Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над «шпіёнам» Гайдуковым: Маці была ў судзе


Першы дзень суду над Гайдуковым
Першы дзень суду над Гайдуковым

Вольга Гайдукова распавяла, што была сьведкай з боку абароны на судовым працэсе над сынам, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Гайдукова атрымала афіцыйны адказ ад старшыні Віцебскага абласнога суду: на спатканьне з Андрэем яна можа разьлічваць толькі па сканчэньні суду.

Спадарыню Гайдукову апыталі ў судзе 20 чэрвеня.

«Я таксама дала падпіску пра неразгалошваньне, таму нічога падрабязна сказаць не магу. Ды я нічога і не зразумела, у чым вінавацяць Андрэя, з тых пытаньняў, што мне задавалі. Выклікалі мяне ў чацьвер, 20 чэрвеня. Але расказваць асабліва няма чаго. Паглядзела на Андрэя, ён схуднеў, але выглядае нармальна. І трымаецца добра, настрой добры. Даведалася і рашэньне старшыні суду наконт спатканьня. Сказана, што яго могуць дазволіць толькі па сканчэньні судовага працэсу. Навошта я тады пісала заяву? Навошта ён казаў, што нешта можна па ёй вырашыць? Сказаў бы адразу, што па законе — толькі пасьля суду, і я не спадзявалася б дарэмна», — заявіла Радыё Свабода Вольга Гайдукова.

Заяву наконт спатканьня Вольга Гайдукова прывозіла ў Віцебск асабіста яшчэ 14 чэрвеня. Бо тымі днямі старшыня суду паабяцаў праваабаронцу Паўлу Левінаву і каардынатарцы аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяне Севярынец, што абмяркуе магчымасьць спатканьня з судзьдзёй Галінай Урбановіч, што вядзе працэс Андрэя Гайдукова.

Цяпер, калі рашэньне вядомае, застаецца толькі чакаць лістоў, кажа спадарыня Вольга Гайдукова.

«Прыйшла паштоўка, датаваная 18 чэрвеня. 21-га мы перадалі Андрэю харчовую перадачу. Ужо відавочна, што працэс так хутка ня скончыцца», — разважае Гайдукова.

Наступнае пасяджэньне заплянаванае на чацьвер, 27 чэрвеня. Паводле Вольгі Гайдуковай, адвакаты не казалі, што ў гэты дзень прагучыць вырак Андрэю Гайдукову.

Спадарыня Вольга нічога ня можа ўдакладніць і наконт выказваньня старшыні Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валера Вакульчыка пра тое, што ў дачыненьні да Андрэя Гайдукова можа быць зьменены артыкул, паводле якога ад пачатку бала заведзена крымінальная справа. Маці нічога ня ведае пра тое, ці выстаўляе сыну нейкае іншае абвінавачаньне замест ранейшых, паводле двух артыкулаў крымінальнага кодэксу: часткі 1 артыкула 14 — «Замах на злачынства», і часткі 1 артыкула 356 — «Здрада дзяржаве».

Паводле гэтых артыкулаў, 23-гадоваму апэратару наваполацкага «Нафтану» пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня. Андрэя Гайдукова вінавацяць у зборы інфармацыі для замежных спэцслужбаў. Матэрыялы крымінальнай справы падсуднага складаюць 4 тамы.

Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску, нібыта падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, цікавымі для замежных спэцслужбаў. З тае пары ён застаецца пад вартай.

Родныя і сябры ня вераць, што ён займаўся шпіянажам, і тлумачаць ціск з боку КДБ апазыцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненьнем стварыць міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Саюз маладых інтэлектуалаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG