Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць перагледзець прысуд Гайдукову


Віцебскі абласны суд
Віцебскі абласны суд

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (МФПЧ) патрабуе адмены прысуду ў справе апазыцыйнага актывіста Андрэя Гайдукова.

У панядзелак Віцебскі абласны суд прысудзіў 23-гадоваму Гайдукову паўтара года турмы, прызнаўшы яго вінаватым у спробе «ўсталяваць кантакты з замежнай выведнай службай без прыкметаў здрады дзяржаве». Адказнасьць за такое парушэньне ўзьнікла пасьля нядаўняга прыняцьця паправак да артыкулу 356 крымінальнага кодэксу.

«Ад пачатку гэтай справы ў яе вядзеньні заўважаны некаторыя падазроныя і нават супрацьзаконныя моманты, у тым ліку непразрыстасьць мэтадаў сьледзтва, парушэньне права сп. Гайдукова на абарону (праз абмежаваньне сустрэчаў з адвакатам), неапраўданая перакваліфікацыя абвінавачаньняў перад самым судом і ўмяшаньне КДБ у сьледчы працэс», — гаворыцца ў заяве МФПЧ.

Правапарушэньне, у якім абвінавачваецца Гайдукоў, не належыць да катэгорыі злачынстваў небясьпечных для грамадзтва, і тым ня менш ад лістапада 2012 году ён быў пазбаўлены свабоды ў адпаведнасьці з артыкулам 356, які прадугледжвае адказнасьць за дзяржаўную здраду, хоць гэтае абвінавачаньне пазьней было зьнята, гаворыцца ў заяве. МФПЧ лічыць, што новае абвінавачаньне не дае падставаў для правядзеньня закрытага працэсу.

«У сьвятле працэдурных парушэньняў і палітычна матываванага характару суду МФПЧ патрабуе перагляду прысуду ў адпаведнасьці з законам, канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі стандартамі што да права на абарону ў судзе і права на справядлівы і празрысты працэс», — адзначаецца ў заяве.

Андрэй Гайдукоў, 23-гадовы апэратар наваполацкага «Нафтану», быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску, нібыта падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, цікавымі для замежных спэцслужбаў.

Родныя і сябры ня вераць, што ён займаўся шпіянажам, і тлумачаць ціск з боку КДБ апазыцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненьнем стварыць міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Саюз маладых інтэлектуалаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG