Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг прадпрымальнікаў у Ждановічах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00

Мітынг прадпрымальнікаў у Ждановічах

Прадпрымальнікі страйкуюць

абноўлена

27 чэрвеня на шэрагу рэчавых рынкаў па ўсёй Беларусі адбываецца аднадзённы агульнанацыянальны папераджальны страйк прадпрымальнікаў, незадаволеных новымі правіламі гандлю ў рамках Мытнага зьвязу. Ад 1 ліпеня суб’екты гаспадараньня абавязаныя афармляць сэртыфікаты якасьці на тавары лёгкай прамысловасьці. Працэдура расьцягваецца ў часе, а таксама вымагае значных матэрыяльных выдаткаў. Гандляры заявілі пра адмову фінансаваць чарговы сумнеўны праект і прыгразілі масавым непадпарадкаваньнем. У выніку Міністэрства гандлю пайшло на саступкі, дазволіўшы прадпрымальнікам працаваць паводле звыклай схемы яшчэ год. Аднак у прадпрымальнікаў няма пэўнасьці, што ад 1 ліпеня ўсё будзе па-ранейшаму.

10:05 27.6.2013
Магілёў. На рынку «Грабянёўскі» павільёны, якія гандлююць аддзеньнем, зачыненыя. Працуюць павільёны, дзе прадаюцца бытавая тэхніка, гаспадарчыя тавары, харчы. Прадпрымальнікі сабраліся каля адміністрацыі рынку і абмяркоўваюць свае праблемы.

Рынак «Віленскі» ў Магілёве таксама не працуе.
10:23 27.6.2013
Касьцюковічы. Рынак страйкуе.

Баранавічы. Цэнтральны калгасны рынак і рынак каля вакзалу «Палескі» не працуюць.

Полацак. Прадпрымальнікі Калгаснага рынку ня выйшлі на працу.

Менск, Ждановічы. «Нехарчовы рынак», «Сьвет моды» і палаткі не працуюць.
10:41 27.6.2013
Баранавічы. Прадпрымальнік Мікола Чарнавус кажа, што каля цэнтральнага рынку сабраліся каля 50 прадпрымальнікаў, яшчэ 30 пайшлі да гарвыканкаму, каб перадаць свае патрабаваньні.

«Яшчэ не заходзілі ў адміністрацыю, але міліцыя ўжо падцягваецца», — заявіў Чарнавус.
10:59 27.6.2013
Менск. На Ждановічах сабралася некалькі сотняў прадпрымальнікаў, якія пратэстуюць супраць новых правілаў гандлю ў межах Мытнага Саюзу. З прадпрымальнікамі лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка. Яны вырашаюць, які фармат страйк набудзе далей. Вакол шмат ахоўнікаў, міліцыянтаў.

Анатоль Шумчанка, архіўнае фота
Анатоль Шумчанка, архіўнае фота


Ад гандляроў ужо стала вядома, што адміністрацыя загадала перапісаць усіх гандляроў, якія ня выйшлі на працу ў так званы «чорны сьпіс», і што будзе з гэтымі, так бы мовіць, «сабатажнікамі», пакуль невядома.

А 14-й гадзіне на прыступках Міністэрства эканомікі Анатоль Шумчанка зьбіраецца наладзіць прэс-канфэрэнцыю і дагрукацца да чыноўнікаў, каб пераказаць ім пазыцыю прадпрымальнікаў наконт будучыні Мытнага саюзу. Іх пазыцыя такая, што Беларусі гэта ўтварэньне не патрэбна, бо яно стварае толькі дадатковыя цяжкасьці ў працы.
11:15 27.6.2013
Магілёў. Акрамя рынку, страйкуюць усе гандлёвыя цэнтры. Не працуюць прадпрымальнікі, якія маюць месцы ў гандлёвых цэнтрах. У цэнтры "Магніт" прадпрымальнікі напісалі заявы адміністрацыі, што сёньня ня будуць працаваць. На 80% не працуе гандлёвы цэнтар "Панарама".

Грабянёўскі рынак. Павільёны зачыненыя
Грабянёўскі рынак. Павільёны зачыненыя


Уваход Віленскага рынку
Уваход Віленскага рынку


Зварот прадпрымальнікаў да кіраўніцтва “Магніту” аб тым, што сёньня яны не працуюць
Зварот прадпрымальнікаў да кіраўніцтва “Магніту” аб тым, што сёньня яны не працуюць
11:30 27.6.2013
Горадня. На цэнтральным рынку аднадушша сярод прадпрымальнікаў няма. Ніжняя пляцоўка, дзе гандлююць рэчамі, цалкам пустая. Умовы тут дрэнныя: і летам, і ўзімку — пад паветкамі.

На верхняй пляцоўцы прадпрымальнікі маюць шапікі з ралетамі, дзе прадаецца той жа тавар, што й на ніжняй пляцоўцы — абутак, сподняе, бытавая хімія, касмэтыка. Большая частка «ралетчыкаў» на Цэнтральным не падтрымала страйк, хоць 16 чэрвеня яны ўдзельнічалі ў аднадзённай акцыі пратэсту.

Былі зачыненыя ралеты сёньня і на міні-рынках на вуліцах Паліграфістаў і Антонава. Толькі паасобныя гандляры не праявілі салідарнасьці са страйкоўцамі.



Горадня, рынак на вуліцы Паліграфістаў
Горадня, рынак на вуліцы Паліграфістаў
11:35 27.6.2013
11:37 27.6.2013
Гомель. Усе буйныя рынкі абласнога цэнтру не працуюць — «Прудкоўскі», «Цэнтральны», «Давыдаўскі», «Паркінг», «Сакрэт». Ёсьць некалькі, так бы мовіць, «штрэйкбрэхераў»-рэалізатараў, якія адкрылі свае палаткі і ралеты.

