Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць мітаў пра супрацу Беларусі і Вэнэсуэлы


Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура пасьля ўдзелу ў маскоўскім саміце Форуму краін-экспартэраў газу вырашыў наведаць Менск. Пераемнік Уга Чавэса сказаў у Маскве журналістам, што па дарозе дамоў «мы заедзем у Беларусь, каб заключыць важную дамову па ўборачнай ды іншай тэхніцы». Гэтыя словы прэзыдэнта Мадуры і сталі падставай для таго, каб прыгледзецца да супрацоўніцтва Беларусі і Вэнэсуэлы.

Аляксандар Лукашэнка мноства разоў казаў, што сяброўства з Вэнэсуэлай вельмі выгаднае для Беларусі. Аднак экспэрты лічаць: у бальшыні выпадкаў гэта не адпавядае рэчаіснасьці.

Міт першы — Беларусь выратавала вэнэсуэльская нафта


Выказваньні пра тое, што вэнэсуэльская нафта — важны чыньнік для забесьпячэньня энэргетычнай незалежнасьці Беларусі найбольш распаўсюджаны міт:

Гэта — падман, таму што за вэнэсуэльскую нафту беларусы значна пераплацілі. І гэтыя грошы пайшлі ў кішэні тых людзей, якія займаюцца вэнэсуэльска-беларускім сяброўствам. Беларусь застаецца вінная Вэнэсуэле 2,3 мільярда даляраў. Таму многія экспэрты думаюць, Мадура едзе ў Беларусь, каб высьветліць, дзе грошы. Ёсьць падазрэньне, што гэта быў таварны крэдыт, які Чавэс даў Беларусі. А ў гэтым кантэксьце падобная схема вельмі добрая для адмываньня грошай.

Міт другі — Беларусь забудуе ўсю Вэнэсуэлу


Мітам называюць выказваньні беларускіх чыноўнікаў пра тое, што Беларусь добра заробіць, узводзячы дамы і прамысловыя аб’екты ў Вэнэсуэле:

Як паказвае бюджэт, як паказвае практыка, тыя будаўнічыя паслугі, якія аказвае Беларусь, робяцца фактычна ў рамках дзяржзаказу ад Вэнэсуэлы. Але ён апошнім часам вельмі моцна скарачаецца. Вэнэсуэла ўводзіць талёны на атрыманьне туалетнай паперы. І таму спадзявацца на тое, што там шмат чаго будзе будавацца, нельга.

Міт трэці — Беларусь будзе зьбіраць тэхніку ў Вэнэсуэле


Уга Чавэс за стырном МАЗа, 2009 год
Уга Чавэс за стырном МАЗа, 2009 год
Спадзяваньні на тое, што нашы МАЗы, трактары ды іншая тэхніка знойдуць стабільны рынак у Вэнэсуэле — гэта яшчэ адзін міт, адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. Пастаўкі туды нязначныя:

«Там адбываецца стварэньне філіялаў беларускіх прадпрыемстваў — аўтамабільных ды іншых. Але ў гэтым няма нічога надзвычайнага. Падобнае мы робім у Таджыкістане, там меней, праўда. Спрабавалі зрабіць у Кітаі. Але там нічога не атрымалася. Спрабуем зараз у Азэрбайджане. То бок гэта супраца з краінамі, якія разьвіваюцца».

Міт чацьвёрты — Вялікая дуга Пэкін-Тэгеран-Менск-Каракас


Да мітаў можна аднесьці і стварэньне так званай Вялікай геапалітычнай дугі, якая б зьяднала намаганьні Беларусі, Вэнэсуэлы, Ірану, Кітаю ды некаторых іншых краін у супрацьстаяньні з ЗША. Пра такі плян ня раз казаў Аляксандар Лукашэнка, падкрэсьлівае беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Але апошнім часам у Іране зьмяніўся прэзыдэнт. У Вэнэсуэле — таксама. І што Беларусь атрымала ад гэтай дугі? Што, ціск з боку Захаду на яе зьменшыўся? Той жа Кітай традыцыйна галасуе ў падтрымку Беларусі ў ААН альбо ў пытаньнях правоў чалавека. І ня болей за тое. Каб дзесьці Кітай выказваўся ў падтрымку Беларусі на міжнародным роўні, то мы гэтага ня бачым».

Міт пяты — Беларусь не прадае Вэнэсуэле зброю


Уга Чавэс у беларускай Ваеннай акадэміі, 2006 год
Уга Чавэс у беларускай Ваеннай акадэміі, 2006 год
«Я вывучаў супрацоўніцтва Беларусі і Вэнэсуэлы ў розных сфэрах, — сказаў «Свабодзе» вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. — І магу засьведчыць —сапраўдныя выгоды ёсьць толькі ў вайсковай галіне:

«Беларусь — куратар, інтэгратар стварэньня Адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Вэнэсуэлы. Яна зьбірае падрадчыкаў і здае гэтую сыстэму „пад ключ“. Там аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня — беларускія, радыёлякацыйная тэхніка — беларуская, сродкі радыёэлектроннай барацьбы — беларускія, самі ракеты, ракетныя комплексы — расейскія альбо сумеснай беларуска-расейскай вытворчасьці. Да таго ж Беларусь дапамагае і з падрыхтоўкай пэрсаналу. І яшчэ некалькі год таму Віктар Шэйман казаў, што для беларускіх прадпрыемстваў ёсьць заказы на мільярд зь лішнім даляраў.

Я думаю, што і Мадура, улічваючы яго супрацьамэрыканскую пазыцыю, наўрад ці пагодзіцца перарваць гэты праект».

І гэта ня ўсе міты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG