Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пушкін: «Цалкам бяру на сябе адказнасьць за няшчасны выпадак»

абноўлена

Алесь Пушкін
Алесь Пушкін

Падчас сьвяткаваньня Купальля ў ноч з 6 на 7 ліпеня на падворку мастака Алеся Пушкіна адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога пацярпелі 5 чалавек.

Успыхнуў чан чан з крупнікам. Удзельнікі сьвяткаваньня атрымалі апёкі.

Дваіх хлопцаў адпусьцілі са шпіталя пасьля аказаньня мэдычнай дапамогі. Тры дзяўчыны знаходзяцца ў Крупскай цэнтральнай лякарні.

Пушкіна выклікаюць у міліцыю


«Я схадзіў сёньня ў аддзяленьне хірургіі да Вольгі. Прынёс кветкі. Яна выглядае нармальна, настрой у яе нармальны, вядома, перажывае, што яе дачка ў рэанімацыі. У Вольгі стаіць кропельніца, яна размаўляла са мной. Пасьля пайшоў у рэанімацыю да 14-гадовай Ганны і 22-гадовай Паліны. Туды не пусьцілі і кветкі не прынялі. Сказалі, што і праз доктара кветкі нельга перадаць», — заявіў мастак Алесь Пушкін Радыё Свабода

«Калі ўжо сыходзіў, прыйшлі сьледчыя, выклікалі на заўтра на 11 гадзінў у РАУС. Ня ведаю, як і чым скончыцца справа, але на наступны год я абавязкова зраблю высновы з той трагедыі, якая адбылася па маёй віне», — адзначыў Пушкін..

Стан абгарэлых стабільна цяжкі


Міхаіл Максіменка, доктар-рэаніматоляг Крупскай цэнтральнай раённай бальніцы, які лекуе пацярпелых падчас сьвяткаваньня Купальля ў Бабры, паведаміў Свабодзе, што стан ягоных пацыентаў стабільна цяжкі.

«Мы не даем інфармацыі тым, хто не зьяўляецца родзічамі пацярпелых. Толькі магу сказаць, што стан іх стабільна цяжкі. Мы мяркуем перавозіць пацярпелых у Менск. Яны менчукі, таму будуць лекавацца па месцы жыхарства», — заявіў Максіменка.

У рэанімацыі крупскага раённага шпіталя цяпер дзьве пацярпелыя жанчыны. Яшчэ адна — у аддзяленьні хірургіі.


Пушкін: Гэта адбылося па маёй віне


«Зараз саджуся на аўтобус, паеду ў лякарню да дзяўчатаў, каб даведацца, у якім яны стане. Там знаходзяцца мама і дочка Воля (каля 35 гадоў) і Іра (1999 году нараджэньня), а таксама дзяўчына Паўліна. Усе зь Менску», — заявіў мастак Алесь Пушкін Радыё Свабода раніцай. — «У ноч, калі здарыўся няшчасны выпадак, я цалкам узяў на сябе адказнасьць, завёз пацярпелых у шпіталь. Там дзяжурны доктар выклікаў міліцыю. Прыехалі дзяжурны падпалкоўнік і шмат міліцыянтаў. Я напісаў тлумачальную. Пасьля пацярпелых і сьведак, якія суправаджалі пацярпелых, апыталі асобна пра тое, што адбылося. Пасьля доктар адпусьціў дваіх пацярпелых Дзяніса і Аляксея, аказаўшы ім вельмі прафэсійную мэдычную дапамогу».

«Нараніцу да мяне на ўчастак прыехаў лейтэнант са сьледчага камітэту. Ён зрабіў дакладны плян мясцовасьці, сфатаграфаваў бутлі, чаны і вогнішча», — працягвае Пушкін. — «Раніцай я пайшоў на службу ў царкву, там маліўся за здароўе пацярпелых. Спавядаўся і прычасьціўся. Бацюшка мяне прычасьціў, нягледзячы на вось такі вялікі грэх».

«Я цалкам бяру на сябе адказнасьць. Маральную і юрыдычную. Гэта адбылося па маёй віне. Трэба адказваць ня толькі за слаўныя справы, але і за цяжкія, за халатныя адносіны. Проста я паддаўся артыстызму, рабіў выгляд, што варажыў. Вядома, трэба было вынесьці чаны з крупнікам ад вогнішча, і толькі тады дадаваць туды сьпірт. А я пачаў рабіць гэта пры вогнішчы», — сказаў мастак Алесь Пушкін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG