Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёc маладэчанскага гармоніка


Двухпавярховы выцягнуты будынак у цэнтры Маладэчна на вуліцы Варлынца аблеплены разнастайнай рэклямай. Тут і крамы, і майстэрні, і офісы. Але мала хто з маладзёнаў ведае, што гадоў трыццаць таму тут месьцілася адна з самых славутых беларускіх фабрык. Маладэчанская фабрыка музычных інструмэнтаў.

Яе ўзьнікненьне ў паваеннай Беларусі можна назваць цудам. Бо не было б тут ніякай вытворчасьці, калі б не адзін чалавек. Мікалай Суднік зь вёскі Суднікі. Чалавек унікальнага лёсу. Раўналетак стагодзьдзя, які авалодаў майстэрствам граньня яшчэ падлеткам, падчас Першай усясьветнай вайны. У Другую ўсясьветную быў вывезены ў Нямеччыну. Там жа ў 45-м быў прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі. Пасьпеў паваяваць у артылерыі. І па вяртаньні ў Беларусь асеў у Маладэчне, каб заняцца ўлюбёнай справай. Вырабляць і рамантаваць гармонікі. Слава пра якія пайшла па ўсім навакольлі. Пасьля зьявілася свая арцель. А ўжо на аснове яе партыйнае кіраўніцтва вырашыла заснаваць вялікую вытворчасьць.

Успамінае пэнсіянэрка Соф’я Брацук, былая старшыня прафсаюзу фабрыкі.

— У 1947-м годзе ён пасьля дэмабілізацыі прыехаў у наш горад. Арганізаваў арцель па рамонце музычных інструмэнтаў. Два чалавекі ў яго працавалі. І ў 55-м годзе 25 чалавек паслалі ў Тулу, каб адкрыць у Маладэчне фабрыку музычных інструмэнтаў. А ініцыятарам быў Суднік.

У 48-м годзе свой першы ў жыцьці гармонік у Судніка набыў Сяргей Жабінскі. Былы музыка і настройшчык. Падцягнуты, усьмешлівы, у элегантным капелюшы стары спадар.

— Ён сам рабіў гармонікі?

— Сам. І мяхі сам рабіў, і акорд. Я ў яго першы свой гармонік купіў. Ня помню, колькі заплаціў. Я ўжо ня помню, чым плаціў. Гарэлкай ці грашыма. Ён любіў у меру.

— Як адзін чалавек можа зрабіць гармонік? Там жа мэталічныя дэталі, корпус, мяхі.

— І ня ўсякая драўніна падыйдзе. Каб гучаў інструмэнт. Лента галасавая. Яны яе недзе куплялі, маткі такія, як спружынка. І рабілі напільнікамі розныя галасочкі. І ўсё сам. І кляпаў, і падпільваў. Настолькі быў прафэсійны. Мяхі сам рабіў.

Я зусім не сумую па часах Савецкага Саюзу. І мазгамі разумею, што гармонікі ў тых колькасьцях ня мелі шанцаў на жыцьцё. Але слухаць былых майстроў усё адно балюча. Слова спадарыні Соф’і.

— Фабрыка грымела. Асабліва дзіцячыя мы выпускалі акардэончыкі, гармонікі. Гармонікаў мы выпускалі многа відаў.

— Ён сам любіў граць?

— Любіў. Народныя асабліва. «Лявоніху», «Крыжачок», розныя песьні.

— А вашы гармонікі разыходзіліся па Беларусі?

— Па ўсяму Саюзу. А дзіцячыя нават на Польшчу ішлі. Каб вы бачылі тыя гармонікі! Па сто штук у дзень адпраўлялі. У нас працавала дзьве з паловай тысячы людзей. У 80-я, у брэжнеўскія часы.

Але справа гарманіста Судніка працягвае жыць і па сёньня. У выглядзе фірмы «Зонта», якая ня робіць гармонікаў. Тут вырабляюць канцэртныя баяны і акардэоны. Стары майстар Міхаіл Сіцько, удумлівы, нясьпешны інтэлігент, чалавек яшчэ з той, старой фабрыкі, паказвае мне галоўную дэталь інструмэнта, дзякуючы якой баян можа стаць арганам.

