Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія чыноўнікі адмовіліся сустракацца з прадпрымальнікамі


Cтыхійны страйк прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Горадні 16 чэрвеня, асудзіў кіраўнік абласной арганізацыі прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Садружнасьць» Валянцін Бранцэвіч.

Бранцэвіч зьвінаваціў удзельнікаў страйку ў тым, што яны сарвалі дыялёг з уладамі па найбольш складаных сёньняшніх праблемах, у прыватнасьці — аб увядзеньні з 1 ліпеня абавязковай сэртыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасьці. Праўда, сам жа дадаў, што гэтая праблема вырашаецца не на мясцовым узроўні, бо пагадненьне падпісанае ў межах Мытнага зьвязу Беларусі, Расеі і Казахстану.

Ён заявіў, што праца па разьвязаньні найбольш значных праблемаў прадпрымальніцтва на абласным і гарадзкім узроўні з уладамі праводзіцца рэгулярна і з боку мясцовых уладаў існуе разуменьне праблемаў, але, маўляў, каб без пасярэднікаў данесьці гэтыя праблемы на самы верх, варта было б мець дыялёг з старшынём аблвыканкаму.

Бальшыня ўдзельнікаў сходу гэтай думкі не падтрымала. Прадпрымальнікі заяўлялі, што да гэтага іх змушаюць абставіны і яны наагул ня ведаюць, як працаваць ужо заўтра, бо ўлады ігнаруюць іхнія праблемы.

На сходзе прафсаюзны кіраўнік зачытаў ліст з прапановамі да намесьніка кіраўніка ўраду Пятра Пракаповіча, каб праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў былі разгледжаныя на ўзроўні ўраду. Было прынята рашэньне аб пераабраньні Радаў на ўсіх гарадзенскіх рынках.

16 чэрвеня ў Горадні страйкавалі гандляры рынкаў «Цэнтральны» і «Паўднёвы». Такім чынам прадпрымальнікі выказвалі пратэст супраць увядзеньня ўрадам Беларусі з 1 ліпеня чарговай абавязковай сэртыфікацыі тавараў.

Прадпрымальнікі перакананыя, што гэта прывядзе найперш да «вымываньня» з продажу танных тавараў і значнага падаражэньня іншых. А значыцца, шмат каму давядзецца закрыць свой бізнэс.

Цяпер дастаткова мець сэртыфікат, які выдае фабрыка альбо той аптовы прадавец, у якога тавар купляўся. Аднак з 1 ліпеня ўсё кардынальна зьмяняецца. Пасьля стварэньня Мытнага зьвязу Расеі, Казахстану і Беларусі сэртыфікат якасьці згодна з Адзіным мытным рэглямэнтам можна браць толькі ў спэцыяльных цэнтрах. На кантроль для атрыманьня сэртыфікату трэба прынесьці як мінімум пяць узораў.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG