Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Ігар Міклашэвіч


Актыўны ўдзельнік першага нефармальнага моладзевага аб’яднаньня «Беларуская спеўна-драматычная Майстроўня», доктар навук, прафэсар Нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, які заўсёды чытаў лекцыі па-беларуску, пісьменьнік (псэўданім Стах Дзедзіч) загінуў 3 ліпеня, на наступны дзень пасьля свайго пяцідзесяцігодзьдзя. Зь ім здарыўся няшчасны выпадак — абвалілася будаўнічая канструкцыя на лецішчы.

Майстроўня, якая ўзьнікла ў Менску ў 1979-м, мела сваім касьцяком «лірыкаў» — студэнтаў філфаку Белдзяржунівэрсытэту, Тэатральна-мастацкага інстытуту, іншых гуманітарных вучэльняў. Ігар Міклашэвіч быў ці не адзіным «фізыкам». Але якім! Прыгадвае скульптар Гэнік Лойка.

«Пайшла ў нас тады мода сьпяваць у тралейбусах, пакуль едзем дадому пасьля сьпевак у Майстроўні. Яно неяк незвычайна — у горадзе ў транспарце сьпяваць, ужо даўно людзі так ня робяць. А мы рабілі гэта актыўна, паказваючы, што ёсьць беларуская песьня, ёсьць Беларусь, ёсьць гэтая беларуская ідэя. І самым актыўным прапагандыстам беларускай ідэі быў Ігар Міклашэвіч. Заўсёды нас падбухторваў: давайце сьпяваць то адну, то другую песьню, каб народ наш чуў і ведаў іх. Вось такім ён запомніўся».

Ігар нарадзіўся ў інтэлігентнай менскай сям’і, у якой шанавалі ідэйныя прынцыпы і перакананьні, культывавалі навуку і асьвету, а яшчэ ведалі цану гонару і годнасьці. Распавядае былая «майстроўка» архітэктарка Вэрця Лазоўская.
Ён дарос да званьня доктара навук ды пасады прафэсара, выкладаючы няпростыя дысцыпліны — мэханіку, тэорыю хаосу ды фізыку — па-беларуску

«Аднойчы мы вярталіся зь нейкай рэпэтыцыі, і нейкі падпіты малады чалавек у тралейбусе запаліў цыгарэтку. Дзяўчаты абурана паглядзелі, але змаўчалі, і толькі адзін Ігар Міклашэвіч з усіх мужчынаў, што былі ў тралейбусе, вельмі рашуча падышоў да хлапца, з рук у яго адабраў цыгарэту, выкінуў у адчыненыя дзьверы і нешта такое яму сказаў, кшталту: думай, дзе знаходзісься. Той маладзён падпарадкаваўся Ігаравай рашучасьці, і я так для сябе ў душы зрабіла: брава. Гэта было вельмі прыгожа».

Рашуча і прыгожа Ігар Міклашэвіч сьцьвярджаў сябе і ў прафэсійным жыцьці. Ён дарос да званьня доктара навук ды пасады прафэсара, выкладаючы няпростыя дысцыпліны — мэханіку, тэорыю хаосу ды фізыку — па-беларуску. Хоць гэта і стварала яму часам непаразуменьні са студэнцкай аўдыторыяй, калегамі, начальствам. Але спадар Міклашэвіч працягваў справу беларусізацыі дакладных навук. Ён апантана назапашваў лексыку, марачы пра выданьне вялікага слоўніка. Распавядае сяброўка, супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Вераніка Курцова.

«У яго было надзвычай многа праектаў, у тым ліку ў пляне абагульненьня лексычных набыткаў беларусаў, якія былі назапашаныя за стагодзьдзі. Ён быў далучаны да нашай працы над стварэньнем новага шмат-шматтомнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, і да таго ж мы зь ім перакрыжоўваліся адносна таго, як рабіць тэкстаграфічную базу для зводнага слоўніка. Жаданьне тварыць, тварыць бескарысьліва — гэта гучыць патасна, але калі браць згаданыя аспэкты яго дзейнасьці ў імя Бацькаўшчыны, то страта вельмі балючая і вельмі вялікая».

Ігара Міклашэвіча пахавалі 5 ліпеня на могілках у Менскім раёне, каля Сёмкавага Гарадка.

У яго засталіся жонка Рыта, сын Стах і дачка Яважына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG