Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мара» ў Вашынгтоне: «Каб пра Беларусь не забываліся»


Паказ фільму "Беларуская мара" ў Вашынгтоне. Удзельнічаюць Robert Nurick, Susan Corke, Rodger Potocki
Паказ фільму "Беларуская мара" ў Вашынгтоне. Удзельнічаюць Robert Nurick, Susan Corke, Rodger Potocki

Дакумэнтальны фільм Кацярыны Кібальчыч «Беларуская мара», прысьвечаны драматычным падзеям пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ў Менску, ізноў паказвалі ў Вашынгтоне.

Паказ фільму арганізавала суполка, назву якой можна перакласьці як «Афіцыянты і паэты» (так названая у гонар паэта Лянгстана Г’юза, які пачынаў працаваць памочнікам афіцыянта). Сярод арганізатараў паказу — Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, Злучаны Балтыйска-Амэрыканскі Нацыянальны Камітэт і Фрыдам Гаўз (Freedom House).

Сярод гасьцей былі дыпляматы, палітычныя аналітыкі, журналісты, супрацоўнікі НДА, якія займаюцца Беларусьсю.

Пасьля паказу адбылася дыскусія і ўдзельнікі прагляду далі інтэрвію Радыё Свабода.

Сюзан Корк, дырэктар праграм для Эўразіі, Фрыдам Гаўз:

«Нельга, каб беларусы расчараваліся»


Сюзан Корк
Сюзан Корк
Сюзан Корк: Ужо другі раз мы арганізуем такі паказ. У сьнежні тут была дэлегацыя зь Беларусі, і фільм зрабіў сапраўды моцнае ўражаньне. Мэта гэтага паказу — падвысіць увагу да Беларусі, невялікай краіны ў цэнтры Эўропы, на чале якой ужо 19 гадоў стаіць дыктатар. Людзі забываюць, у якіх умовах жыве беларускі народ. І дэманстрацыя фільму ізноў вяртае да жыцьця гэтую тэму. І цяпер мы паказваем гэты фільм другі раз — першы быў для беларускай аўдыторыі, цяпер для іншай, амэрыканскай. Каб патлумачыць, што гэта значыць, калі ня можаш выбіраць, ня можаш свабодна выказваць сваю думку, свабодна выйсьці на вуліцу. Кіно робіць моцны візуальны акцэнт.


Фільм "Беларуская мара"

Рэйтынг Беларусі не мяняецца, яна застаецца «несвабоднай краінай». І наша пазыцыя застаецца нязьменнай — пакуль у Беларусі ня вызваляць усіх палітзьняволеных і не адновяць іх правы, пакуль ня зьявіцца прастора для грамадзянскай супольнасьці і палітычных свабодаў, не павінна адбывацца пашырэньня ў адносінах зь Беларусьсю, у абяцаньнях. Гэта нязьменныя патрабаваньні.

Карэспандэнт: Крытыкі кажуць, што ўрад ЗША апошнім часам ня надта шмат увагі надае Беларусі — Беларусь ня ёсьць прыярытэтам сёньня.

Сюзан Корк: Так, відаць, можна сказаць. Я працавала ў Дзярждэпартамэнце, і Беларусь сапраўды не зьяўляецца прыярытэтам. Гэта адна з прычынаў, чаму мы праводзім такія мерапрыемствы, каб нагадаць, што ёсьць прычыны, паводле якіх Беларусь застаецца важнай. З чыста чалавечага пункту гледжаньня, напрыклад. Апроч таго, дыктатура ў цэнтры Эўропы ўяўляе пагрозу краінам-суседкам. Мы хочам, каб пра гэта не забываліся, і нагадваем тым, хто прымае палітычныя рашэньні, што беларусы глядзяць на Захад з надзеяй, што мы падтрымаем іх у жаданьні дэмакратычных пераменаў. Нельга, каб яны расчараваліся.


Паказ "Беларускай мары" ў Вашынгтоне
Паказ "Беларускай мары" ў Вашынгтоне



Алеся Кіпель, старшыня БАЗА ў Вашынгтоне:

«Краіна якая заслугоўвае увагі амэрыканцаў»


Алеся Кіпель: Задача БАЗА заўсёды было інфармаваньне амэрыканскай грамадзкасьці пра Беларусь, пра гісторыю, палітычныя справы. І мы маем на мэце працаваць з палітычнай супольнасьцю тут, у Вашынгтоне, расказваць пра сябе, пра праблемы ў беларусі, як мы, беларускія амэрыканцы, ацэньваем сытуацыю, як яна ўплывае на ЗША і што б мы хацелі. Такім чынам, мэта — інфармаваць тых, хто займаецца Беларусьсю, пра тое што робіцца. Мы хочам, каб людзі атрымалі выразнае ўяўленьне што Беларусь у Эўропе, гэта эўрапейская краіна са сваёй уласнай гісторыяй, сваімі праблемамі, якія адрозьніваюцца ад расейскіх. Што ёсьць празаходнія настроі, людзі хочуць дэмакратыі, свабоды, павагі да правоў чалавека гэтаксама, як і мы ў ЗША ды ў іншых дэмакратычных эўрапейскіх краінах. Мы б хацелі, каб людзі памяталі, што Беларусь — ня проста суседка Расеі, а незалежная краіна і яна заслугоўвае ўвагі амэрыканцаў.


Роджэр Патоцкі, дырэктар у справах Эўропы Нацыянальнага Фонду Дэмакратыі ЗША:

«Расея патрабуе Беларусь як буфэр»


Роджэр Патоцкі
Роджэр Патоцкі
Роджэр Патоцкі: Для нас, тых, хто займаецца Беларусьсю, 2010-11 быў быццам учора. Фільм пакідае дзьве супярэчлівыя высновы. Адна — гэта спадзяваньне, што стаўленьне людзей, іх разуменьне зьмянілі беларусь, нягледзячы на жахлівыя рэпрэсіі 2010-11 гадоў. Але важна памятаць, што такое адбылося ў Беларусі не ўпершыню. Вельмі падобная сытуацыя была ў 2006-м, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў паўстаў намётавы лягер, і гэты, падобны да ўкраінскага майдану пратэст быў брутальна разгромлены. Такім чынам, мы ўжо перажылі пару бурных выбараў у Беларусі, і цікава, які яны мелі эфэкт. Я думаю, што фільм часткова мае рацыю, часткова — не.

Напрыканцы 2011 году рэйтынг Лукашэнкі быў каля 25%. Бальшыню яго васямнаццацігадовага кіраваньня падтрымка была 50-60%. І фільм сьведчыць пра некаторыя прычыны — савецкая настальгія, пачуцьцё, што раней было лепш. Але трэба зразумець, чаму дыктатар папулярны. У Беларусі найвышэйшыя пэнсіі, зарплаты, сацыяльныя выдаткі на постсавецкай прасторы. Лукашэнка сапраўды больш інвэставаў у людзей і дзяржаву, у параўнаньні з Расеяй, Ўкраінай ды іншымі краінамі. Пасьля фінансавага крызісу 2011 году, яго папулярнасьць драматычна ўпала, але сёньня яна ізноў каля 40%. Такім чынам, пытаньне, наколькі насамрэч нешта зьмянілася ў галовах людзей, — важнае і вартае абмеркаваньня.

БАЗА раздавала прысутным бел-чырвона-белыя бранзалеткі
БАЗА раздавала прысутным бел-чырвона-белыя бранзалеткі
Другі кантраст — гэта роля Захаду і роля Расеі. У Лукашэнкі і Пуціна не найлепшыя адносіны. Але зноў і зноў мы бачым, як Расея падтрымлівае Лукашэнку. У лістападзе 2011 Расея прадставіла плян дапамогі на дзясяткі мільярдаў даляраў. І сёньня расейскія субсыдыі падрымліваюць беларускія ўлады.

І ня проста таму, што Лукашэнка і Пуцін шмат у чым падобныя. Расеі патрэбная Беларусь як буфэрная зона. Беларусь мяжуе з трыма дзяржавамі НАТА і Эўразьвязу. Гэта адзінае месца ў былым Саюзе, дзе Расея можа паставіць свае ракеты, сваё войска, авіябазу. Расеі патрэбная Беларусь, і яна гатовая плаціць. Ці гэта зьменіцца? Трэба глядзець. Тры мільярды, якія міністры Сікорскі і Вэстэрвэле прапанавалі Лукашэнку — дробязь, у параўнаньні з тым, што дае Расея штогод.

Захад увёў санкцыі супраць рэжыму — эканамічныя, візавыя — але нічога такога, што б сапраўды заціснула рэжым. І не прапанаваў нічога такога, што б магло адвярнуць рэжым ад Масквы.

Гэтае супрацьпастаўленьне зроблена ў фільме і яно захоўвае сваю справядлівасьць.

Яшчэ адна рэч, гэта разьяднанасьць апазыцыі. І зараз, напярэдадні выбараў 2015 году, паўстае пытаньне, ці будзе адзіны кандыдат ці некалькі, ці НДА і грамадзянская супольнасьць будуць браць палітычны ўдзел у прыняцьці гэтых рашэньняў, ці застануцца ўбаку, ці проста будуць апатычныя.

Пытаньне, куды ідзе Беларусь, сапраўды важнае. Ня толькі для беларусаў — для цэнтральнай Эўропы, для трансатлянтычных адносінаў. І гэта добра паказана ў фільме».

Фільм «Беларуская мара» можна паглядзець ТУТ

фота і тэкст: Рычард Солаш
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG