ПАДЗЕІ ДНЯ
У Гомелі ў гатэлі «Замкавы» пройдзе чарговае ток-шоў кампаніі «Будзьма беларусамі!» Размова на тэму — як прасоўваць свой культурніцкі праект.
У сталічнай кнігарні логвінаЎ адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Усьмешка жалобнай каралевы», раману —фантазіі Сержука Мінскевіча паводле беларускай міталёгіі. Аўтар таксама зайграе на гітары.
У Менску адкрываецца чарговая сэсія Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі.
У Маскве пачнецца двухдзённы грамадзянскі саміт Групы 20.У яе ўваходзяць 19 найбольш прамыслова разьвітых краінаў сьвету і Эўразьвяз.
У Нью-Ёрку адкрыецца фэстываль фільмаў праваабарончай тэматыкі Human Rights Watch, сярод прэм’ераў — фільм, прысьвечаны гурту Pussy Riot.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1508 — паспалітае рушэньне ВКЛ выйшла зь Ліды для дзеяньняў супраць маскоўскіх войскаў.
1611 — войскі Рэчы Паспалітай пасьля амаль двухгадовай аблогі ўзялі Смаленск.
1908 — упершыню жанчыны прынялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях сучаснасьці.
1941 — у Латвіі, Літве і Эстоніі, нядаўна далучаных да СССР, пачаліся масавыя дэпартацыі насельніцтва ў Сібір.
1966 — Ватыкан адмяніў «Індэкс забароненых кніг», уведзены ў 1557 годзе.
2009 — у Беларусі ўпершыню праведзеная апэрацыя перасадкі ныркі дзіцяці ад яго сваякоў.
У гэты дзень нарадзіліся:
1702 — Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», вялікалітоўскі дзяржаўны дзяяч, мэцэнат.
1834 — Канстанцін Вераніцын, аўтар паэмы «Тарас на Парнасе».
1928 — Джон Нэш, адзін са стваральнікаў тэорыі гульняў, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы.
1944 — Пан Гі Мун, паўднёвакарэйскі дыплямат, цяперашні генэральны сакратар ААН.
У гэта дзень памерлі:
1231 — Антоні Падуанскі, партугальскі францысканец, тэоляг, каталіцкі сьвяты.
1943 — Юльян Саковіч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.
1965 — Марцін Бубер, нямецка-габрэйскі філёзаф.
1971 — Сяргей Прытыцкі, палітычны дзяяч Заходняй Беларусі і БССР, лідэр КПЗБ.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Памысліў я тады нямнога:
Што за шайтан Парнас такі?
Пусьціўся я проста той дарогай,
Узяўшы ў рукі добры кій.
Прайшоў вёрст дзевяць той дарогай,
Аж бачу я — гара стаіць,
А пад гарой народу многа,
Як бы кірмаш які кішыць.
Прыйшоў я бліжэй, што за ліха:
Народ ня просты, ўсё паны.
Хто дужа шпарка, хто паціху,
Усе лезуць на гару яны
І, як у школе, галасуюць,
Гатоў адзін другого з’есьць,
Бо кожны морду ўперад суець,
Каб першым на гару ўзлезьць.
З паэмы «Тарас на Парнасе»