Гэты помнік — валун, аздоблены крыжам Эўфрасіньні Полацкай — быў усталяваны 25 красавіка 1993 году ў прысутнасьці некалькіх тысячаў гараджанаў — тады кіраўніком гораду быў Генадзь Карпенка. Спачатку на ім быў яшчэ бел-чырвона-белы сьцяжок, які потым прыбралі.
Сьпярша помнік стаяў у сквэры каля Цэнтральнай плошчы ў Маладэчне. У 2011 годзе яго пераставілі на рог вуліц Машэрава і Вялікага Гасьцінца. Потым яго зноў вырашылі перанесьці — з прычыны будаўніцтва на тэрыторыі парку Перамогі двух валейбольных пляцовак і паркоўкі.
Падчас дэмантажу камень раскалолі.
Маладэчанскі мастак Лявон Цімохін быў адным з ініцыятараў усталяваньня крыжа-помніка рэпрэсаваным беларусам:
«Ажно зь Беламорканалу мы прывезьлі чырвона-белы камень і ўсталявалі яго на цэнтральнай плошчы. Помнік быў асьвечаны сьвятарамі ўсіх канфэсій. Людзі вельмі радасна да яго паставіліся, прыносілі кветкі, каб ушанаваць памяць тых, хто заваяваў нам незалежнасьць, хто так ці інакш пакутаваў за нашу Беларусь.
Але потым час перамяніўся і гэты крыж-помнік пачаў шкодзіць чамусьці пэўным людзям ва ўладзе. Таму падчас „Дажынак“ было вырашана яго перанесьці. Ноччу яго ўзадралі, выкінулі на абочыну і потым усталявалі на скрыжаваньні вуліц Вялікі гасьцінец і Машэрава.
Гэта месца аказалася людным. Таму было вырашана яго куды-небудзь прыбраць. Зачэпкай было тое, што ў парку пачалі рабіць спартыўныя корты і вырашылі рабіць праход насупраць помніка. І ў выніку крыж-помнік апаганілі ў другі раз. Гэта такі вось адказ уладаў на зварот папы рымскага, які заявіў пра салідарнасьць з пакутнікамі ў Беларусі. Гэта не палітыка. А сатанізм».
Фрагмэнт перадачы «Падарожжы Свабоды» з Маладзечна, 2008 год.
Маладзечна, напэўна, адзіны горад у Беларусі, дзе на Цэнтральнай плошчы стаяць адразу два помнікі цалкам супрацьлеглай «ідэалягічнай» накіраванасьці: узьнесены на гранітны пастамент у атачэнні шэрага асфальту Ленін паглядае на валун, аздоблены клюмбамі з кветкамі, крыжам Эўфрасіньні Полацкай і шыльдай «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі». Пазначаны галубамі, «правадыр сусьветнага пралетарыяту» стаіць тут з пасьляваенных часоў, памяць пакутнікаў ушанавалі 18 гадоў таму.