Горадня. На Цэнтральным рынку ніжняя пляцоўка цалкам не працуе. На верхняй пляцоўцы частка гандляроў адкрыла свае ралеты, але бальшыня не працуе. Тое самае і на міні-рынках, што па вуліцы Паліграфістаў і вуліцы Антонава. Большая частка гандлёвых павільёнаў зачыненая.
11:48 27.6.2013
Страйк на рынку ў Полацку
Страйк на рынку ў Полацку
11:57 27.6.2013
Баранавічы. Прадпрымальнік Мікола Чарнавус паведаміў Свабодзе: , у Баранавічах ня выйшлі на працу 1200 прадпрымальнікаў, не працуюць усе рынкі і шмат якія прыватныя гандлёвыя кропкі.

35 прадпрымальнікаў прыйшлі да гарвыканкаму, каб перадаць свае патрабаваньні. Да іх выйшла начальніца аддзелу эканомікі Раіса Ўласовіч.

«Ну што яна магла нам сказаць? Але яна сказала, што ў міністэрстве далі дабро і ёсьць папера, што яшчэ паўгода сэртыфікацыю ўводзіць ня будуць. Але што міністэрства вырашае, калі рашэньне прымалася ў Эўраазіяцкай камісіі?» — кажа спадар Чарнавус.

Каля паўгадзіны прадпрымальнікі пастаялі ля гарвыканкаму. Мікола Чарнавус трымаў плякат «Мы хочам працаваць». Да прадпрымальніка падышоў міліцыянт і папрасіў згарнуць плякат, бо могуць пакараць за несанкцыянаваную акцыю.

Міліцыя сустрэла прадпрымальнікаў ля гарвыканкаму
Міліцыя сустрэла прадпрымальнікаў ля гарвыканкаму

Сход прадпрымальнікаў у Баранавічах
Сход прадпрымальнікаў у Баранавічах


Рынак у Баранавічах страйкуе
Рынак у Баранавічах страйкуе
12:08 27.6.2013
Ждановічы, Менск. Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка абвесьціў падчас кароткага мітынгу , што яны дамагліся, каб 2 ліпеня ў Маскву на паседжаньне Эўразійскай камісіі паехалі прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху. Беларускія прадпрымальнікі будуць уздымаць паслабленьня ўмоваў працы для беларускіх гандляроў.

На мітынгу выступіла начальнік аддзелу гандлю Цэнтральнага раёну Менску Натальля Хмяльніцкая, яна прапанавала прадстаўнікам зацікаўленых структур сустрэцца 28 чэрвеня на рынку Ждановічы і абмеркаваць праблемы.
12:12 27.6.2013
Віцебск. На рэчавым «Полацкім» кірмашы ня выйшлі толькі 40% прадпрымальнікаў.

На «Паўднёвым» кірмашы працуюць усе.

Гандляры тлумачаць свой няўдзел у акцыі пратэсту тым, што ў гэтым месяцы ў Віцебску ўжо быў адзін страйк, калі не працавалі блізу 95% прадпрымальнікаў, і тады пазыцыя наконт новых правілаў гандлю ў межах Мытнага зьвязу была ўжо прадэманстраваная.
12:17 27.6.2013
Берасьце. Паводле падлікаў прадпрымальніцы Алены Кастус, на працу ня выйшлі каля 1300 прадпрымальнікаў.

«Не працуюць буйныя пункты — „Берасьцейскі пасаж“, рынак „Нікольскі“, рынак „Юбілейны“, рынак „Лагуна“, рынак „ЦУМ“ і Варшаўскі рынак. Я ўсе гэтыя рынкі аб’ехала — не працуюць», — заявіла Кустус.
12:28 27.6.2013
Менск. Затрыманы лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка, карэспандэнт Радыё Свабода Ігар Карней, карэспандэнт «Народнай Волі» Алесь Сівы і яшчэ два ці тры чалавекі. Яны ехалі з рынку Ждановічы ў гандлёвы цэнтар «Паркінг». Іх спынілі супрацоўнікі Савецкага РУУС сталіцы і павезьлі, хутчэй за ўсё, у пастарунак. Тэлефоны ўсіх затрыманых адключаныя. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода прадпрымальнік Вячаслаў Піліпчук.

Ігар Карней, архіўнае фота
Ігар Карней, архіўнае фота
12:42 27.6.2013
Ігар Карней паведаміў праз смс: Забралі ў Цэнтральны РУУС Менска.
13:00 27.6.2013
Ігар Карней напісаў, што зь ім разам Алесь Сівы з «Народнай Волі», Натальля Касьцюковіч з tut.by і Анатоль Шумчанка.
13:01 27.6.2013
Гомель. Страйкуюць рынкі Цэнтральны, Прывакзальны, Прудкоўскі

13:02 27.6.2013
Івацэвічы. Прадпрымальнікі рэчавага рынку на працу ня выйшлі, працуе толькі кіёск насеньняў «Палісад».

Рынак у Івацэвічах
Рынак у Івацэвічах
13:07 27.6.2013
Анатолю Шумчанку пры затрыманьні сказалі, што ён затрыманы па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства. Пакуль міліцыя высьвятляе асобы, — піша Ігар Карней у смс з Цэнтральнага РУУС.
13:12 27.6.2013
«Мы прыехалі з Шумчанкам у «Паркінг». Яго пасьвілі. Узялі без разбору», — праведамляе Карней.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG