Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер Чэхіі сыходзіць у адстаўку з-за карупцыйнага скандалу


Пэтр Нэчас

Прэм’ер-міністар Чэхіі Пэтр Нэчас абвясьціў пра намер падаць у адстаўку — у сувязі з карупцыйным скандалам, які разгарэўся ў апошнія дні вакол людзей зь яго бліжэйшага атачэньня.

Як заявіў Нэчас вечарам у нядзелю, ужо ў панядзелак ён афіцыйна паведаміць аб адстаўцы прэзыдэнту Чэхіі Мілашу Зэману.

«Я цалкам усьведамляю, як пэрыпэтыі майго асабістага жыцьця апошнім часам ускладняюць палітычную сцэну і ODS. Я вельмі ўважліва сачыў за разьвіцьцём палітычнай сытуацыі, якое адбывалася ад серады. Я таксама ўсьведамляю, якія гэта мае для мяне наступствы. Я хачу падкрэсьліць, што ўсьведамляю сваю палітычную адказнасьць, і таму раблю адпаведныя высновы», — сказаў Пэтр Нэчас.

Адстаўка прэм’ера азначае роспуск усяго кабінэту. Прадстаўнікі кіроўнай кааліцыі вядуць перамовы аб далейшых кроках.

Магчымыя два варыянты — захаваньне кааліцыі з тым, што прэм’ер-міністрам стане хто-небудзь з паплечнікаў Нэчаса па Грамадзянскай дэмакратычнай партыі, альбо дамоўленасьць зь левай апазыцыяй аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах.

У ноч на чацьвер паліцыя затрымала некалькіх высокапастаўленых чыноўнікаў па абвінавачваньні ў карупцыі ды іншых злачынствах, у тым ліку кіраўніка апарату прэм’ера. У скандале таксама фігуруюць найвышэйшыя чыны ваеннай выведкі.

Шасьцёх падазраваных суд пастанавіў узяць пад варту.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG