Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Класкоўская вядзе турэмны дзёньнік


Вольга Класкоўская

Плянуецца, што суд над Вольгай Класкоўскай — беларускай, якая знаходзіцца ў швэдзкай турме, — пройдзе 4-5 ліпеня. Пра гэта яна сказала ў тэлефоннай размове з маці — гэта быў першы тэлефонны званок за амаль тры месяцы ўтрыманьня пад вартай.

Пра затрыманьне 30-гадовай Вольгі Класкоўскай па падазрэньні ў замаху на забойства мужа стала вядома 2 красавіка. Цяпер яна знаходзіцца ў турме недалёка ад Стакгольму. Што новага на гэты момант у справе Вольгі, мы даведаліся ад ейнай маці — Людмілы Класкоўскай.

Класкоўская: Вользе адмянілі рэжым жорсткай ізаляцыі. Да гэтага яна сядзела ў блёку для суіцыднікаў, гэта рэжым жорсткага адзіночнага ізаляваньня, а зараз за прыкладныя паводзіны рэжым зьмякчылі. Камэра таксама адзіночная, але Волечка выходзіць на прагулкі, але самая вялікая радасьць — гэта мажлівасьць стасункаў зь іншымі вязьнямі, жанчынамі. У тым ліку там нямала прадстаўнікоў з СНД, у тым ліку з Малдовы і Расеі. Яна шмат чытае, а таксама вядзе турэмны дзёньнік.

Радкевіч: Яна піша літаратурныя нататкі ці занатоўвае дзень за днём тое, што адбываецца?

Класкоўская: Яна піша сваю драму — ад пачатку прыезду ў квітнеючую сацыяльную краіну і да сёньня. Яна дакумэнтальна пацьвярджае, што адбывалася, што яна адчувае. Будзе пісаць кнігу пра ўсё гэта.

Радкевіч: Я дарэчы павінна нагадаць, што Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтар заснавалі прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні.

Класкоўская: Вольга яшчэ паведаміла, што самы вялікі боль — разлука з дзецьмі. Яна сказала, што калі за Міраславу яна спакойная, бо яна на радзіме з намі, дык пра лёс Адама, якому 2 ліпеня будзе годзік, ёй нічога не вядома. Пракурор ня даў дазвол на спатканьне з сынам, пра што хадайнічала кіраўніцтва СІЗА, але бацька Адама не дазваляе гэтага.

Радкевіч: А якія прагнозы?

Класкоўская: Адвакат сказаў, што трэба рыхтавацца да тэрміну зьняволеньня — 2-4 гады. І яна гатовая да гэтага.

Радкевіч: Дарэчы, Вольга з адвакатам гаворыць празь перакладніка?

Класкоўская: Вольга вельмі добра валодае ангельскай мовай, яна у Менску хадзіла ў адмысловую клясу, і таму у яе ніякіх праблемаў у маўленьні ці чытаньні няма.

Радкевіч: Вольга выказвала пажаданьне, каб яе дэпартавалі ў Беларусь. Калі суд асудзіць яе на пазбаўленьне волі, дзе б яна хацела адбываць пакараньне — у Швэцыі ці ў Беларусі?

Класкоўская: У кожным лісьце яна піша: «Мамачка, я вельмі хачу дамоў. Трэба было спачатку згубіць Радзіму, потым свабоду, каб зразумець, што такое Радзіма. Я сабе зараблю на лесапавале, але толькі дома». Бо хто там да яе будзе наведвацца?

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG