Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: Пацярпелых ад абстрэлу павінны былі выпісаць зь лякарні


Жыцьцю пацярпелых ад абстрэлу прыпынку грамадзкага транспарту ў Менску нічога не пагражае. 17-гадовы хлопец атрымаў раненьне грудной клеткі ў вобласьць ключыцы, 23-гадовая жанчына параненая ў галаву без пашкоджаньня чэрапа, 31-гадовая жанчына параненая ў шчаку.

Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў распавёў карэспандэнту Свабоды:

«Падлетак быў дастаўлены ў дзіцячы хірургічны цэнтар, а жанчыны дастаўленыя ў 5-ю і 11-ю лякарні. Падлетка і адну жанчыну павінны былі сёньня выпісаць. Магчыма, выпісалі ўсіх, я проста пакуль не валодаю інфармацыяй. Назваць іх прозьвішчы я не магу. Клясыфікацыю траўмаў я пакуль не магу паведаміць, гэтыя зьвесткі знаходзяцца ў матэрыялах крымінальнай справы, якая знаходзіцца ў Заводзкім раённым аддзеле».

Падазраваны ў абстрэле людзей на прыпынку грамадзкага транспарту ў Менску затрыманы і дае паказаньні. Распачата крымінальная справа паводле артыкула «асабліва злоснае хуліганства з прымяненьнем прадмета, які выкарыстоўваўся ў якасьці зброі, у выніку чаго некалькі чалавек атрымалі цялесныя пашкоджаньні».

Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, ён раней быў двойчы судзімы за крадзеж і за разбой, пры ператрусе ў яго знайшлі зброю.

Яшчэ трое сьведак, адпушчаныя пад абавязаньне аб яўцы, даюць паказаньні.

«Яны супрацоўнічаюць са сьледзтвам. Высьветлілася, што яны спрабавалі перашкодзіць гэтаму стралку. Але не змаглі. Яны ідуць у нас як сьведкі. Яны адпушчаныя пад абавязаньне аб яўцы, бо які сэнс трымаць людзей пад вартай».

Злачынства было ўчынена 22 чэрвеня на прыпынку грамадзкага транспарту на Партызанскім праспэкце. Зь легкавіка, які рухаўся ў кірунку да выезду з гораду, было зроблена некалькі стрэлаў, як мяркуецца, — з пнэўматычнай зброі. Трое грамадзян — хлопец і дзьве маладыя жанчыны параненыя і былі шпіталізаваныя. Аўтамабіль з падазраванымі зь месца здарэньня ўцёк. Яго знайшлі ў Менску ў ноч на 23 чэрвеня. Чатырох, што былі ў салёне, затрымалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG