Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне хочуць сьвяткаваць 500 гадоў Аршанскай бітвы


Фрагмэнт карціны «Бітва пад Воршай» невядомага мастака

Народныя дэпутаты Ўкраіны ад партыі «Свабода» ўнесьлі ў парлямэнт праект пастановы Вярхоўнай Рады «Аб адзначэньні 500-х угодкаў бітвы пад Воршай».

У праекце дэпутатаў Алега Панькевіча і Алега Асухоўскага, апублікаваным на сайце Вярхоўнай Рады, адзначаецца, што 8 верасьня 2014 году споўніцца 500 гадоў з часу перамогі аб’яднаных войскаў Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Каралеўства Польскага над войскам Маскоўскага царства ў бітве пад Воршай.

«Гэтая бітва зьяўляецца адной з самых вядомых старонак у гісторыі ўкраінскага, беларускага, літоўскага і польскага народаў, калі іх войска на чале з украінскім князем Канстанцінам Астроскім, у той час гетманам Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, разграміла войска маскавітаў пад Воршай на рацэ Крапіўна. Бітва пад Воршай — гэта досьвед сумесных намаганьняў розных народаў цэнтральнай Эўропы ў барацьбе за сваю свабоду і незалежнасьць».

Аўтары нагадваюць, што ў ходзе бітвы было зьнішчана больш за 30 тысяч маскоўскіх ваяроў, а каля 8 тысяч салдат былі ўзятыя ў палон.

«Сьвяткаваньне гэтай перамогі мае важнае значэньне для патрыятычнага выхаваньня грамадзян Украіны, захаваньня гістарычнай праўды і памяці аб славутым мінулым і велічы ўкраінскай дзяржавы, фарміраваньня пачуцьця гонару за свой народ і зацьвярджэньня Ўкраіны як эўрапейскай дзяржавы», — заяўляюць дэпутаты ў тлумачальнай запісцы да праекту пастановы.

Дэпутаты прапануюць ўрачыста адзначыць 500-годзьдзе ўдзелу Ўкраіны ў бітве пад Воршай. У прыватнасьці для сьвяткаваньня юбілею бітвы яны прапануюць правесьці культурныя захады з прыцягненьнем прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу замежных дзяржаў, міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, выдаць навуковую і навукова-папулярную літаратуру, правесьці папулярызацыю палітычнай і ваеннай дзейнасьці князя Канстанціна Астроскага, іншых выдатных ваеначальнікаў і ўдзельнікаў бітвы пад Воршай, арганізаваць тэматычныя выставы дакумэнтаў, кніг, рэчавых помнікаў, зьвязаных з падзеямі 1514 году.

«Князь Канстанцін Астрожскі», карціна Валянціна і Ляілі Варэца
«Князь Канстанцін Астрожскі», карціна Валянціна і Ляілі Варэца
Апрача таго, у праекце гаворыцца пра стварэньне музэйных экспазыцый, правядзеньне сьвяточных імпрэзаў у ВНУ і вайсковых частках, цыклі тэлеперадач. Прапануецца паставіць помнік князю Астроскаму ў Кіеве, выпусьціць юбілейную манэту.

Тым часам дэпутат Вярхоўнай рады ад партыі «Ўдар» Раман Ванзурак зарэгістраваў праект іншай пастановы аб сьвяткаваньні 675-годзьдзя роду Астроскіх і прапанаваў абвясьціць 2015-ты Годам князёў Астроскіх.

Князі Астроскія былі багатымі і магутнымі землеўладальнікамі ў Вялікім княстве Літоўскім. Іх фамільнае гняздо — Астроскі замак у горадзе Астрог (цяпер — Ровенская вобласьць Украіны).

«Княскі род Астроскіх праз свой актыўны ўдзел і ўплыў на працэсы, якія адбываліся на Русі і Ўкраіне ў часы Літоўска-Рускай дзяржавы, заваяваў міжнародную славу і прызнаньне. Неацэнная духоўная спадчына роду Астроскіх, іх унёсак у дзяржаўныя, ваенныя і культурныя традыцыі ўкраінскага народу», — заяўляе дэпутат «УДАРу» ў тлумачальнай запісцы.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Раман Ванзурак таксама прапануе ўсталяваць у Кіеве помнік князям Астроскім, прысвоіць сталічнаму бульвару або вуліцы назву «Князёў Астроскіх», выпусьціць юбілейную манэту і паштовую марку.
XS
SM
MD
LG