— Самае галоўнае, каб добрая клявіятура была. Каб музыку не ламаць пальцы. І добры гук. А добры гук — гэта ўменьне майстра. Трэба шмат гадоў вучыцца. Мне прыйшлося 7 гадоў вучыцца.

— Справа не ў матэрыяле? Справа ў руках?

— Так. Абсалютна. З аднаго матэрыялу робіцца аўтамабіль «Запарожац», і з таго ж самага жалезьзя робіцца «Бэнтлі» ці «Мэрсэдэс». Матэрыял адзін і той самы. Галасавая сталь. (Грае.) Вось так яна гучыць.

— Як называецца гэтая дэталь, якую вы трымаеце ў руках?

— Гэта рэзанатар, які пасьля ўстаўляецца ў інструмэнт. Вось гэтыя галасавыя язычкі. І сам рэзанатар — з рэзананснай елкі. Сюды паступае паветра. І баян — як мае быць.

— А колькі чалавек засталося з былой фабрыкі?

— Тры чалавекі. Я раблю гук. Настройшчык яго настройвае. Таксама вельмі тонкая работа. Ёсьць прыборы, кампутарныя праграмы. Але вуха — самае галоўнае. Настройшчык ня тое што можа рабіць добра. Ён ня можа рабіць кепска.

Намесьнік дырэктара па збыце, дзелавіты спадар Уладзімір Стасевіч пазнаёміў мяне з вытворчасьцю. У невялікім памяшканьні памерам са школьную аўдыторыю засяроджана працавала пара дзясяткаў чалавек. Зразумець, што яны робяць будучыя баяны, зь першага позірку нерэальна. Настолькі дробныя дэталькі ў руках.

— Раней магчымасьцяў у людзей было значна болей. Раней чэргі стаялі на гэтыя інструмэнты. Каб купіць тут такі інструмэнт, трэба было прастаяць чатыры гады. Паколькі гэта ручны інструмэнт, ён рабіўся тры месяцы. Раней патрэбнасьці і магчымасьці былі большыя, чым цяпер.

— Колькі цяпер каштуе баян?

— 70 мільёнаў — гэта цана базавай мадэлі. У нас тры лінейкі інструмэнтаў. Для музычных школ — канцэртныя інструмэнты. Ёсьць інструмэнт, каб пасьпяхова займацца ў старэйшых клясах музычнай школы. Мы яго называем — інструмэнт для дзяўчат. Ну, і вялікі канцэртны інструмэнт. Які дазваляе фактычна граць усё, што заўгодна. Перадаваць гучаньне клявэсіннай музыкі, і арганнай, і народнай.

Аднаго маладога майстра я ўсё ж адцягнуў ад працы. Вадзім Латаголец зьбіраў з паяльнікам электронны інструмэнт.

— Мне пашчасьціла на такой фабрыцы працаваць. Калі б мне не падабалася, я б не працаваў. Як я аматар музыкі, мае жаданьні і інтарэсы супалі з маёй працай.

— Вы ня лічыце, што ў вас праца манатонная?..

— Манатонная — гэта цьвікі забіваць. Тут устаноўка электронікі, затым яе праграмаваньне, затым настройка электронікі. Гэта ўсё разнастайная праца. Гэта творчая праца, якая спалучае некалькі прафэсій. Трэба і зборку ведаць, і электроніку ведаць. Многа нюансаў.

На сьцяне ў Міхаіла Сіцько вісяць афішы баяністаў зь міжнародных конкурсаў. Гонар сапраўднага майстра.

— Адзін баян у Аўстраліі, адзін у Англіі, многа баянаў у Бэрліне, у Пецярбургу, і тры баяны ў Кітаі. Тры баяны купілі кітайцы. Прадаць нешта ў Кітай — гэта ўсё роўна што прывезьці вугаль у Данбас і там яго прадаць. Тут трэба разумная доля фанатызму, і атрымаецца добры інструмэнт. Калі проста адрабіць ад званка да званка — нічога ня будзе.

На ўсіх кантынэнтах Зямлі сёньня гучаць высакаякасныя беларускія баяны і акардэоны. Гэтым варта ганарыцца. Але і варта памятаць імя чалавека, які па вайне паклаў пачатак гэтаму гонару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG