Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Admova.by заклікае ратаваць беларускую мову


У сеціве зьявіўся некамэрцыйны праект, які прыцягвае ўвагу «да паміраючай беларускай мовы».

У нядзелю на сэрвісе YouTube у інтэрнэце выклалі відэаролік «Куды зьнікла прыгажосьць?», які ў яркіх мастацкіх вобразах дэманструе трывожны шлях беларускай мовы ад росквіту ў мінулым у нябыт, які пагражае ў будучыні. Гэтыя два полюсы ўвасабляюць прыгажуня ў нацыянальным строі і скрываўленая зомбі.




Пасьля прагляду роліка, які ня можа ня ўразіць, кожны можа па выкладзенай пад ім спасылцы admova.by зайсьці на сайт, які заклікае ратаваць беларускую мову ад сьмерці. Прычым кожны карыстальнік можа пачаць зь сябе, з выкарыстаньнем лічбавых тэхналёгій далучыцца да праекту, выбіраць і вымаўляць беларускія словы. І зьнябытая мова, увасобленая ў жаночай постаці, на вачах адраджаецца.

Яркі праект, які ўжо знайшоў водгук у карыстальнікаў, ажыцьцявіла менская студыя Aguru Digital Agency.

Агенцтва займаецца лічбавымі праектамі, сайтамі, рэклямай у сеціве. Яго кіраўнік Максім Дзінман распавёў карэспандэнту Свабоды, што праект Admova.by, які носіць сацыяльны, некамэрцыйны характар, скіраваны на тое, каб як мага больш людзей зразумела небясьпеку, якая стаіць перад роднай мовай:

«Згодна са зьвесткамі Белстату, толькі 27 працэнтаў беларусаў размаўляе на роднай мове, ЮНЭСКА занесла беларускую мову ў сьпіс нестабільных і паміраючых. Усе мовы, на якіх гаворыць меней за 30 адсоткаў насельніцтва краіны, зьяўляюцца нестабільнымі».

Праект існуе толькі суткі, але цікавасьць да яго ўжо заўважная. Максім кажа, што мае ў плянах удасканаліць свой моўны праект, а таксама выйсьці ў оф-лайн, зладзіць вулічную акцыю ў падтрымку роднай мовы:

«Мяне вельмі радуе, што гэтым можна дастукацца да людзей».

Максім і ягоныя калегі з Aguru Digital Agency самі ў штодзённым жыцьці пакуль не карыстаюцца беларускай мовай, прызнаў спадар Дзінман:

«Але калі мы пачалі рабіць гэты праект, мы вельмі моцна задумаліся. Таму я думаю, што мы і будзем першымі, хто павінен адгукнуцца. І мы заклікаем задумацца ўсіх іншых беларусаў. Я быў бы толькі рады, калі б у нашай краіне ўсе размаўлялі на беларускай мове. Украіна гэтаму вельмі добры прыклад, калі прыяжджаеш у Кіеў, адразу адчуваеш дух, які стварае мова. Мова — гэта наша тоеснасьць, гэта вельмі добра, калі нацыя гаворыць на сваёй мове».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG