Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздраў пазбавіў ліцэнзіі 12 прыватных мэдцэнтраў

абноўлена

Міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко заявіў, што ў краіне ўжо праверана дзейнасьць 260 мэдычных цэнтраў, 12 зь якіх пазбаўленыя ліцэнзіі.

Праверка закранула ўсе віды мэдычнай дзейнасьці — хірургію, гінэкалёгію, стаматалёгію ды іншыя.

У пазбаўленых ліцэнзіі мэдцэнтрах, паводле міністра, былі парушэньні, якія «маглі адбіцца на здароўі і жыцьці людзей».

Паводле Жарко, таксама быў пазбаўлены ліцэнзіі цэнтар, які не дапусьціў прадстаўнікоў міністэрства да праверкі, паведамляе Інтэрфакс.

Праверка мэдычных цэнтраў пачалася пасьля сьмерці пацыенткі Юліі Кубаравай, якой зрабілі плястычную апэрацыю па карэкцыі формы носа ў менскім камэрцыйным мэдцэнтры «Экамэдсэрвіс». Пасьля апэрацыі дзяўчына не прыйшла ў прытомнасьць. Па гэтым факце распачата крымінальная справа.

Міністар удакладніў, што ўсяго было праверана 260 мэдцэнтраў.

Начальнік упраўленьня па ліцэнзаваньні Міністэрства аховы здароўя Сьвятлана Ганчарык адмовілася пералічыць карэспандэнту Свабоды назвы 12 мэдцэнтраў, якія пазбаўленыя ліцэнзій.

«Уся афіцыйная інфармацыя на сайце міністэрства, чытайце ў прэс-рэлізах».

Карэспандэнт: «Яна ёсьць?Там пералічаныя гэтыя мэдцэнтры?»

Ганчарык: «Не адказваю за прэс-рэлізы Міністэрства аховы здароўя. Я думаю, што ўся афіцыйная інфармацыя, якую Міністэрства аховы здароўя лічыць за неабходнае разьмяшчаць, у тым ліку ў любых СМІ, там утрымліваецца».

Карэспандэнт: «Дык вы ня будзеце паведамляць, якія гэта мэдцэнтры?»

Ганчарык: «А каму я павінна паведаміць? Дзе мае абавязкі паведамляць прэсе пра бягучую працу Міністэрства аховы здароўя? Чаму я вам павінна даваць гэтую інфармацыю?»

Карэспандэнт: «Тады скажыце мне як грамадзяніну Беларусі, каб я туды не зьвяртаўся».

Ганчарык: «Мы ж з вамі не грамадзяне, што сядзім у кафэ і разважаем пра жыцьцё. Мы на працоўным месцах, і кожны выконвае свае абавязкі. У мяне няма абавязку паведамляць вам праз тэлефон нейкую службовую інфармацыю аб працы міністэрства».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG