Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт: Дэжавю ня будзе


Валер Карбалевіч.
Валер Карбалевіч.
1 ліпеня Лібэральны клюб правёў дыскусію на тэму ўзаемаадносін Беларусі з ЭЗ з удзелам амбасадара Літвы ў Беларусі Эвалдаса Ігнатавічуса, кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры, дзяржаўных і недзяржаўных экспэртаў. Знамянальнай была назва дыскусіі: «Адносіны Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу: дэжавю напярэдадні лістападаўскага саміту „Ўсходняга партнэрства“ ў Вільні».

У выступах удзельнікаў дамінаваў аптымізм наконт пэрспэктываў узамадачыненьняў Беларусі і ЭЗ. Напрыклад, кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора адзначыла: «Беларусь павінна ляцець на двух крылах. Цяпер гэтае крыло адно, і ляцець на ім немагчыма».

Дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман адзначыў: «Мы пачынаем адчуваць нешта падобнае, як у 2008 г. Са сьнежня пачаліся актыўныя кантакты паміж прадстаўнікамі зьнешнепалітычных ведамстваў, актывізаваліся нашы паслы ў Літве, Латвіі, Вугоршчыне, Галяндыі, Францыі, Італіі і іншых краінах. Нарэшце, ранейшы напал рыторыкі афіцыйнага Менску паступова зьніжаецца... Вымалёўваецца нейкае падабенства дарожнай карты. Ужо зьнятыя праблемы швэдзкай амбасады і статусу Макея. Далей пойдзе інтэнсыфікацыя кантактаў на высокім роўні. Наступны крок — пытаньне пра палітвязьняў». І робіць выснову — пра дэжавю, пра новы цыкль, пра паўтарэньне падзеў 2008–2010 гадоў, калі адбываўся дыялёг паміж Беларусьсю і ЭЗ, калі афіцыйны Менск праводзіў палітыку балянсаваньня між Расеяй і Эўропай.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус лічыць, што чарговы «ўзьлёт» у адносінах Беларусі з ЭЗ павінен адбыцца на віленскім саміце «Ўсходняга партнэрства» ў лістападзе.

Вэрсія цікавая. Аднак я на беларуска-эўрапейскія пэрспэктывы гляджу значна больш пэсымістычна. Чаму, напрыклад, немагчыма ляцець на адным крыле? Беларусь пасьпяхова гэта робіць ужо амаль два дзясяткі гадоў. За выключэньнем пэрыяду 2008–2010.

Вось у гэтым уся справа. На мой погляд, няма ніякіх цыкляў. Стан канфлікту ў адносінах Беларусі і ЭЗ — гэта, на жаль, норма. Пэрыяд дыялёгу 2008–2010 гадоў — гэта выключэньне, выпаданьне з нормы, выкліканае да жыцьця зьбегам абставінаў.

Галоўным чыньнікам, які падштурхнуў афіцыйны Менск да пацяпленьня ў адносінах з ЭЗ, стала рашэньне кіраўніцтва Расеі значна скараціць субсыдыі беларускай эканоміцы, перайсьці да рынкавых дачыненьняў паміж саюзьнікамі. У 2010 годзе Масква распачала інфармацыйную вайну супраць Лукашэнкі. І ён мусіў шукаць пункты апоры на захадзе.

У жніўні 2008 году здарылася расейска-грузінская вайна, якая моцна напужала ЭЗ. І гэта падштурхнула Эўропу кіравацца ў адносінах да Беларусі не каштоўнаснымі, а геапалітычнымі матывамі. Дыялёг паміж Брусэлем і Менскам павінен быў выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі.

Зь іншага боку, сярод палітыкаў ЭЗ узьніклі ілюзіі, што паступовая інтэграцыя Беларусі ў эўрапейскія працэсы дапаможа дэмакратызаваць Беларусь. І Лукашэнка, ідучы насустрач Эўразьвязу, разьлічваў, што невялікая, касмэтычная палітычная лібэралізацыя падчас прэзыдэнцкіх выбараў не нясе небясьпекі ягонаму рэжыму.

Усё памянялася пасьля 19 сьнежня 2010 году. Амаль усе чыньнікі, якія падштурхоўвалі абодва бакі да дыялёгу, зьніклі або мінімізаваліся.

Найперш, Расея вярнулася да палітыкі субсыдыяў беларускай эканоміцы. Цяпер яны такія вялікія, як ніколі раней (16% валавога ўнутранага прадукту Беларусі). У зьвязку з плянаваным зьяўленьнем на беларускай тэрыторыі расейскай авіябазы датацыі Масквы мусяць павялічыцца.

Расейска-грузінская вайна стала гісторыяй, страхі Эўропы перад Расеяй прайшлі.

Надзеі Эўразьвязу на магчымасьць дэмакратызацыі Беларусі праз дыялёг з Эўропай зьніклі. Сярод палітыкаў Эўразьвязу існуе ўражаньне, што Лукашэнка іх выкарыстаў і пасьля «кінуў».

Сам Лукашэнка так моцна напужаны тым «разгулам дэмакратыі» падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, што наўрад ці захоча зноў пагуляць у лібэралізацыю.

Таму, хутчэй за ўсё, разьлікі на дэжавю, на новы цыкль пацяпленьня адносін ня спраўдзяцца. Нават калі будуць вызваленыя палітвязьні, сёньня няма парадку дня ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ. Ня думаю, што восеньскі саміт у Вільні стане нейкім узьлётам ва ўзаемадачыненьнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG