Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі шукаюць Атлянтыду на Докшыччыне


«У пошуках Атлянтыды» — так называецца 9-ты мастацкі пленэр, што праходзіць у Параф’янаве.

Мэта пленэру — захаваньне гістарычнай спадчыны з дапамогай мастацкіх сродкаў. Таму штолета мастакі выпраўляюцца маляваць краявіды ў старажытныя мястэчкі, дзе засталіся хаця б парэшткі архітэктурных помнікаў, надзеі на аднаўленьне якіх амаль няма, а вось магчымасьць захаваць іх для нашчадкаў хаця б у сёньняшнім выглядзе на карцінах — яшчэ ёсьць.

Пленэр у Параф’янаве Докшыцкага раёну праходзіць цягам гэтага тыдня. Заўсёдныя арганізатаркі — полацкія паэтка Лера Сом і мастачка Кацярына Мясьнікова — адзначаюць, што мастакі заўжды знаходзяць падтрымку ў мясцовых людзей, якія дапамагаюць наладзіць побыт і ўмовы для творчасьці.

Кацярына Мясьнікова: «Мастакі прыехалі ў Параф’янава з розных гарадоў: зь Менску, зь Віцебску, Полацку, Наваполацку, Вярхнядзьвінску... Мы жывем у парафіяльным доме, гэта былы клюб. Гэтае месца нам прапанаваў ксёндз Раман. Ён дапамагаў нам і ў бытавых пытаньнях, шмат апавядаў пра цікавыя мясьціны самога мястэчка».
Кацярына Мясьнікова
Кацярына Мясьнікова

З мастакамі сустракаўся мясцовы краязнаўца Кастусь Шыталь. Ён апавядаў пра Параф’янава і пра суседнюю вёску Сітцы, дзе архітэктурныя помнікі — сьведкі беларускай гісторыі — застаюцца ў заняпадзе. Таму місія пленэру — захаваньне гістарычнай спадчыны мастацкімі сродкамі — вельмі актуальная, лічыць спадар Шыталь:

«Бадай што ў кожным мястэчку ёсьць помнікі, якія варта захаваць, каб пра іх ведалі нашчадкі тых, хто тут зараз жыве. Каб турысты маглі іх убачыць. Самыя знакамітыя тутэйшыя помнікі — гэта сядзіба Дамейкаў у Сітцах, якая занепадае, сядзіба сваякоў вядомага нашага асьветніка Ігната Дамейкі, рэшткі сядзіб, капліц... Вось бабуля зь Сітцаў перапісваецца з нашчадкамі Дамейкаў, яна таксама разумее каштоўнасьць гэтае спадчыны. Такіх помнікаў у нас вельмі шмат, і вельмі шкада, калі штогод нешта страчваецца».
Кастусь Шыталь
Кастусь Шыталь

Удзельнікі пленэру пасябравалі зь вяскоўцамі: у Сітцах, як высьветлілася, яшчэ ёсьць тыя, хто памятае паноў Дамейкаў. І адгукаюцца пра іх добра: што не змушалі працаваць да змогі, што былі шчырымі вернікамі. А з прыходам савецкай улады мусілі ўцякаць за мяжу «ад вызваліцеляў» — так сказала мясцовая жанчына менскай мастачцы Натальлі Белавокай:

«Бабуля адна падышла і распавяла, што Дамейкі так сьпешна ўцякалі, што нічога не ўзялі — толькі грошы. А ўсе рэчы — яны сялянам засталіся. Так што ў іх цяпер шмат панскіх рэчаў ёсьць».

Мастакі пішуць краявіды, натурморты зь півонямі, якіх багата ў кожным палісадніку, назіраюць за тутэйшым жыцьцём. І ў кожнага застаюцца дзясяткі замалёвак для далейшае дапрацоўкі. А потым праходзяць выставы па выніках пленэраў — у Віцебску, Менску, іншых гарадах.
Творы сохнуць напярэдадні выставы
Творы сохнуць напярэдадні выставы

Лера Сом, арганізатарка дзевяці пленэраў, гаворыць, што прыцягненьне праз пленэры грамадзкай увагі да неабходнасьці захоўваць спадчыну дае рэальны плён:

«Першы пленэр быў у Лявонпалі, ён прайшоў, дзякуючы Сяргею Панізьніку і ягоным дамам-музэям. У адным з гэтых дамоў і жылі першыя 7 удзельнікаў нашага пленэру. Потым былі Дзісна, Друя, Асьвея, Опса... І вось я даведалася, што неўзабаве пасьля пленэру ў Опсе вырашылі рэстаўраваць палац Плятэраў, цэлы комплекс. Я бачыла гэты праект, ён вельмі добры, дакладны з гістарычнага пункту погляду. Там вырашана ствараць турыстычны аб’ект, і я мяркую, што і мы да гэтага неяк спрычыніліся».
Лера Сом каля парэшткаў сядзібы Дамейкаў у Сітцах
Лера Сом каля парэшткаў сядзібы Дамейкаў у Сітцах

23 чэрвеня пленэр скончыцца. Першымі гледачамі новых твораў стануць жыхары Параф’янава: каля касьцёлу пойдзе імправізаваная выстава. Нехта зь мясцовых пазнае сябе, нехта — родныя мясьціны, а на працягу году пра гістарычную спадчыну Параф’янава і Сітцаў даведаюцца гледачы выстаў у музэях і мастацкіх галерэях Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG