Лінкі ўнівэрсальнага доступу

444 гады таму падпісалі Люблінскую унію


Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

Пра ролю Люблінскай уніі і яе ўплыў на гісторыю Беларусі апавядае знаны гісторык Валянцін Голубеў.

«Роля Люблінскай уніі ў гісторыі беларускай дзяржавы і беларускай дзяржаўнасьці — важнае для нас пытаньне ў сувязі з тым, што мы пастаянна знаходзімся ў розных інтэграцыйных працэсах. То Крэўская унія, то Люблінская унія, то Савецкі Саюз, то Садружнасьць незалежных дзяржаў, цяпер маем Мытны зьвяз. Для беларускай гісторыі самыя важныя аб’яднаньні — гэта Люблінская унія і ўтварэньне СССР. Менавіта яны найбольш паўплывалі на гісторыю і дзяржаўнасьць Беларусі.

Цяпер ёсьць два асноўныя погляды на Люблінскую унію і тую дзяржаву, якая ўтварылася ў выніку яе: погляд польскай гістарыяграфіі і погляд расейска-савецкай гістарыяграфіі. На жаль, мы яшчэ не напісалі такіх сур’ёзных працаў, дзе б даволі крытычна было сказана пра гэтую падзею з пункту гледжаньня беларусаў. Палякі амаль адназначна лічаць заключэньне Люблінскай уніі і ўтварэньне дзяржавы Рэчы Паспалітай прагрэсіўнай зьявай, а Рэч Паспалітую — дзяржавай дэмакратычнай. Расейскія і савецкія гісторыкі кажуць, што гэта быў захопніцкі акт у адносінах да тэрыторыі Беларусі, што адбылося апалячваньне і акаталічваньне. На мой погляд, сутнасьць — дзесьці пасярэдзіне.

Сапраўды, утварэньне Рэчы Паспалітай для нашых продкаў, для кіраўнікоў ВКЛ было нядобраахвотным. Справа ў тым, што ў гэты час ішла Лівонская вайна 1558–1583 гг. Калі Іван Грозны захапіў Полацак, мы вымушаныя былі зьвярнуцца да палякаў па дапамогу. Калі зьвярнуліся, у Любліне якраз ішоў сойм, на якім польская палітычная эліта запатрабавала ад ВКЛ у якасьці платы за вайсковую дапамогу ўвайсьці ў склад Кароны. Калі нашыя продкі адмовіліся гэта зрабіць, быў зьдзейсьнены акт агрэсіі з боку Кароны. Былі ўведзеныя войскі на тэрыторыю Падляшша, Валыні, Падольля і Кіеўшчыны. Гэтыя тэрыторыі былі далучаныя да Польшчы. У выніку ВКЛ стала перад дылемай вайны на два бакі: супраць Маскоўскай дзяржавы і супраць Кароны. Выбіралі паміж дзьвюма бедамі. Абралі польскі варыянт. Нашыя палітычныя дзеячы вярнуліся ў Люблін на сойм, папрасілі вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, каб дамова была заключаная як мага менш ганебна для нашай дзяржавы. Па сутнасьці, 1 ліпеня 1569 году, паводле папераў, была ўтвораная дэмакратычная дзяржава Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. Мова, войска, сымболіка заставаліся ў кожнай дзяржавы асобныя. Аднак былі і дыскрымінацыйныя моманты ў дачыненьні да насельніцтва ВКЛ. Напрыклад, ВКЛ не магло праводзіць асобную зьнешнюю палітыку.
ВКЛ стала перад дылемай вайны на два бакі: супраць Маскоўскай дзяржавы і супраць Кароны. Выбіралі паміж дзьвюма бедамі.

З-за аслабленьня ВКЛ пасьля далучэньня часткі тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі да Кароны атрымалася аб’яднаньне двух дзяржаўных утварэньняў, ня роўных паводле моцы. Гэта вылілася ў тое, што на сойме і ў сэнаце большасьць пачалі складаць прадстаўнікі польскага боку, а не ВКЛ. У канцы 17 стагодзьдзя ў ВКЛ былі вымушаныя весьці справаводзтва па-польску, таму што было прынята рашэньне, што справаводзтва ў Рэчы Паспалітай павінна весьціся толькі на польскай мове. Паступова польская мова стала вызначальнай у навучаньні, у размовах. Гэта прывяло да большага распаўсюду польскай культуры на тэрыторыі ВКЛ. Многія пачалі пераходзіць у каталіцтва. У канцы 18 стагодзьдзя, па сутнасьці, завяршыўся пераход нашай эліты на бок Кароны. Эліта стала апалячанай і акаталічанай. І калі 3 траўня 1791 году была прынятая новая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, там ужо было запісана, што дзяржава называецца Рэч Паспалітая Польская, у якой мова адна — польская, дзяржаўнае веравызнаньне адно — каталіцкае.

Такім чынам, калі ацэньваць Люблінскую унію, то, з аднаго боку, мы з дапамогай яе змаглі адстаяць незалежнасьць ад Маскоўскай дзяржавы, перамагчы ў Лівонскай вайне, вызваліць ад Івана Грознага нашы землі. Але, зь іншага боку, мы страцілі вялікія тэрыторыі, за якія пасьля ўкраінскі народ вёў сапраўдную барацьбу з Польшчай. Польская мова, польская культура ў нас перамаглі, а гэта значна затармазіла дзяржавабудаўнічыя працэсы на нашай тэрыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG