты пра шматмільярдную кітайскую крэдытную лінію для Беларусі:

«Але яе магчымасьці так і не былі выкарыстаныя. Яна сапраўды была разьлічаная на супольныя праекты празь зьвязаныя крэдыты. Але Кітай, падобна, не знайшоў у нас вялікіх праектаў. А ў Беларусі не знайшлося прадпрымальнікаў, якія б змаглі пераканаць кітайцаў у тым, што яны надзейныя партнэры.

Таму засталіся праекты толькі на дзяржаўным роўні. Кітай такога супрацоўніцтва таксама не выключае. Але ставіцца да яго насьцярожана, бо ўжо мае ня вельмі добры досьвед з тымі праектамі, якія ён ладзіць у нашай краіне зь дзяржаўнымі партнэрамі».

Словы экспэрта пацьвярджаюцца лічбамі. На найвышэйшым роўні ў Беларусі заяўлялася пра праекты на 16 мільярдаў даляраў. Пакуль жа зь цяжкасьцю набралася на 2 мільярды. Амаль усе гэтыя грошы пайшлі на рэканструкцыю цэмэнтных заводаў. Аднак абодва бакі засталіся незадаволеныя гэтай мадэрнізацыяй, — падкрэсьлівае спадар Марголін.

«У нашага боку былі пэўныя прэтэнзіі да якасьці абсталяваньня, якое пастаўлялі кітайцы. Чым яны засталіся незадаволеныя, мне сказаць цяжэй. Але той факт, што крэдытная лінія так і не была выкарыстана ў поўным аб’ёме, гаворыць сам за сябе».

Лукашэнку крэдытныя лініі патрэбныя найменей. Ён ляціць у Пэкін выключна па наяўныя грошы, лічыць адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Аднак атрымаць крэдыты ў Кітаі кіраўніку Беларусі будзе значна цяжэй, чым у Расеі:

«Бо Кітай не фінансуе палітычныя праекты. Гэта зыходзіць з самой канцэпцыі Кітая як Паднябеснай краіны. І я думаю, што наша ўлада, спрабуючы гуляць з Кітаем гэтаксама, як з Расеяй, то бок абменьваючы грошы на пацалункі, дзейнічае памылкова. Грошы кітайцы даюць толькі тады, калі яны цягнуць за сабою кітайскія тэхналёгіі, кітайскую працоўную сілу, адным словам, кітайскую экспансію.

Беларуская ўлада дагэтуль ня ўбачыла жывых кітайскіх грошай таму, што яна ўсё чакае і спадзяецца — грошы ёй прынясуць толькі за заявы пра павагу да кітайцаў і запрашэньне іх у нашу краіну».

Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца быць у Кітаі 15–17 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG