Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Менск гуляе з Радай Эўропы


28 чэрвеня ў Менску адбыліся два мерапрыемствы, якія наўпрост зьвязаныя з дачыненьнямі паміж Беларусьсю і Радай Эўропы. У галерэі Міхаіла Савіцкага прайшла прэзэнтацыя Белай кнігі Рады Эўропы па міжкультурным дыялёгу «Жыць разам у роўнай годнасьці». А ў Палаце прадстаўнікоў старшыня міжнароднай камісіі Мікалай Самасейка апавёў журналістам пра вынікі свайго ўдзелу ў сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Ала Сташкевіч, начальнік аддзелу навукова-мэтадычнага забесьпячэньня дзейнасьці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытуту культуры Беларусі, патлумачыла Свабодзе адметнасьць прэзэнтацыі ў Менску «Белай кнігі»:

«Гэта — частка працэсу імплемэнтацыі Эўрапейскай культурнай канвэнцыі. Беларусь яе падпісала. І выданьне гэтай кнігі на беларускай мове і яе прэзэнтацыя фактычна азначае ратыфікацыю гэтага дакумэнту. Гэта ня проста кніга, гэта міжнародны дакумэнт, які дэкляруе, што Беларусь падтрымлівае асноўныя каштоўнасьці Рады Эўропы і пазыцыянуе сябе годнай эўрапейскай дзяржавай».

Пра неабходнасьць абавязкова прытрымлівацца галоўных эўрапейскіх каштоўнасьцяў гаварыў і Ульрых Буніс — спэцыяльны дарадца па дэмакратыі Генэральнага сакратара Рады Эўропы. Ён сказаў, што Беларусь і Рада Эўропы супрацоўнічаюць у адукацыі, культуры ды некаторых іншых гуманітарных сфэрах:

«Нам усім трэба прытрымлівацца адзіных каштоўнасьцяў. Гэтымі каштоўнасьцямі ў Белай кнізе заяўленыя дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства закону. Грунтуючыся на гэтых каштоўнасьцях, мы можам разумець, паважаць адзін аднаго і суіснаваць на дэмакратычных прынцыпах унутры нашых грамадзтваў».

Першае, чаго патрабуе ад Беларусі сёньня Рада Эўропы і яе Парлямэнцкая асамблея, гэта — адмена сьмяротнага пакараньня. Аднак старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў, ён жа кіраўнік спэцыяльнай групы па вывучэньні праблемаў сьмяротнага пакараньня, якая створаная ў Нацыянальным сходзе, Мікалай Самасейка сёньня заявіў журналістам, што ў грамадзтве да гэтай праблемы ставяцца па-рознаму. І таму Беларусь ня будзе тут сьпяшацца, а мае намер вырашаць пытаньне крок за крокам.

Палітоляг Андрэй Фёдараў з гэтай нагоды кажа, што сёньняшняя прэзэнтацыя Белай кнігі Рады Эўропы ў Менску разьлічана на эўрапейцаў — каб паказаць ім, што ў беларускіх уладаў як быццам ёсьць зацікаўленасьць да супрацы зь імі:

«Насамрэч я ня бачу нейкіх прычынаў для таго, каб афіцыйны Менск моцна хацеў далучыцца да Рады Эўропы. Такое далучэньне наперш прывядзе да таго, што Беларусь падпадзе пад адказнасьць Эўрапейскага суду па правах чалавека. Беларускія ўлады ў гэтым не зацікаўленыя. А калі ўлічыць, што Рада Эўропы вялікіх грошай не дае, то яе прыцягальная сіла робіцца яшчэ меншай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG